«Зацюканы апостал»

Умоўнасць часу і месца дзеяння

Знаёмячы чытача з героямі твора, драматург падкрэсліваў як «вельмі важную дэталь» тое, што ўсе яны імпартныя, жывуць за мяжой. Некаторыя крытыкі з гэтай прычыны абвясцілі трагікамедыю А. Макаёнка палітычным памфлетам супраць маралі буржуазнага грамадства. Не заўважылі яны таго, што аўтар даволі ўмоўна, з іроніяй акрэсліваў месца дзеі — «недзе на ўзбярэжжы паўднёвага мора, здаецца, Міжземнага. Можа, нават на заваляшчым якім-небудзь востраве ў якім-небудзь акіяне, мелкім, неглыбокім, дзе вады ўсяго па калена». У рэмарцы да першай карціны праз назвы дрэў, вершаліны якіх відаць у акно кватэры, дзе адбываюцца падзеі твора, драматург канкрэтызаваў месца дзеяння: «Побач з экзатычнай пальмай можна паставіць міндаль ці каштан, а можа і ліпу. Яна расце на розных шыротах», тым самым паказаўшы, што ўзнятыя ім праблемы могуць мець месца ў розных краінах, нават у тагачасным СССР, дзе таксама раслі і каштаны, і ліпы. Умоўна вызначаны аўтарам і час дзеі — «якраз паміж мінуўшчынай і будучыняй» — успрымаецца ў творы як катэгорыя ўніверсальная.

Умоўнасць часу і месца дзеяння, сюжэта твора ў цэлым Андрэй Макаёнак выкарыстаў для стварэння асноўнага і ўнутранага Афіша да спектакля «Зацюканы апостал». Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача канфлікту п’есы. Своеасаблівасць яго ў тым, што асноўны канфлікт існуе толькі ў аўтарскай ідэі як канфлікт асобы і грамадства, здольнасць яе абараняць свае маральна-этычныя ідэалы ў адчужаным для чалавека свеце.

Знешнія канфлікты, у якія ўступаюць паміж сабой персанажы трагікамедыі, узнікаюць непасрэдна ў сцэнічным дзеянні. Гэта канфлікты сям’і: традыцыйны канфлікт бацькоў і дзяцей, канфлікт паміж дарослымі па пытаннях выхавання дзяцей. Такая будова твора дала магчымасць пісьменніку дэталёва паказаць характары персанажаў, а ўяўны фон адкрыў прастору для сатырычнага адлюстравання розных аспектаў жыцця сучаснага грамадства.