* Паэзія Гіёма Апалінэра

Крызіс гуманізму пасля Першай сусветнай вайны

Для вытанчанай душы паэта сутыкненне з рэаліямі артылерыйскага абстрэлу, цяжкасцямі паходнага жыцця пяхоты, знаходжання на перадавой, дзе рукой падаць да варожых акопаў, сталі жорсткім выпрабаваннем. Маючы талент апавядальніка, чалавека з гумарам, Гіём у хвіліны зацішша паміж бамбардзіроўкамі расказваў аднапалчанам байкі, пісаў лісты іх блізкім — імкнуўся палепшыць маральны стан сяброў.

Вайна — не толькі статыстыка непазбежных страт жывой сілы, але і гісторыя страт у духоўнай сферы, разбурэння асноў гуманізму, калі найвышэйшая каштоўнасць чалавечага жыцця падпарадкоўваецца палітычным амбіцыям, часовым эканамічным інтарэсам. Трагізм незваротнасці такіх страт увасоблены ў вершы Гіёма Апалінэра «Цень».

Твор быў апублікаваны ў зборніку «Каліграмы». Пісьменнік Філіп Супо, сучаснік Апалінэра, успамінаў, што верш быў напісаны ў 1917 годзе, пасля Першай сусветнай вайны. Ён заўважыў, што ў творы перададзены цяжар медытацыі паэта над памерлымі, якія сталі яго ценем і выстраіліся побач, як боепрыпасы ў скрынцы.

Верш «Цень», прысвечаны ахвярам вайны, — гэта верш-адчуванне, верш-перажыванне, адрасаваны не толькі загінулым аднапалчанам Апалінэра, але кожнаму, хто не вярнуўся з фронту. Лірычны герой звяртаецца ў думках да ценяў сваіх сяброў, да ўспамінаў пра іх. Ён аддае належнае тым, хто адышоў у нябыт, «да сонца», і хто працягвае наведвацца ў начныя трызненні героя. Шматаблічны цень — гэта шматлікія таварышы, якія суправаджаюць яго, пільна сочаць за ім.

Вельмі далікатна Апалінэр адлюстроўвае вобразы-цені сяброў. Па-першае, гэта неадчувальныя здані, якія палохаюць, бянтэжаць неадступнасцю, «нібы індзеец у засадзе нядрэмны». Аўтар знайшоў трапнае метафарычнае параўнанне, бо вядома, што індзейцы маюць навык бясшумна і нябачна перамяшчацца па зямлі. Па-другое, гэта бесцялесныя цені зніклых, бо яны могуць скакаць «на сонцы, пылу не ўзнімаючы». Знаходкай паэта стала разгорнутая метафара «Успаміны сплятаюцца разам, // Як у крону адзіную — сотні галін, // Як тысячы ран — у газетны артыкул адзін». Артыкул, што змяшчае «тысячы ран», — гэта ваенная зводка на газетнай паласе, тая сухая статыстыка, за якой стаіць незлічоная колькасць абарваных лёсаў. Гэты ж матыў падтрымліваюць лічэбнікі: «адзіную» — «сотні», «тысячы» — «адзін».

Аліўкавая галінка і ўвогуле аліва здаўна лічацца ў многіх культурах сімвалам міру. Аліўкавымі галінамі ўшаноўвалі пераможцаў. Так што ў вершы яна можа трактавацца як вянок перамогі франтавікам, якія здабылі мір коштам свайго жыцця.

Агульнае пачуццё верша — набат па ахвярах вайны, адчай — можна прасачыць па эпітэтах «бясконцыя набоі спачуванняў», «прыніжаны, прыземлены мой бог». Нязбытная туга выяўляецца і праз антытэзу: «Вы не пабачыце болей мяне, // Вершаў маіх не пачуеце, не. // А я ўсё чую вас // I ўсё яшчэ гляджу на вас».

Верш «Цень», нягледзячы на яго лірызм і выяўленне індывідуальных пачуццяў, мае выразнае агульначалавечае, гуманістычнае і антываеннае гучанне.

Для тэарэтыкаў літаратуры новай заўважнай з’явай у вершы стала перанясенне авангардных рыс кубізму з выяўленчага мастацтва ў паэтычны тэкст, а канкрэтна — сумяшчэнне ў адным часе і адным плане аддалена звязаных паміж сабой вобразаў, матываў, перажыванняў, уражанняў: індзейца ў засадзе, ценяў загінулых, аліўкавага дрэва, гукавых вобразаў «набояў спачуванняў» і зрокавых — атраманту часу, ценю лямпы.

Літаратурныя эксперыменты Апалінэра, яго мастацтвазнаўчыя артыкулы і кнігі паўплывалі на развіццё мадэрнізму і авангардызму ў сусветнай літаратуры і крытыцы (Андрэ Брэтон, Луі Арагон, Гертруда Стайн), кінамастацтве (Жан Както), выяўленчым мастацтве (Пабла Пікаса, Марк Шагал).

Літаратурныя сувязі. З творамі пра каханне вы сутыкаліся ў папярэдніх класах. Гэты матыў можна ўбачыць у баладзе Адама Міцкевіча «Свіцязянка». Адначасова з Гіёмам Апалінэрам («Мост Мірабо») у 1910-я гады ў беларускай паэзіі гэту тэму распрацоўвалі Максім Багдановіч («Раманс») і Янка Купала («А яна…»). Пазней — Аркадзь Куляшоў («Бывай»), Пятрусь Броўка («Пахне чабор»), Яўгенія Янішчыц («Ты пакліч мяне. Пазаві...»).

Праблеме памяці пра ахвяр вайны, як і верш «Цені», прысвечаны паэтычныя творы Міколы Сурначова «У стоптаным жыце», Анатоля Вярцінскага «Два полі», Васіля Зуёнка «З вайны сустрэлі мацяркі сыноў...», Еўдакіі Лось «Дзяўчаты мінулай вайны», але гэта творы пра Вялікую Айчынную вайну. Пра Першую сусветную вайну наймацней у нашай літаратуры сказаў Максім Гарэцкі, і ў Х класе вывучаецца яго апавяданне «Літоўскі хутарок». Выкліканы да жыцця падзеямі Першай сусветнай вайны і вершы Максіма Багдановіч «Мяжы», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…».