* Паэзія Гіёма Апалінэра
Адлюстраванне пачуццяў у паэзіі Гіёма Апалінэра
«Мост Мірабо» (1913) — бадай што самы вядомы твор у інтымнай лірыцы Гіёма Апалінэра. Ён прысвечаны расстанню з маладой мастачкай Мары Ларансэн, з якою паэт пазнаёміўся ў майстэрні Пабла Пікаса. Застацца разам ім не дазволіла маці Мары, якая лічыла шалапутнага і эмацыянальнага Гіёма ненадзейнай партыяй для дзяўчыны. Гэтаму доўгаму раману абавязаны сваім з’яўленнем многія творы паэта пра каханне.
Мары Ларансэн называла творчы голас Апалінэра «голасам чарадзея». Лірычны герой верша далучаў чытача да гэтай чарадзейнай сілы вечнага кахання, параўноўваючы яе з ракой. Неўміручыя пачуцці асацыіруюцца з плынню часу, яны пераклікаюцца з вобразам ракі Сены, у воды якой нельга ўвайсці аднолькавым двойчы. Асабліва сімвалічна ў гэтым сэнсе выглядае мост, падобны на сплеценыя над вадой рукі закаханых, між якімі сплывае Сена, а разам з ёй — радасці, перажыванні, успаміны.
Мелодыка верша, узятая са старажытнай французскай ткацкай песні, падкрэслівае цыклічнасць усяго на Зямлі, паказвае вечны круг жыцця. І чалавека ў маштабе сусветнага кругавароту. Гэтаму і сэнсава, і фармальна спрыяюць рэфрэны (паўторы) пасля кожнай страфы: «Гадзіннік выбіў: ноч ідзе. // Застаўся я, прамчаўся дзень» (пераклад Эдзі Агняцвет). Можна заўважыць у творы вялікую колькасць дзеясловаў руху, якія паўторам слова «струменіць» закальцоўваюць кампазіцыю: «струменіць» — «прыходзіць» — «застаўся» — «прамчаўся» — «стаялі» — «плыве» — «мінае» — «сплывае» — «ідзе» — «не вернуцца» — «струменіць».
Гіём Апалінэр выбраў для твора форму верлібра — верша без цвёрдага памеру і абавязковай рыфмы — і адмовіўся ад знакаў прыпынку. (У беларускім перакладзе Эдзі Агняцвет знакі прыпынку прысутнічаюць.) Па меркаванні паэта, «рытм і паўзы верша — гэта і ёсць сапраўдная пунктуацыя, іншай не трэба». Так, свабода пісьма спалучылася ў спадчыне Апалінэра са свабодай чытання. Чытач па сваёй волі можа расставіць лагічныя націскі, самастойна выдзеліць з дапамогай паўз або інтанацыі тое ці іншае слова, якое менавіта для яго мае асаблівы сэнс — так, як і каханне для кожнага мае асаблівае значэнне.