* Паэзія Гіёма Апалінэра
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | * Паэзія Гіёма Апалінэра |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 22 Ноябрь 2024, 02:39 |
Адлюстраванне пачуццяў у паэзіі Гіёма Апалінэра
«Мост Мірабо» (1913) — бадай што самы вядомы твор у інтымнай лірыцы Гіёма Апалінэра. Ён прысвечаны расстанню з маладой мастачкай Мары Ларансэн, з якою паэт пазнаёміўся ў майстэрні Пабла Пікаса. Застацца разам ім не дазволіла маці Мары, якая лічыла шалапутнага і эмацыянальнага Гіёма ненадзейнай партыяй для дзяўчыны. Гэтаму доўгаму раману абавязаны сваім з’яўленнем многія творы паэта пра каханне.
Мары Ларансэн называла творчы голас Апалінэра «голасам чарадзея». Лірычны герой верша далучаў чытача да гэтай чарадзейнай сілы вечнага кахання, параўноўваючы яе з ракой. Неўміручыя пачуцці асацыіруюцца з плынню часу, яны пераклікаюцца з вобразам ракі Сены, у воды якой нельга ўвайсці аднолькавым двойчы. Асабліва сімвалічна ў гэтым сэнсе выглядае мост, падобны на сплеценыя над вадой рукі закаханых, між якімі сплывае Сена, а разам з ёй — радасці, перажыванні, успаміны.
Мелодыка верша, узятая са старажытнай французскай ткацкай песні, падкрэслівае цыклічнасць усяго на Зямлі, паказвае вечны круг жыцця. І чалавека ў маштабе сусветнага кругавароту. Гэтаму і сэнсава, і фармальна спрыяюць рэфрэны (паўторы) пасля кожнай страфы: «Гадзіннік выбіў: ноч ідзе. // Застаўся я, прамчаўся дзень» (пераклад Эдзі Агняцвет). Можна заўважыць у творы вялікую колькасць дзеясловаў руху, якія паўторам слова «струменіць» закальцоўваюць кампазіцыю: «струменіць» — «прыходзіць» — «застаўся» — «прамчаўся» — «стаялі» — «плыве» — «мінае» — «сплывае» — «ідзе» — «не вернуцца» — «струменіць».
Гіём Апалінэр выбраў для твора форму верлібра — верша без цвёрдага памеру і абавязковай рыфмы — і адмовіўся ад знакаў прыпынку. (У беларускім перакладзе Эдзі Агняцвет знакі прыпынку прысутнічаюць.) Па меркаванні паэта, «рытм і паўзы верша — гэта і ёсць сапраўдная пунктуацыя, іншай не трэба». Так, свабода пісьма спалучылася ў спадчыне Апалінэра са свабодай чытання. Чытач па сваёй волі можа расставіць лагічныя націскі, самастойна выдзеліць з дапамогай паўз або інтанацыі тое ці іншае слова, якое менавіта для яго мае асаблівы сэнс — так, як і каханне для кожнага мае асаблівае значэнне.
Крызіс гуманізму пасля Першай сусветнай вайны
Для вытанчанай душы паэта сутыкненне з рэаліямі артылерыйскага абстрэлу, цяжкасцямі паходнага жыцця пяхоты, знаходжання на перадавой, дзе рукой падаць да варожых акопаў, сталі жорсткім выпрабаваннем. Маючы талент апавядальніка, чалавека з гумарам, Гіём у хвіліны зацішша паміж бамбардзіроўкамі расказваў аднапалчанам байкі, пісаў лісты іх блізкім — імкнуўся палепшыць маральны стан сяброў.
Вайна — не толькі статыстыка непазбежных страт жывой сілы, але і гісторыя страт у духоўнай сферы, разбурэння асноў гуманізму, калі найвышэйшая каштоўнасць чалавечага жыцця падпарадкоўваецца палітычным амбіцыям, часовым эканамічным інтарэсам. Трагізм незваротнасці такіх страт увасоблены ў вершы Гіёма Апалінэра «Цень».
Твор быў апублікаваны ў зборніку «Каліграмы». Пісьменнік Філіп Супо, сучаснік Апалінэра, успамінаў, што верш быў напісаны ў 1917 годзе, пасля Першай сусветнай вайны. Ён заўважыў, што ў творы перададзены цяжар медытацыі паэта над памерлымі, якія сталі яго ценем і выстраіліся побач, як боепрыпасы ў скрынцы.
Верш «Цень», прысвечаны ахвярам вайны, — гэта верш-адчуванне, верш-перажыванне, адрасаваны не толькі загінулым аднапалчанам Апалінэра, але кожнаму, хто не вярнуўся з фронту. Лірычны герой звяртаецца ў думках да ценяў сваіх сяброў, да ўспамінаў пра іх. Ён аддае належнае тым, хто адышоў у нябыт, «да сонца», і хто працягвае наведвацца ў начныя трызненні героя. Шматаблічны цень — гэта шматлікія таварышы, якія суправаджаюць яго, пільна сочаць за ім.
Вельмі далікатна Апалінэр адлюстроўвае вобразы-цені сяброў. Па-першае, гэта неадчувальныя здані, якія палохаюць, бянтэжаць неадступнасцю, «нібы індзеец у засадзе нядрэмны». Аўтар знайшоў трапнае метафарычнае параўнанне, бо вядома, што індзейцы маюць навык бясшумна і нябачна перамяшчацца па зямлі. Па-другое, гэта бесцялесныя цені зніклых, бо яны могуць скакаць «на сонцы, пылу не ўзнімаючы». Знаходкай паэта стала разгорнутая метафара «Успаміны сплятаюцца разам, // Як у крону адзіную — сотні галін, // Як тысячы ран — у газетны артыкул адзін». Артыкул, што змяшчае «тысячы ран», — гэта ваенная зводка на газетнай паласе, тая сухая статыстыка, за якой стаіць незлічоная колькасць абарваных лёсаў. Гэты ж матыў падтрымліваюць лічэбнікі: «адзіную» — «сотні», «тысячы» — «адзін».
Аліўкавая галінка і ўвогуле аліва здаўна лічацца ў многіх культурах сімвалам міру. Аліўкавымі галінамі ўшаноўвалі пераможцаў. Так што ў вершы яна можа трактавацца як вянок перамогі франтавікам, якія здабылі мір коштам свайго жыцця.
Агульнае пачуццё верша — набат па ахвярах вайны, адчай — можна прасачыць па эпітэтах «бясконцыя набоі спачуванняў», «прыніжаны, прыземлены мой бог». Нязбытная туга выяўляецца і праз антытэзу: «Вы не пабачыце болей мяне, // Вершаў маіх не пачуеце, не. // А я ўсё чую вас // I ўсё яшчэ гляджу на вас».
Верш «Цень», нягледзячы на яго лірызм і выяўленне індывідуальных пачуццяў, мае выразнае агульначалавечае, гуманістычнае і антываеннае гучанне.
Для тэарэтыкаў літаратуры новай заўважнай з’явай у вершы стала перанясенне авангардных рыс кубізму з выяўленчага мастацтва ў паэтычны тэкст, а канкрэтна — сумяшчэнне ў адным часе і адным плане аддалена звязаных паміж сабой вобразаў, матываў, перажыванняў, уражанняў: індзейца ў засадзе, ценяў загінулых, аліўкавага дрэва, гукавых вобразаў «набояў спачуванняў» і зрокавых — атраманту часу, ценю лямпы.
Літаратурныя эксперыменты Апалінэра, яго мастацтвазнаўчыя артыкулы і кнігі паўплывалі на развіццё мадэрнізму і авангардызму ў сусветнай літаратуры і крытыцы (Андрэ Брэтон, Луі Арагон, Гертруда Стайн), кінамастацтве (Жан Както), выяўленчым мастацтве (Пабла Пікаса, Марк Шагал).
Літаратурныя сувязі. З творамі пра каханне вы сутыкаліся ў папярэдніх класах. Гэты матыў можна ўбачыць у баладзе Адама Міцкевіча «Свіцязянка». Адначасова з Гіёмам Апалінэрам («Мост Мірабо») у 1910-я гады ў беларускай паэзіі гэту тэму распрацоўвалі Максім Багдановіч («Раманс») і Янка Купала («А яна…»). Пазней — Аркадзь Куляшоў («Бывай»), Пятрусь Броўка («Пахне чабор»), Яўгенія Янішчыц («Ты пакліч мяне. Пазаві...»).
Праблеме памяці пра ахвяр вайны, як і верш «Цені», прысвечаны паэтычныя творы Міколы Сурначова «У стоптаным жыце», Анатоля Вярцінскага «Два полі», Васіля Зуёнка «З вайны сустрэлі мацяркі сыноў...», Еўдакіі Лось «Дзяўчаты мінулай вайны», але гэта творы пра Вялікую Айчынную вайну. Пра Першую сусветную вайну наймацней у нашай літаратуры сказаў Максім Гарэцкі, і ў Х класе вывучаецца яго апавяданне «Літоўскі хутарок». Выкліканы да жыцця падзеямі Першай сусветнай вайны і вершы Максіма Багдановіч «Мяжы», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…». |
Пытанні
1. Прааналізуйце верш «Мост Мірабо» згодна з алгарытмам аналізу паэтычнага твора на старонках 133—134). Што яго вылучае сярод твораў пра каханне, якія вы чыталі? |
|
2. Карыстаючыся інтэрнэт-пошукам, знайдзіце сярод відэаролікаў і паслухайце твор «Мост Мірабо» ў выкананні аўтара. Прачытайце пераклады Эдзі Агняцвет на беларускую мову, Мікалая Лукаша — на ўкраінскую, Міхаіла Кудзінава — на рускую. Які з іх вам падаецца больш удалым паводле перадачы мелодыкі верша? |
|
3. Калі валодаеце музычным інструментам, запішыце на тэлефон беларускамоўную кавер-версію1 раманса на верш «Мост Мірабо» паводле музыкі (на выбар) Юрыя Эдэльштэйна, Галіны і Барыса Вайханскіх, выканання Лео Ферэ (Léo Ferré) альбо Луізы Бэй (Louisa Bey). Абмяняйцеся запісам з сябрамі. |
|
4. Намалюйце словамі карціну-трыпціх паводле верша «Цень»: апішыце, што вы адлюстравалі б на першым і другім планах, якія выкарысталі б колеры і матэрыялы для пісьма (алей, атрамант, акварэль, вугаль, пастэль). | |
5. Перачытайце раздзел пра лірыку Гіёма Апалінэра. З якой інтэрпрэтацыяй паэзіі аўтара вы згодны? З якой — не вельмі? Прапануйце ўласны погляд на творы паэта. |
_________________
1 Ка́вер-ве́рсія (у папулярнай музыцы) — новае выкананне існуючай песні.