ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Аўтабіяграфізм і дакументалізм
Аўтабіяграфізм і дакументалізм
Аўтабіяграфізм і дакументалізм
Аўтабіяграфізм і дакументалізм — выяўленне ў мастацкіх творах фактаў з асабістага жыцця пісьменніка (аўтабіяграфізм) або згадванне ў творах рэальных падзей з жыцця людзей ці гісторыі |
У аўтабіяграфічных творах (мемуары, дзённікі) і тэкстах дакументальных жанраў (летапісы, хронікі, жыціі, перапіска, нарысы, мастацкія біяграфіі, інтэрв’ю) падзеі, людзі і мясцовасці выступаюць пад сваімі рэальнымі найменнямі.
Адзін з першых беларускіх аўтабіяграфічных твораў ХХ стагоддзя — нарыс Цёткі «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю».
«Выпечаны румянец на твары, кашаль сухі і схварэлае цела адразу людзям кажуць пра маю цяжкую хваробу. Пасажыры ахвотна ўступаюць месца. У вачах іх я бачу, што шкадуюць маёй маладосці. Закрываю векі. Не хачу відзець іх жаласці, бо веру, што ашукаю ваш жаль, людзі добрыя, што змагу (перамагу. — Аўт.) цябе, смерць лютая, а цвёрдае жыццё вазьму ў свае рукі і буду з яго прасці доўгую нітку быцця, унізваючы, як белымі перламі, працавітыя дні неслухмянай долі...» (Цётка. «З дарогі»). |
Часта цікавасць грамадства да дакументальнай літаратуры ўзрастала ў складаныя гістарычныя перыяды, на зломе эпох, калі ўзнікала неабходнасць асэнсаваць, адрэфлексаваць значныя падзеі, выпрацаваць стаўленне грамадства да іх.
Часам узнікненне дакументальнага тэксту было абумоўлена спецыфікай таленту аўтара, асаблівасцямі яго біяграфіі. Так, напрыклад, фіксаваў заходнебеларускія рэаліі ў дзённіку «Лісткі календара» Максім Танк. Ядвігін Ш. асэнсоўваў ва «Успамінах » спецыфіку навучання ў школе Камілы Марцінкевіч, дачкі Дуніна-Марцінкевіча. Насычанае грамадскае жыццё актрысы і пісьменніцы Паўліны Мядзёлкі дало нашай літаратуры ўспаміны «Сцежкамі жыцця».
Першыя дакументальныя творы належаць Максіму Гарэцкаму. Самыя вядомыя ў свеце беларускія дакументальныя тэксты — кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка пра спаленыя вёскі і творы нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.
У дакументальны зборнік «Я з вогненнай вёскі» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка ўвайшлі ўспаміны выжыўшых жыхароў вёсак, спаленых фашыстамі падчас Вялікай Айчыннай вайны: аповеды пра вынішчэнне беларусаў, спаленне сем’яў, расстрэлы.
Беларускія дакументальныя творы прысвечаны розным тэмам: ад лёсаў жанчын на вайне, трагедый сведкаў чарнобыльскай аварыі да прыватнага жыцця класікаў і нават літаратурных містыфікацый.