Трылогія «На ростанях»

* Гісторыя напісання твора

Творчая гісторыя мастацкага тэксту 
аднаўленне працэсу напісання твора з тым, каб удакладніць сацыяльна-псіхалагічныя і біяграфічныя перадумовы творчай працы, зразумець канкрэтна-гістарычны сэнс твора ў яго завершанай форме.

Трылогія «На ростанях» складаецца з наступных частак: «У палескай глушы» (1921—1922), «У глыбі Палесся» (1926—1927) і «На ростанях» (1948—1954) і мае цікавую творчую гісторыю.

Над трылогіяй аўтар працаваў больш за 30 гадоў з перапынкамі. Першыя яе дзве часткі лічацца аповесцямі, трэцяя называецца і аповесцю, і раманам. Мяркуецца, што задума гэтага твора з’явілася ў Якуба Коласа яшчэ падчас яго працы настаўнікам у палескай вёсцы Люсіна.

Асобнай кнігай аповесць «У палескай глушы» ўпершыню ўбачыла свет у Вільні ў 1923 годзе і была падпісана псеўданімам Тарас Гушча. У 1955 годзе трылогія «На ростанях» выйшла асобным выданнем. Аб’яднанне трох кніг не было механічным: іх злучалі герой, падзеі і інш. Пры гэтым аўтар уносіў праўкі ў раней выдадзеныя часткі. Некаторыя вынікі тэксталагічных даследаванняў літаратурнай спадчыны пісьменніка прапанаваны ў 20-томным зборы твораў Якуба Коласа (2007—2012).

Сакратар класіка Максім Лужанін згадваў, што «абедзве палескія аповесці былі перапісаны». А сам Якуб Колас зазначаў: «...у мяне як быццам нарадзілася два дзіцяці: адно да вайны, а другое зараз. Злучаюцца ў розны час напісаныя творы, а чытацца павінны як адна кніга. Трэба засыпаць роў трыццацігадовай глыбіні паміж канцом і пачаткам. Я амаль не пераглядаў даваенных аповесцей. А мова наша моцна вырвалася наперад».

Навукоўцы гавораць. Колас у сваіх аповесцях замяняў дыялектныя словы, пазбаўляўся русізмаў і паланізмаў. Праўкі таксама ахоплівалі сферы граматычных форм, націску і словаўтварэння. У некаторых выпадках праўкі былі абумоўлены ўзнікненнем стылістычнай дыферэнцыяцыі (замена слова «велізарны» на «велічны»), а таксама станаўленнем больш строгай лексічнай, акцэнтнай, словаўтваральнай і граматычнай нормы (замена форм «бяспомачны» на «бездапаможны», «выгодна» на «выгадна», «моладасць» на «маладосць», «аблюбованы» на «аблюбаваны», «пахаджваць» на «пахаджаць», «двухкласавы» на «двухкласны», «веда» на «веды») (Паводле Сяргея Запрудскага).

Трылогія «На ростанях» (ці асобныя яе часткі) перакладалася на замежныя мовы: балгарскую, харвацкую, нямецкую, польскую, румынскую, рускую, украінскую, чэшскую, эстонскую і інш. Па матывах трылогіі быў зняты мастацкі фільм «Першыя выпрабаванні» (1960—1961, рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін, «Беларусьфільм», аўтары сцэнарыя: Аркадзь Куляшоў і Максім Лужанін), а Алесем Звонакам была напісана п’еса «Навальніца будзе».

Навукоўцы гавораць. Аснову творчай гісторыі літаратурнага твора складае гісторыя тэксту. У гэта паняцце ўключаюцца фактары, якія паўплывалі на ўзнікненне твора — ад задумы да завяршэння. Крыніцамі творчай гісторыі звычайна выступаюць лісты аўтара, успаміны, планы твора, яго накіды, чарнавікі, карэктуры, прыжыццёвыя выданні і іншыя матэрыялы «творчай лабараторыі» пісьменніка (Паводле Андрэя Грышуніна).


Першая частка трылогіі расказвае аб прыездзе маладога настаўніка Андрэя Лабановіча ў глухую палескую вёску Цельшына. Ён знаёміцца з жыццём палешукоў, іх побытам, норавамі. 

Якуб Колас паказвае, як галоўны герой цешыцца з прыроды, шмат разважае, спрабуе разабрацца са сваімі думкамі, жаданнямі і парываннямі, падтрымлівае стасункі з сябрамі, сутыкаецца з мясцовай інтэлігенцыяй, калегамі, займаецца навучаннем дзяцей, перажывае розныя пачуцці. Адносна невялікая колькасць падзей кампенсуецца разгорнутым паказам душэўнага стану галоўнага героя, што робіць аповесць унутрана дынамічнай, прымушае чытача сачыць за духоўным развіццём персанажа, яго атачэннем. Падзеі, апісаныя ў першай частцы, адбываюцца прыкладна ў 1902—1904 гадах.

У другой частцы трылогіі — аповесці «У глыбі Палесся» — Андрэй Лабановіч уключаецца ў грамадскае жыццё, прымае ўдзел у сялянскіх хваляваннях, узаемадзейнічае з падпольнай рэвалюцыйнай арганізацыяй у Пінску. Дзеянне гэтай часткі адбываецца ў 1904—1905 гадах.

У трэцяй кнізе трылогіі аўтар знаёміць чытача з нелегальным настаўніцкім з’ездам, роллю ў ім Андрэя Лабановіча, раскрывае рэакцыю ўлад на гэта мерапрыемства. Вынікамі такой актыўнасці Андрэя Лабановіча робяцца страта працы, жыццё на радзіме і ў Вільні, зварот да літаратурнай дзейнасці, суд і турма.

Трылогія «На ростанях» — аўтабіяграфічны твор, што падкрэсліваў і сам Якуб Колас. Вопыт работы пісьменніка ў школах на Палессі, яго грамадска-палітычная і культурная дзейнасць у 1900-х гадах, суд і зняволенне — усё гэта паслужыла матэрыялам, які быў творча выкарыстаны аўтарам.

Падчас напісання мастацкага твора адбываецца непазбежная «перапрацоўка», перастварэнне прататыпа, таму яго не варта цалкам атаясамліваць з літаратурным персанажам. У аднаго персанажа можа быць некалькі прататыпаў.