Якуб Колас

* Біяграфія

Даследчыкі заўважылі, што ў творах, напісаных Якубам Коласам, няма ніводнай адмоўнай гераіні.

3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы Мінскага павета ў сялянскай сям’і нарадзіўся Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч).

З 1883 года сям’я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Ласток, а з 1890 года — у леснічоўцы Альбуць. Канстанцін Міцкевіч вучыўся ў пачатковай школе ў Мікалаеўшчыне,  пасля — у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі.
З 1902 па 1906 год Якуб Колас працаваў настаўнікам на Палессі: спачатку ў вёсцы Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), а потым — Пінкавічы (Пінскі раён).
Зімою 1906—1907 гадоў пісьменнік жыў у сваякоў у леснічоўцы Смалярня. Там ён без афіцыйнага дазволу адкрыў прыватную школу. Некаторы час Якуб Колас працаваў у рэдакцыі газеты «Наша ніва».

За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, арганізаваным у 1906 годзе, пісьменнік адбываў турэмнае зняволенне ў мінскім астрозе ў 1908—1911 гадах. У 1913 годзе Якуб Колас узяў шлюб з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Каменскай. Разам яны пражылі больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў. 

Падчас Першай сусветнай вайны Якуб Колас скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (Масква), служыў у запасным палку ў Пярмі, накіроўваўся на Румынскі фронт, затым як настаўнік быў вызвалены ад вайсковай службы. Пэўны час пісьменнік працаваў педагогам і школьным інструктарам у Абаяні і яго ваколіцах (Курская вобласць Расіі).

Якуб Колас вярнуўся ў Мінск у 1921 годзе. Пісьменнік супрацоўнічаў з Народным камісарыятам асветы, Інстытутам беларускай культуры, вёў заняткі ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, чытаў лекцыі на настаўніцкіх курсах у Слуцку, выкладаў беларускую мову ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

З успамінаў. «Запомніць усіх сваіх вучняў яму (Якубу Коласу. — Аўт.) было не пад сілу. Раз ці два на год мы падыходзілі да класнага стала, і Колас стаўляў у заліковыя кніжкі “здавальняюча”, амаль нічога не пытаючыся. Нам толькі здавалася, што ён помніць і ведае ўсіх, бо неяк па-хатняму цёпла і прытульна было на яго лекцыях, быццам вёў іх не настаўнік, а калі не бацька, дык нехта вельмі прыветлівы са старэйшых сваякоў. Дый Канстанцін Міхайлавіч ахвотна замяняў лекцыі чытаннем толькі што напісаных твораў. Затое мы вучылі методыку мовы найбольш старанна, каб не ашукаць і яго, і саміх сябе» (Максім Лужанін. «Колас расказвае пра сябе»).



У 1926 годзе Якубу Коласу было прысвоена званне народнага паэта БССР. Таксама ў 1920—1930-я гады пісьменнік шмат перакладаў з польскай, украінскай, рускай моў.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ва ўсесаюзнай газеце «Правда» на беларускай мове быў апублікаваны верш Якуба Коласа «Шалёнага пса — на ланцуг!», дзе аўтар заклікае: «На меч перакуйце ваш плуг». У часы фашысцкай акупацыі паэт эвакуіраваўся з Беларусі, жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце, Маскве. На вайне загінуў сярэдні сын пісьменніка. У 1944 годзе творца вярнуўся ў вызвалены Мінск.

У пасляваенныя гады Якуб Колас быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, членам Усесаюзнага камітэта па дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва, старшынёй Беларускага камітэта абароны міру. Двойчы (у 1946 і 1949 гадах) Якубу Коласу была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

Памёр Якуб Колас 13 жніўня 1956 года за сваім рабочым сталом. 

Значную частку жыцця пісьменнік прысвяціў навуковай, грамадска-палітычнай і культурнай дзейнасці. Класік беларускай літаратуры Якуб Колас быў акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР, прымаў удзел у рабоце літаратурнага аб’яднання «Полымя», іншых пісьменніцкіх арганізацый, усесаюзных з’ездаў савецкіх пісьменнікаў, Міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры (1935, Парыж) і інш.

З успамінаў. Будучы акадэмікам, Якуб Колас мусіў адбываць працяглыя навуковыя пасяджэнні і аднойчы прысутнічаў на абароне дысертацыі па ўласнай творчасці. Дыcертантка сцвярджала: «У паэме “Новая зямля” Колас хацеў сказаць тое і тое… У паэме “Сымон-музыка” пісьменнік хацеў сказаць тое і тое…» Раптам пытанне, і не да дысертанткі, а да самога Коласа: «А ці праўда, Канстанцін Міхайлавіч, што Вы ўсё гэта хацелі сказаць?»

Колас уздрыгнуў, задумаўся і нарэшце вымавіў: «Хто яго ведае, можа, і хацеў…»

Геній заўсёды кажа больш, чым ён хацеў.
Талент кажа менавіта столькі, колькі ён хацеў.
Пасрэднасць кажа менш, чым яна хацела (Паводле Пятра Васючэнкі).

Уклад у развіццё літаратуры

1. Якуб Колас — адна з ключавых асоб у гісторыі беларускай культуры. Яго літаратурная і навуковая дзейнасць істотна паўплывала на развіццё сучаснай беларускай мовы.
Пісьменнік пакінуў творы, якія ўжо не адным пакаленнем чытачоў прызнаюцца бясспрэчнай класікай.

2. Якуб Колас — стваральнік ліра-эпічных паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», якія ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай літаратуры. Некаторыя даследчыкі прылічваюць гэтыя паэмы да нацыянальнага эпасу беларусаў.

3. Пісьменнік узбагаціў беларускую лірыку вершамі («Ручэй», «Родныя вобразы», «Хмаркі», «На рэчцы зімою» і інш.), якія не страчваюць сваёй актуальнасці.
Некаторыя з іх загучалі як песні: «Роднаму краю» (кампазітар Iгар Лучанок), «Каханне» (кампазітары Уладзімір Мулявін, Ігар Лучанок) і інш.

4. Народны пісьменнік паўплываў на развіццё як буйных, так і малых жанраў беларускай прозы (трылогія «На ростанях», зборнік «Казкі жыцця», апавяданні «Малады дубок», «Нёманаў дар» і інш.).

5. Якуб Колас — адзін са стваральнікаў методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры, аўтар кніг «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (1909) і «Методыка роднай мовы» (1926).