ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Выяўленне аўтарскай пазіцыі ў драматычным творы

Літаратурны працэс

Выяўленне аўтарскай пазіцыі ў драматычным творы

Традыцыйна лічыцца, што лірыка з’яўляецца самым выразным спосабам аўтарскага самавыяўлення, другое месца займаюць эпічныя творы, а трэцяе — творы драматычныя.

Адным з дзейсных спосабаў выражэння аўтарскай пазіцыі ў старажытным тэатры быў хор, які заўсёды знаходзіўся на сцэне.

У часы панавання класіцызму функцыю хору перанялі акцёры-рэзанёры, якія не прымалі непасрэднага ўдзелу ў ходзе п’есы, аднак каментавалі дзеянне, давалі маральную ацэнку ўчынкам персанажаў, вучылі і настаўлялі іх. 

Праз рэплікі дзейных асоб маглі раскрывацца не толькі характары персанажаў, але і гістарычны, сацыяльны, культурны падтэкст. Часам дыялогі выглядалі як эпічная размова, якая нагадвала хутчэй паведамленне гледачу, а не ўдзельнікам сцэнічнага дзеяння. Такія п’есы называліся эпічнымі.

З ХVII стагоддзя і да нашага часу драматургі паступова пазбаўляліся ад эпічнасці ў п’есах, усё часцей выкарыстоўвалі апасродкаваныя спосабы выяўлення аўтарскай пазіцыі, хаваючыся за маскамі сваіх персанажаў і свядома прапаноўваючы чытачу і гледачу своеасаблівую гульню «знайдзі мяне».

Тэарэтык літаратуры родам з Беларусі Барыс Корман спецыяльна займаўся пытаннем выяўлення аўтарскай пазіцыі ў п’есе. Паводле яго меркавання, у драме асноўнае значэнне маюць рэплікі персанажаў, якія выражаюць іх дзеянні, волевыяўленні, унутраную дынаміку характараў, а аповед, расказванне гісторыі (рэмаркі, лірычныя адступленні) успрымаюцца як другарадны элемент, які не мае такой высокай значнасці, як словы герояў. У драме няма вялікай колькасці сродкаў для перадачы думак і пачуццяў. У гэтым праяўляюцца яе абмежаванні. Часта драматург фіксуе асаблівасці паводзін герояў у рэмарках. 

У сувязі з гэтай спецыфікай драмы як роду літаратуры аўтар можа перадаваць сваю пазіцыю:

1) праз размяшчэнне і суадносіны частак;
2) праз маўленне дзейных асоб.

Такім чынам, сучасныя літаратуразнаўцы вылучаюць такія спосабы выяўлення аўтарскай пазіцыі ў драматычным творы: рэплікі, мову персанажаў і структурную пабудову п’есы. Акрамя таго, драматург выяўляе сябе праз рэмаркі, інструкцыі для рэжысёра, спіс дзейных асоб, іх імёны і характарыстыкі, назву твора. Аднак гэтыя інструменты не з’яўляюцца настолькі значнымі, як само дзеянне, дыялогі дзейных асоб і кампазіцыя.