Трылогія «На ростанях»
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | Трылогія «На ростанях» |
Printed by: | Guest user |
Date: | Sunday, 3 November 2024, 12:39 PM |
* Гісторыя напісання твора
Творчая гісторыя мастацкага тэксту — |
Трылогія «На ростанях» складаецца з наступных частак: «У палескай глушы» (1921—1922), «У глыбі Палесся» (1926—1927) і «На ростанях» (1948—1954) і мае цікавую творчую гісторыю.
Над трылогіяй аўтар працаваў больш за 30 гадоў з перапынкамі. Першыя яе дзве часткі лічацца аповесцямі, трэцяя называецца і аповесцю, і раманам. Мяркуецца, што задума гэтага твора з’явілася ў Якуба Коласа яшчэ падчас яго працы настаўнікам у палескай вёсцы Люсіна.
Асобнай кнігай аповесць «У палескай глушы» ўпершыню ўбачыла свет у Вільні ў 1923 годзе і была падпісана псеўданімам Тарас Гушча. У 1955 годзе трылогія «На ростанях» выйшла асобным выданнем. Аб’яднанне трох кніг не было механічным: іх злучалі герой, падзеі і інш. Пры гэтым аўтар уносіў праўкі ў раней выдадзеныя часткі. Некаторыя вынікі тэксталагічных даследаванняў літаратурнай спадчыны пісьменніка прапанаваны ў 20-томным зборы твораў Якуба Коласа (2007—2012).
Сакратар класіка Максім Лужанін згадваў, што «абедзве палескія аповесці былі перапісаны». А сам Якуб Колас зазначаў: «...у мяне як быццам нарадзілася два дзіцяці: адно да вайны, а другое зараз. Злучаюцца ў розны час напісаныя творы, а чытацца павінны як адна кніга. Трэба засыпаць роў трыццацігадовай глыбіні паміж канцом і пачаткам. Я амаль не пераглядаў даваенных аповесцей. А мова наша моцна вырвалася наперад».
Навукоўцы гавораць. Колас у сваіх аповесцях замяняў дыялектныя словы, пазбаўляўся русізмаў і паланізмаў. Праўкі таксама ахоплівалі сферы граматычных форм, націску і словаўтварэння. У некаторых выпадках праўкі былі абумоўлены ўзнікненнем стылістычнай дыферэнцыяцыі (замена слова «велізарны» на «велічны»), а таксама станаўленнем больш строгай лексічнай, акцэнтнай, словаўтваральнай і граматычнай нормы (замена форм «бяспомачны» на «бездапаможны», «выгодна» на «выгадна», «моладасць» на «маладосць», «аблюбованы» на «аблюбаваны», «пахаджваць» на «пахаджаць», «двухкласавы» на «двухкласны», «веда» на «веды») (Паводле Сяргея Запрудскага). |
Трылогія «На ростанях» (ці асобныя яе часткі) перакладалася на замежныя мовы: балгарскую, харвацкую, нямецкую, польскую, румынскую, рускую, украінскую, чэшскую, эстонскую і інш. Па матывах трылогіі быў зняты мастацкі фільм «Першыя выпрабаванні» (1960—1961, рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін, «Беларусьфільм», аўтары сцэнарыя: Аркадзь Куляшоў і Максім Лужанін), а Алесем Звонакам была напісана п’еса «Навальніца будзе».
Навукоўцы гавораць. Аснову творчай гісторыі літаратурнага твора складае гісторыя тэксту. У гэта паняцце ўключаюцца фактары, якія паўплывалі на ўзнікненне твора — ад задумы да завяршэння. Крыніцамі творчай гісторыі звычайна выступаюць лісты аўтара, успаміны, планы твора, яго накіды, чарнавікі, карэктуры, прыжыццёвыя выданні і іншыя матэрыялы «творчай лабараторыі» пісьменніка (Паводле Андрэя Грышуніна). |
Першая частка трылогіі расказвае аб прыездзе маладога настаўніка Андрэя Лабановіча ў глухую палескую вёску Цельшына. Ён знаёміцца з жыццём палешукоў, іх побытам, норавамі.
Якуб Колас паказвае, як галоўны герой цешыцца з прыроды, шмат разважае, спрабуе разабрацца са сваімі думкамі, жаданнямі і парываннямі, падтрымлівае стасункі з сябрамі, сутыкаецца з мясцовай інтэлігенцыяй, калегамі, займаецца навучаннем дзяцей, перажывае розныя пачуцці. Адносна невялікая колькасць падзей кампенсуецца разгорнутым паказам душэўнага стану галоўнага героя, што робіць аповесць унутрана дынамічнай, прымушае чытача сачыць за духоўным развіццём персанажа, яго атачэннем. Падзеі, апісаныя ў першай частцы, адбываюцца прыкладна ў 1902—1904 гадах.
У другой частцы трылогіі — аповесці «У глыбі Палесся» — Андрэй Лабановіч уключаецца ў грамадскае жыццё, прымае ўдзел у сялянскіх хваляваннях, узаемадзейнічае з падпольнай рэвалюцыйнай арганізацыяй у Пінску. Дзеянне гэтай часткі адбываецца ў 1904—1905 гадах.
У трэцяй кнізе трылогіі аўтар знаёміць чытача з нелегальным настаўніцкім з’ездам, роллю ў ім Андрэя Лабановіча, раскрывае рэакцыю ўлад на гэта мерапрыемства. Вынікамі такой актыўнасці Андрэя Лабановіча робяцца страта працы, жыццё на радзіме і ў Вільні, зварот да літаратурнай дзейнасці, суд і турма.
Трылогія «На ростанях» — аўтабіяграфічны твор, што падкрэсліваў і сам Якуб Колас. Вопыт работы пісьменніка ў школах на Палессі, яго грамадска-палітычная і культурная дзейнасць у 1900-х гадах, суд і зняволенне — усё гэта паслужыла матэрыялам, які быў творча выкарыстаны аўтарам.
Падчас напісання мастацкага твора адбываецца непазбежная «перапрацоўка», перастварэнне прататыпа, таму яго не варта цалкам атаясамліваць з літаратурным персанажам. У аднаго персанажа можа быць некалькі прататыпаў. |
Аповесць «У палескай глушы»
Прататып — |
Многія героі гэтага твора, як і Андрэй Лабановіч, маюць сваіх прататыпаў, што зноў жа падкрэслівае рэальную аснову тэксту. Напрыклад, прататып Андрэя Лабановіча — сам Якуб Колас, прататып Ядвісі — Ядвіга Баранцэвіч (у шлюбе Бахенская), Саханюка — Уладзімір Дылеўскі, Турсевіча — Аляксандр Фурсевіч і г. д. Пры гэтым імёны і прозвішчы некаторых персанажаў зменены, а некаторых — не (напрыклад, бабка Мар’я). Узгадваюцца ў творы таксама рэальныя тапонімы і мікратапонімы1 Сяльцо, Целяшоў дуб, Завітанкі, Ганцавічы і інш.
Назва вёскі Цельшына перагукваецца з Люсіна, дзе настаўнічаў Якуб Колас. Некаторыя прозвішчы, дадзеныя персанажам, таксама характэрныя для адпаведных палескіх мясцін (Круглы, Нырка і інш.).
Пісьменнік стварыў вобраз Андрэя Лабановіча — беларускага інтэлігента, шукальніка ісціны і сэнсу жыцця. Малады настаўнік паходзіў з сялян і ў той жа час па сваім сацыяльным статусе належаў да інтэлігенцыі. Лабановіч, які імкнуўся вывучаць жыццё палешукоў, — асоба неабыякавая. Невыпадкова галоўнага героя хвалюе, для чаго чалавек жыве на Зямлі. З гэтым пытаннем настаўнік звяртаецца да розных персанажаў і збірае іх адказы. Бабка Мар’я выказваецца так: «Не, панічок, не ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расце, дык хіба ж бы яно вам адказала? Так і я не магу адказаць вам. Жывем, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць». Гэтыя словы паказваюць пазіцыю чалавека, цесна звязанага з прыродай. Іншы падыход прапаноўвае Турсевіч, таксама педагог: «Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых». Андрэй Лабановіч мае і сваё меркаванне на гэты конт.
Згаданы герой працуе сумленна, старанна, імкнецца па-сапраўднаму адукаваць давераных яму вучняў. Гэта відаць і падчас іспытаў. Аўтарам паказана, як па-рознаму вучні падрыхтаваны да экзамену. Найперш на свае веды і ўменні абапіраюцца прадстаўнікі Лабановічавай школы, але побач з імі знаходзяцца і іншыя, некаторыя з якіх чакаюць падказкі ад сваіх настаўнікаў, што нават выліваецца ў махлярства.
Апісанні, а таксама дыялогі і паводзіны галоўнага героя дапамагаюць убачыць яго вобраз цэласна. Андрэй Лабановіч паглыблены ў сябе, змагаецца з сумненнямі. Якуб Колас неаднаразова засяроджвае ўвагу чытача на думках настаўніка: «Перад ім (Лабановічам. — Аўт.) устаў вобраз панны Ядвісі. “Не, брат: не ведаеш ты, чым мне мілая гэтая глуш, ды я табе пра гэта не скажу”, — думаў Лабановіч». Гэта дазваляе аўтару выявіць тую напружаную барацьбу, якая ішла ў сэрцы галоўнага героя. Мы не можам назваць цельшынскага настаўніка і выключна ўзорным, бо ён не змог абмінуць некаторых спакус жыцця.
Такая акалічнасць, з аднаго боку, выяўляе Андрэя Лабановіча жывым, а з другога — гаворыць пра складанасці, якія выпадаюць на долю маладога чалавека і якія не заўсёды лёгка бывае пераадолець.
Востра стаіць у творы пытанне ўзаемаадносін народа і інтэлігенцыі. Сяляне прытрымліваюцца старых звычаяў і забабонаў, пры гэтым выяўляецца іх мудрасць, маральнасць. Інтэлігенцыя ж, якая, здавалася, павінна фарміраваць пэўныя ідэалы, паказвае сябе не заўсёды з лепшага боку. Напрыклад, Саханюк хоча забраць ссыпку2, якая, паводле дакументаў, належыць яму, але фактычна і згодна з логікай прызначана Лабановічу.
Таксама нельга сказаць, што мясцовае кіраўніцтва добра ставіцца да сялянства. У гэтай сітуацыі неадназначнай выглядае пазіцыя айца Кірыла, які негатыўна выказваецца пра сялян і ў той жа час стараецца ім дапамагаць, шкадуе іх. Аднак памкненні маладога настаўніка палепшыць становішча палешукоў у апаведнасці са сваімі ўяўленнямі пра дабро і зло не заўсёды даюць запланаваны вынік. Калі Лабановіч спрабуе спыніць бойку двух мужыкоў і разабрацца з іх сваркай «цывілізавана», усё завяршаецца паражэннем. Канфлікт не толькі не ліквідуецца, але зноў выбухае з яшчэ большай сілай і мае горшыя, чым звычайна, наступствы.
У творы неаднаразова гучыць слова «глуш», якое адлюстравана нават у назве аповесці. Пры гэтым размова ідзе не толькі пра глуш знешнюю (правінцыяльны край), але і пра глуш у пераносным значэнні (духоўную).
Якуб Колас стварыў у аповесці і цікавыя жаночыя вобразы. Сялянскую мудрасць, падмацаваную цяжкім жыццёвым вопытам, увасабляе бабка Мар’я. Яна стараецца дапамагчы настаўніку, падказаць
яму лепшы спосаб выхаду з сітуацыі. Бабка Мар’я мае і пэўны аўтарытэт у вяскоўцаў: яна ўмее шаптаць.
Не пакідае абыякавым Андрэя Лабановіча старэйшая дачка пана падлоўчага Ядвіся, якую аўтар апісвае наступным чынам: «Габрыня зараз жа выйшла і хутка вярнулася з сястрой, стройнаю чарняваю дзяўчынаю, гадоў шаснаццаці, з тонкімі, прыгожа абрысаванымі брывамі. Выраз яе цёмных акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і тая сталасць, што рабіла ўражанне, быццам дзяўчына многа перадумала і перажыла».
Сапраўды, лёс Ядвісі быў не самы просты. Яе бацька быў жорсткім чалавекам, яна страціла маці. Узаемаадносіны Ядвісі і Лабановіча выглядаюць даволі рамантычна, але ў выніку маладыя людзі не звязваюць свае лёсы.
Таксама выклікалі цікавасць у маладога настаўніка завітанкаўская прыгажуня панна Людміла і спакойная сталая панна Марына. Але для героя Ядвіся застаецца «найпрыгажэйшай кветкай Палесся». Пачуцці да яе — адна з прычын, што падштурхоўваюць Андрэя Лабановіча з’ехаць з Цельшына.
________________________
1 Тапо´нім — назва пэўнага геаграфічнага аб’екта (вёскі, горада, ракі, гары);
мікратапо´нім — від тапоніма, які называе мясцовы аб’ект унутры тапоніма (балота, луг, возера, ставок, паша).
2 Ссы´пка — тут: сродкі, сабраныя цельшынцамі на ўтрыманне настаўніка.
* Майстэрства Коласа-празаіка
Важную ролю ў аповесці адыгрывае і прырода, якая не толькі ўзрушвае сэрца, перадае душэўны стан персанажаў, але і стымулюе да разваг: «Ад балот патыхала нейкім невыразным смуткам, ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю павабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумення. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца.
Пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, Лабановіч часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасць ад жыцця і свету, як бы гэты свет сышоўся тут клінам, і туга па тым, з чым ён разлучыўся, пачынала забіраць яго душу».
Таксама Якуб Колас імкнуўся адлюстраваць так званы «палескі каларыт»: сюды можна аднесці і адпаведныя краявіды, і звычаі, і ўклад жыцця.
Навукоўцы гавораць. «Час пацвердзіў, што творы Коласа па-ранейшаму ўспрымаюцца як глыбока праўдзівы мастацкі летапіс жыцця народа, як эстэтычна дасканалыя рэчы, якія нясуць у сабе вялікі гуманістычны патэнцыял. <…> Разам з тым новая эпоха патрабуе ўнесці пэўныя карэктывы ў ранейшыя трактоўкі, па-новаму глянуць на характар функцыянавання твораў пісьменніка ў сучаснай культурнай, духоўна-інтэлектуальнай прасторы…» (Міхась Мушынскі). |
Такім чынам, у аповесці «У палескай глушы» пісьменнік паказвае псіхалагічны стан персанажаў. Гэтаму спрыяюць і багатая мова, характэрная для твора Якуба Коласа, і мастацкая дэталізацыя. Аповесць распавядае не толькі пра акалічнасці жыцця на Палессі пачатку ХХ стагоддзя, адпаведны перыяд гісторыі Беларусі, асаблівасці настаўніцкай прафесіі, але і пра сталенне маладога чалавека, які паўстае перад выбарам — не заўсёды простым і часта праблематычным. Верагодна, і па гэтай прычыне жыццёвы і духоўны шлях Андрэя Лабановіча застаецца актуальным для розных пакаленняў чытачоў.
Літаратурныя сувязі. Якуб Колас пакінуў багатую эпісталярную спадчыну, якая расказвае шмат цікавага пра самога аўтара, адпаведны гістарычны перыяд, узаемаадносіны ў тагачасным літаратурным асяроддзі. Пісьменнік перапісваўся з Янкам Купалам, Максімам Лужаніным, Петрусём Броўкам, Сяргеем Гарадзецкім, Міхасём Лыньковым і многімі іншымі. У некаторых пісьмах Якуба Коласа гаворыцца і пра яго творы, напрыклад: «Лабановіч — мой двайнік. Выдуманага ў яго паводзінах і характары нічога няма». Альбо: «...я стараўся абудзіць у сваіх вучнях крытычныя адносіны да рэчаіснасці» (З ліста Якуба Коласа да Ф. М. Логаша). |
Пытанні
1. Раскажыце пра гісторыю стварэння трылогіі «На ростанях». | |
2. Якія праблемы ўзнімаюцца ў аповесці «У палескай глушы»? | |
3. Якім вы ўяўляеце галоўнага героя аповесці? У адказе выкарыстайце цытаты з твора. |
|
4. Што чытаў Андрэй Лабановіч? З кім сябраваў? Як гэта яго характарызуе? |
|
5. Андрэя Лабановіча асабліва хвалявала адно філасофскае пытанне. Якое? Ці згодны вы з меркаваннем героя па гэтым пытанні? Як бы вы на яго адказалі? |
|
6. Раскажыце пра гісторыю ўзаемаадносін Ядвісі і Лабановіча. Ці кахалі яны адно аднаго? |
|
7. Ці магла б Ядвіся перашкодзіць здзяйсненню мар Лабановіча? | |
8. Як паводзіў сябе Андрэй Лабановіч з іншымі дзяўчатамі? Як гэта характарызуе героя? |
|
9. Паразважайце, якім чынам праяўляе сябе Лабановіч як чалавек і як настаўнік. Які чалавек, на вашу думку, можа стаць добрым настаўнікам? Ці валодае Лабановіч такімі якасцямі? |
|
10. Як здавалі экзамен вучні Андрэя Лабановіча? Як паказваецца галоўны герой у параўнанні з калегамі? |
|
11. Якой прадстаўлена інтэлігенцыя ў творы? Якімі праблемамі яна жыве? |
|
12. Як Андрэй Лабановіч ставіўся да культурнай спадчыны палешукоў, іх побыту, забабонаў? | |
13. Героі аповесці неаднаразова кажуць пра «глуш». Што ўкладае ў гэта паняцце аўтар? Паразважайце, наколькі небяспечная «глуш» для чалавека. |
|
14. Якуб Колас падкрэсліваў аўтабіяграфічнасць вобраза Андрэя Лабановіча. Наколькі апраўдана ставіць знак роўнасці паміж Якубам Коласам і Андрэем Лабановічам? Разгледзьце палатно работы Якава Кругера. Ці можа гэты партрэт служыць ілюстрацыяй да аповесці «У палескай глушы»? Чаму? |
|
15. Уявіце, што Андрэй Лабановіч завёў блог. Якім падзеям, думкам, перажыванням былі б прысвечаны публікацыі ў ім? Ад імя Андрэя Лабановіча напішыце з нагоды яго ад’езду з Цельшына невялікі пост, які раскрываў бы ўнутраны стан персанажа. |
|
16. Даследуйце майстэрства Якуба Коласа як празаіка. Знайдзіце ў творы прыклады: 1) псіхалагізму; 2) багацця мовы; 3) мастацкай дэталізацыі. |
|
17. Раскрыйце ролю апісанняў прыроды ў творы. | |
18. У друкарні падрыхтавалі праект вокладкі календара, прысвечанага творчасці Якуба Коласа. |