* Паэма «Сымон-музыка»

Гісторыя напісання твора

Паэма «Сымон-музыка» — адзін з найбольш значных беларускіх твораў ХХ стагоддзя.

Паводле Івана Навуменкі, паэма «Сымон-музыка» — найбольш аўтабіяграфічны твор паэта, прытым не ў сэнсе біяграфіі «знешняй», а «ўнутранай», інтымнай, пра якую не прачытаеш у анкетах і даведках. Праўда, сёе-тое можна пачэрпнуць і з даведак. Вось што паведамляў, напрыклад, Колас пра сябе ў лісце да Яўхіма Карскага: «Мне вельмі падабалася сядзець цэлымі часінамі і слухаць, як спяваюць жаваранкі, і гэтыя песні сталі для мяне такімі зразумелымі, блізкімі, роднымі, што мне здавалася, быццам я разумею ўсё, што спявалі гэтыя пташкі. Маё вуха прывыкла адзначаць новыя тоны песень і лавіць асаблівасці іх настрояў...» У паэме «Сымон-музыка», як і ў «Казках жыцця», аўтар нібыта бачыў у прыродзе жывую істоту і вёў з ёю бясконцую гутарку.

Паэма мае доўгую, складаную і цікавую гісторыю стварэння, якая прыцягвае ўвагу вучоных-тэкстолагаў. Даследчыкі вылучаюць тры рэдакцыі твора: 1911—1918 гадоў, 1923—1924 гадоў і 1924—1925 гадоў. Задума паэмы ўзнікла ў пісьменніка падчас турэмнага зняволення яшчэ ў 1911 годзе. Першая рэдакцыя мела падзагаловак «Казка жыцця», што ўказвала на алегарычнасць тэксту. Трэцяя рэдакцыя, якую правіла цэнзура, выдадзена асобнай кнігай у 1925 годзе і змяшчала наступнае прысвячэнне: «Беларускай моладзі сваю паэму прысвячаю. Аўтар». Гэтым Якуб Колас, з аднаго боку, называў адрасата свайго твора, а з другога — падкрэсліваў значэнне моладзі і веру ў яе сілы. Урыўкі з паэмы перакладаліся на рускую, англійскую, балгарскую, польскую, чэшскую і харвацкую мовы. Мы разглядаем трэцюю рэдакцыю твора, якая прынята за асноўную паводле збору твораў класіка ў 20 тамах.

Другая рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка» лічыцца страчанай падчас вяртання Якуба Коласа з Кіславодска ў 1924 годзе, пра што згадваў і сам аўтар: «На ст.[анцыі] Ціхарэцкая мяне абакралі, укралі паміж іншым і маю паэму ў рукапісе “Сымон-музыка”. Паэма перароблена, а ў мяне ніякіх слядоў ад яе не засталося. Мне пісалі з Растова-на-Д.[оне] (агент ГПУ1), што частка рэчаў і ў тым ліку і рукапіс знойдзена. Да гэтага часу ніякага адказу на мае запытанні тэлеграмы няма» (Паштоўка Якуба Коласа да Якава Бязмена (1924)).

________________________
1 ГПУ — Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне.