§ 20. ПРАМЫСЛОВАСЦЬ СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

Уплыў НТР на галіновую структуру прамысловасці свету. Вынікі НТР аказваюць уплыў на з’яўленне новых відаў вытворчасцей. Найбольш хуткімі тэмпамі ўкараняюцца распрацоўкі ў хімічнай галіне. Напрыклад, вытворчасць новых відаў хімічных валокнаў і нітак (поліэстар, спандэкс, мікрафібра, новыя пакаленні ўцяпляльнікаў); прэпаратаў бытавой хіміі (звышактыўныя ачышчальнікі забруджванняў, выдаляльнікі тлушчу); касметыкі і парфумерыі (антыўзроставыя прэпараты, ачышчальныя сродкі, гелевыя сродкі гігіены); лекаў (супрацьвірусныя сродкі, імунамадулятары). У металургіі ажыццёўлены пераход да новых відаў выплаўлення чыгуну і сталі — ад мартэнаўскай да кіслародна-канвертарнага і электрычнага. У здабыўной прамысловасці стала магчымым бурэнне марскіх нафтавых і газавых свідравін з плаваючых платформ. У аўтамабілебудаванні на зборачных работах выкарыстоўваюцца прамысловыя робаты, а сучасны легкавы аўтамабіль камплектуецца сістэмай электроннага кіравання, новымі матэрыяламі каркаса і салона, гібрыднымі відамі паліва. У харчовай прамысловасці актыўна прымяняюцца розныя віды кансервантаў, харчасмакавыя дабаўкі, араматызатары і ўзмацняльнікі смакаў, якія павялічваюць тэрміны прыгоднасці прадуктаў і замяняюць дарагія натуральныя кампаненты.

Падвядзём вынікі. Прамысловасць з’яўляецца асноўнай часткай сучаснай сусветнай гаспадаркі. На развіццё і размяшчэнне галін прамысловасці аказваюць уздзеянне тры асноўныя групы фактараў: ..., ... і ... . Асноўнымі галінамі прамысловасці з’яўляюцца ... прамысловасць і ... . Сёння павялічваецца доля высокатэхналагічных галін у структуры сусветнай прамысловасці. Развітыя краіны спецыялізуюцца на вытворчасці прамысловай прадукцыі ... (напр., навукаёмістае машынабудаванне, фармацэўтыка, біятэхналогіі), краіны, якія развіваюцца, — на вытворчасці прадукцыі ... (здабыўная прамысловасць, металургія, асноўная хімія).

Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя фактары размяшчэння прамысловасці? 2. Чым адрозніваецца занятасць насельніцтва ў прамысловасці развітых краін і краін, якія развіваюцца? 3. Якія новыя галіны ў развіцці прамысловасці з’явіліся ў апошнія дзесяцігоддзі?

Ад простага да складанага. 1. Чаму ва ўмовах НТР асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы кадраў у сістэме вышэйшай адукацыі? 2. Як уплывае будаўніцтва экалагічна небяспечнага прадпрыемства на ўзаемаадносіны паміж краінамі?

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Арганізацыя ААН па прамысловым развіцці.
Міжнародная стандартная галіновая класіфікацыя відаў эканамічнай дзейнасці.