Печатать книгуПечатать книгу

§ 20. ПРАМЫСЛОВАСЦЬ СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

Успамінаем. Якія галіны адносяць да здабыўной і апрацоўчай прамысловасці? Якія галіны спецыялізацыі характэрныя для апрацоўчай прамысловасці развітых краін і краін, якія развіваюцца? Як галіновая структура прамысловасці адлюстроўвае ўзровень развіцця краіны? Чым вызначаецца размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў?

Для чаго мы гэта вывучаем? Ці будуць у бліжэйшы час адбывацца значныя змены ў структуры прамысловасці? Ці лічыце вы, што ад узроўню развіцця прамысловасці залежыць узровень развіцця эканомікі краіны ў цэлым? Адказ растлумачце. Якія галіны прамысловасці ўзніклі ў канцы XX – пачатку XXI ст.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 20. ПРАМЫСЛОВАСЦЬ СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 16:17

Месца прамысловасці ў сусветнай гаспадарцы, фактары размяшчэння. Найважнейшай часткай сучаснай сусветнай гаспадаркі з’яўляецца прамысловасць, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканамічнага развіцця грамадства. Геаграфія прамысловасці — галіна сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, якая вывучае тэрытарыяльную арганізацыю прамысловай вытворчасці: фактары, асаблівасці размяшчэння і ўзаемадзеяння галін і прадпрыемстваў у свеце і асобных краінах і рэгіёнах, іх сувязі з іншымі галінамі гаспадаркі, навукай, грамадствам і прыродным асяроддзем.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Выкарыстоўваючы веды, атрыманыя ў працэсе вывучэння вучэбнага прадмета «Сусветная гісторыя», узгадайце, калі пачала зараджацца прамысловасць. Што азначае тэрмін «прамысловая рэвалюцыя»? Дакажыце, што пры размяшчэнні прамысловых прадпрыемстваў неабходна ўлічваць меркаванне спецыялістаў з вобласці эканамічнай геаграфіі.

Прамысловасць з’яўляецца асноўнай галіной сусветнай гаспадаркі ў структуры сусветнага валавога прадукту і структуры занятасці насельніцтва. На яе долю прыпадае 30 % сусветнага валавога прадукту і 23 % занятых (3,4 млрд чал.). Месца прамысловасці ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца, у структуры іх гаспадарак адрозніваецца. У структуры ВУП у развітых краінах і краінах, якія развіваюцца, індустрыяльны сектар займае 25 і 30 % адпаведна.

На размяшчэнне галін прамысловасці аказвае ўздзеянне вялікая колькасць фактараў, якія падзяляюцца на тры асноўныя групы: старыя, ці класічныя, новыя і найноўшыя (мал. 138).

Тэрытарыяльны фактар уключае памер тэрыторыі і яе канфігурацыю, эканоміка-геаграфічнае становішча (цэнтральнае, перыферыйнае, суседскае, прыморскае, прыгранічнае). Прыродна-рэсурсны характарызуе забяспечанасць тэрыторыі/краіны прыроднымі рэсурсамі. Роля дадзенага фактару па меры развіцця сусветнай гаспадаркі слабее, але застаецца значнай у шэрагу краін. Значэнне транспартнага фактару заключаецца ў зніжэнні выдаткаў на перавозку грузаў. Працоўныя рэсурсы аказваюць істотны ўплыў на працягу ўсёй гісторыі сусветнай гаспадаркі. Важнае значэнне сёння набывае не толькі колькасць працоўных рэсурсаў, але і якасныя іх характарыстыкі (кваліфікацыя, адукацыя, здароўе, мабільнасць, наяўнасць канкрэтных навыкаў і інш.).

Паразважаем. Адна з найбуйнейшых экалагічных катастроф другой паловы ХХ ст. адбылася ў індыйскім горадзе Бхапал. З прычыны выкіду атрутных рэчываў на адным з прадпрыемстваў амерыканскай ТНК «Юніён Карбайд», якая вырабляе пестыцыды для сельскай гаспадаркі, загінула 18 тыс. жыхароў Індыі. Чаму ЗША пабудавалі гэта прадпрыемства не ў сваёй краіне?

Асаблівае значэнне набываюць экалагічны фактар і навукаёмістая вытворчасць. Пад уплывам індустрыялізацыі адбываецца забруджванне навакольнага асяроддзя. У сувязі з гэтым развітыя краіны ўводзяць жорсткія экалагічныя нормы і ажыццяўляюць перанос найбольш «брудных вытворчасцей» у краіны, якія развіваюцца, дзе экалагічнае заканадаўства пакуль знаходзіцца на пачатковай стадыі развіцця. У выніку навукова-тэхнічнай рэвалюцыі адбываецца ўкараненне яе вынікаў ва ўсе галіны прамысловасці. У канчатковым выніку адбываецца павелічэнне выдаткаў на навуковыя даследаванні.

Навукова-тэхнічная рэвалюцыя (НТР) — карэнныя пераўтварэнні ў сістэме навуковых ведаў і ў тэхніцы, якія адбываюцца ў непарыўнай сувязі з гістарычным працэсам развіцця чалавечага грамадства.

Свет і Беларусь. Як паўплывала НТР на галіновую структуру прамысловасці Рэспублікі Беларусь? Якія фактары з’яўляюцца вызначальнымі ў размяшчэнні прамысловых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь?

Сярод галін апрацоўчай прамысловасці можна вылучыць чатыры групы вытворчасцей паводле пераважных фактараў размяшчэння:

1. Галіны, якія імкнуцца да крыніц таннага паліва і электраэнергіі, — алюмініевая, магніевая, нікелевая прамысловасць, вытворчасць хімічных валокнаў, сінтэтычнага каўчуку, смол і пластмас, цеплаэнергетыка.

2. Галіны, якія імкнуцца да крыніц сыравіны, — вытворчасць горнага металургічнага абсталявання, чорная металургія, цэлюлозна-папяровая, цэментная прамысловасць і інш.

3. Галіны, якія мэтазгодна размяшчаць у раёнах канцэнтрацыі працоўных рэсурсаў, — прыборабудаванне, электратэхніка, станкабудаванне, тэкстыльная, швейная, абутковая прамысловасць і інш.

4. Галіны, арыентаваныя на спажывецкі рынак, — нафтаперапрацоўка, аўтамабілебудаванне, сельскагаспадарчае машынабудаванне, мэблевая і хлебапякарная прамысловасць, вытворчасць кандытарскіх вырабаў і інш.

*Мадэлі размяшчэння прамысловасці. Першыя мадэлі размяшчэння прамысловасці сталі стварацца ў канцы XVIII ст. Нямецкі інжынер-эканаміст В. Лаўнхардт (мал. 138-1) прапанаваў мадэль «лакацыйнага трохвугольніка» з вяршынямі «крыніцы сыравіны», «рабочая сіла», «рынак збыту». Пункт, дзе транспартныя выдаткі на адзінку вырабленай прадукцыі былі мінімальнымі, лічыўся аптымальным месцам размяшчэння.

Мал.
Мал. 138-1. В. Лаўнхардт, стваральнік тэорыі размяшчэння прамысловасці

Гравітацыйная мадэль Шэфле (мал. 138-2). Аўтар сцвярджаў, што прамысловасць развіваецца пераважна ў вялікіх гарадах або паблізу ад іх. Вялікія гарады прыцягваюць да сябе прамысловыя прадпрыемствы. Лакалізацыя прамысловасці тым мацней, чым больш гарадское насельніцтва, чым менш адлегласць да рынкаў збыту і чым шчыльней размешчаны буйныя гарады. Адхіленні ад мадэльнага размяшчэння прыпісваліся засяроджванню прамысловых прадпрыемстваў каля крыніц сыравіны і паліва.

Мал.
Мал. 138-2. А. Шэфле, стваральнік гравітацыйнай мадэлі

Мадэль Вебера (мал. 138-3). У мадэлі галіны прамысловасці размяшчаюцца ў ідэальных умовах ізаляванай дзяржавы, дзе прыродныя рэсурсы, неабходныя для вытворчасці, размяшчаюцца па канцэнтрычных зонах вакол вядомых рынкавых цэнтраў. Галіны прамысловасці ў мадэлі Вебера адрозніваюцца ў залежнасці ад прыродных рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца.

Мал.
Мал. 138-3. А. Вебер, стваральнік класічнай тэорыі размяшчэння

Яны падзяляюцца на лакалізаваныя (выкапні паліва, руды) і паўсюдна распаўсюджаныя (вада, пясок). Эканамічная выгаднасць размяшчэння асобных прадпрыемстваў залежыць ад суадносін попыту і прапановы на прадукцыю, якая вырабляецца. Канкрэтнае месца размяшчэння прадпрыемства разлічваецца пры дапамозе знаходжання пункту мінімальных транспартных выдаткаў, які забяспечвае аптымальнае перамяшчэнне сыравіны на завод і гатовай прадукцыі на рынак.

Мадэль Цінбергена (мал. 138-4). Згодна з мадэллю, пры высокіх выдатках на транспарціроўку найбольш аптымальным будзе дэцэнтралізацыя (рассейванне) прамысловай вытворчасці па шматлікіх дробных цэнтрах. Засяроджванне прамысловасці ў невялікай колькасці буйных цэнтраў будзе аптымальным варыянтам размяшчэння толькі пры высокіх транспартных выдатках на перавозку прадукцыі спецыялізаваных галін.

Мал.
Мал. 138-4. Я. Цінберген, стваральнік тэорыі дэцэнтралізацыі размяшчэння

Структура прамысловасці. У прамысловасці свету існуе вялікая колькасць падгалін, якія вылучаюцца па розных прыкметах — прызначэнні прадукцыі, сыравіны, тэхналогіях і г. д. Асноўнымі з іх з’яўляюцца здабыўная і апрацоўчая прамысловасць.

Здабыўная (горназдабыўная) прамысловасць уяўляе з сябе комплекс галін, якія займаюцца здабычай і ўзбагачэннем карысных выкапняў на нафтапрамысловых і газаздабыўных прадпрыемствах, платформах на марскім шэльфе, шахтах, рудніках, горнаўзбагачальных камбінатах і інш. (мал. 139).

Апрацоўчая прамысловасць уяўляе з сябе комплекс галін і відаў эканамічнай дзейнасці, якія ажыццяўляюць механічную, фізічную, хімічную, біятэхналагічную, нанатэхналагічную трансфармацыю матэрыялаў у новы прадукт, а таксама зборку кампанентаў (мал. 140).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце краіны, дзе атрымала развіццё здабыўная прамысловасць, і краіны з высокім узроўнем развіцця апрацоўчай прамысловасці.

Ва ўмовах хуткага ўкаранення дасягненняў НТР у структуры апрацоўчай прамысловасці ўтварыліся высокатэхналагічныя галіны. Яны ўключаюць вытворчасць: 1) самалётаў і касмічных апаратаў; 2) офіснай, бухгалтарскай і камп’ютарнай тэхнікі; 3) фармацэўтыкі; 4) абсталявання для радыё, тэлебачання і сувязі; 5) высокадакладных, медыцынскіх і аптычных прыбораў.

Агульная характарыстыка сучаснай прамысловасці свету. Прамысловасць свету характарызуецца шэрагам адметных тэндэнцый. Па-першае, у выніку індустрыялізацыі адбываецца памяншэнне ў структуры долі здабыўной прамысловасці і павелічэнне — апрацоўчай. Доля здабыўной прамысловасці складае 10 %, апрацоўчай — 90 %. Па-другое, прамысловасць свету характарызуецца высокай ступенню геаграфічнай канцэнтрацыі.

На долю чатырох краін — індустрыяльных гігантаў — ЗША, Японіі, Кітая і Германіі — прыходзіцца 56 % аб’ёму прамысловай прадукцыі свету.

Па-трэцяе, на постындустрыяльнай стадыі роля прамысловасці і ў развітых краінах, і ў краінах, якія развіваюцца, застаецца значнай. Краіны Поўначы і Поўдня сфарміравалі свае нішы ў міжнародным геаграфічным падзеле працы.

Мал. 141. Вытворчасць медпрэпаратаў
у высокатэхналагічнай ТНК Bayer

Развітыя краіны застаюцца ядром прамысловасці свету і займаюць вядучую пазіцыю ў вытворчасці — 48 %, пры долі ў апрацоўчай прамысловасці звыш 75 %. У МГПП яны спецыялізуюцца на высокатэхналагічных галінах. Гэта так званыя верхнія паверхі апрацоўчай прамысловасці (навукаёмістае машынабудаванне, хімічная прамысловасць, фармацэўтыка, біятэхналогіі і інш.). Найбольшай доляй у сусветнай прамысловай вытворчасці характарызуюцца ЗША (21 %), Японія (8) і Германія (6 %) (мал. 141).

Роля краін, якія развіваюцца, у прамысловасці свету няўхільна расце і складае 40 %. У іх атрымліваюць хуткае развіццё рэсурсаёмістыя, энергаёмістыя, працаёмістыя галіны прамысловасці. Занятасць насельніцтва ў індустрыяльным сектары павялічваецца. У дзяржавах Поўдня шырока прадстаўлена здабыўная галіна і хутка развіваюцца «ніжнія паверхі» апрацоўчай прамысловасці (металургія, нафтахімія, вугальная, асноўная хімія і інш.).

Мал. 142. Металургічная вытворчасць
у Кітаі

Найбольш дынамічна прамысловасць развіваецца ў Кітаі, Індыі, новых індустрыяльных краінах і нафтаздабыўных дзяржавах. Кітай у цяперашні час уяўляе з сябе своеасаблівую індустрыяльную фабрыку свету, займаючы пазаканкурэнтныя пазіцыі па тэмпах і аб’ёмах вытворчасцей у металургіі (мал. 142), машынабудаванні і шэрагу іншых вытворчасцей.

Па-чацвёртае, для прамысловасці свету характэрны перанос або міграцыя асобных галін з адных краін у іншыя. З краін Поўначы ў краіны Поўдня мігрыравалі найбольш працаёмістыя і экалагічна шкодныя вытворчасці. Напрыклад, з краін Еўропы ў Азію, і асабліва ў Кітай, адбыўся перанос металургіі, асноўнай хіміі, вытворчасці сінтэтычных смол і пластмас, зборачных машынабудаўнічых вытворчасцей.

Паразважаем. Які ўплыў прамысловасці на навакольнае асяроддзе? Як за апошнія 50 гадоў змяніліся фактары размяшчэння прамысловых прадпрыемстваў?

Уплыў НТР на галіновую структуру прамысловасці свету. Вынікі НТР аказваюць уплыў на з’яўленне новых відаў вытворчасцей. Найбольш хуткімі тэмпамі ўкараняюцца распрацоўкі ў хімічнай галіне. Напрыклад, вытворчасць новых відаў хімічных валокнаў і нітак (поліэстар, спандэкс, мікрафібра, новыя пакаленні ўцяпляльнікаў); прэпаратаў бытавой хіміі (звышактыўныя ачышчальнікі забруджванняў, выдаляльнікі тлушчу); касметыкі і парфумерыі (антыўзроставыя прэпараты, ачышчальныя сродкі, гелевыя сродкі гігіены); лекаў (супрацьвірусныя сродкі, імунамадулятары). У металургіі ажыццёўлены пераход да новых відаў выплаўлення чыгуну і сталі — ад мартэнаўскай да кіслародна-канвертарнага і электрычнага. У здабыўной прамысловасці стала магчымым бурэнне марскіх нафтавых і газавых свідравін з плаваючых платформ. У аўтамабілебудаванні на зборачных работах выкарыстоўваюцца прамысловыя робаты, а сучасны легкавы аўтамабіль камплектуецца сістэмай электроннага кіравання, новымі матэрыяламі каркаса і салона, гібрыднымі відамі паліва. У харчовай прамысловасці актыўна прымяняюцца розныя віды кансервантаў, харчасмакавыя дабаўкі, араматызатары і ўзмацняльнікі смакаў, якія павялічваюць тэрміны прыгоднасці прадуктаў і замяняюць дарагія натуральныя кампаненты.

Падвядзём вынікі. Прамысловасць з’яўляецца асноўнай часткай сучаснай сусветнай гаспадаркі. На развіццё і размяшчэнне галін прамысловасці аказваюць уздзеянне тры асноўныя групы фактараў: ..., ... і ... . Асноўнымі галінамі прамысловасці з’яўляюцца ... прамысловасць і ... . Сёння павялічваецца доля высокатэхналагічных галін у структуры сусветнай прамысловасці. Развітыя краіны спецыялізуюцца на вытворчасці прамысловай прадукцыі ... (напр., навукаёмістае машынабудаванне, фармацэўтыка, біятэхналогіі), краіны, якія развіваюцца, — на вытворчасці прадукцыі ... (здабыўная прамысловасць, металургія, асноўная хімія).

Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя фактары размяшчэння прамысловасці? 2. Чым адрозніваецца занятасць насельніцтва ў прамысловасці развітых краін і краін, якія развіваюцца? 3. Якія новыя галіны ў развіцці прамысловасці з’явіліся ў апошнія дзесяцігоддзі?

Ад простага да складанага. 1. Чаму ва ўмовах НТР асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы кадраў у сістэме вышэйшай адукацыі? 2. Як уплывае будаўніцтва экалагічна небяспечнага прадпрыемства на ўзаемаадносіны паміж краінамі?

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Арганізацыя ААН па прамысловым развіцці.
Міжнародная стандартная галіновая класіфікацыя відаў эканамічнай дзейнасці.

Праверым свае веды. 1. Якія фактары трэба ўлічваць пры размяшчэнні галін прамысловасці? 2. Якія галіны або віды вытворчасцей варта размяшчаць ля крыніц сыравіны, якія — побач са спажыўцом, а якія — у месцах канцэнтрацыі працоўных рэсурсаў?

Ад простага да складанага. Растлумачце сцвярджэнне аўтара гравітацыйнай мадэлі А. Шэфле пра тое, што прамысловасць развіваецца пераважна ў вялікіх гарадах або паблізу ад іх.

Ад тэорыі да практыкі. Уявіце, што вам даручана распрацоўка праекта па размяшчэнні піцэрыі ў сваім горадзе. Выкарыстоўваючы мадэль В. Лаўнхардта, прапануйце адно з аптымальных месцаў для яе размяшчэння, улічваючы размяшчэнне трох асноўных фактараў — крыніцы сыравіны, рабочая сіла, рынак збыту. Падумайце, якія дадатковыя фактары ў сучасных умовах будуць уплываць на размяшчэнне піцэрыі.