*§ 20-1. ГЕАГРАФІЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ СВЕТУ

Класіфікацыя прыродных рэсурсаў. Прыродныя рэсурсы свету падзяляюць паводле некалькіх прыкмет.

Па прыроднай крыніцы іх паходжання вылучаюць:

– рэсурсы літасферы (мінеральныя, зямельныя, глебавыя);

– рэсурсы гідрасферы (воды сушы і Сусветнага акіяна, энергія рэк, прыліваў і адліваў);

– рэсурсы біясферы (расліннага і жывёльнага свету) і інш.

Па выкарыстанні ў гаспадарчай дзейнасці чалавека вылучаюць:

– рэсурсы прамысловай вытворчасці (мінеральныя, водныя, лясныя і інш.);

– рэсурсы для сельскагаспадарчай вытворчасці (агракліматычныя, зямельныя, глебавыя, водныя і г. д.);

– рэсурсы для рэкрэацыі і інш.

Па ступені іх вычарпальнасці вылучаюць:

1) вычарпальныя:

– аднаўляльныя (зямельныя, глебавыя, водныя рэсурсы сушы, раслінныя, жывёльнага свету);

– неаднаўляльныя (мінеральныя);

2) невычарпальныя: геатэрмальныя, рэсурсы Сусветнага акіяна, кліматычныя, касмічныя і інш.

Рэсурсазабяспечанасць — адносіны паміж запасамі прыродных рэсурсаў і іх здабычай.