§ 20. ПРАМЫСЛОВАСЦЬ СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

Месца прамысловасці ў сусветнай гаспадарцы, фактары размяшчэння. Найважнейшай часткай сучаснай сусветнай гаспадаркі з’яўляецца прамысловасць, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканамічнага развіцця грамадства. Геаграфія прамысловасці — галіна сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, якая вывучае тэрытарыяльную арганізацыю прамысловай вытворчасці: фактары, асаблівасці размяшчэння і ўзаемадзеяння галін і прадпрыемстваў у свеце і асобных краінах і рэгіёнах, іх сувязі з іншымі галінамі гаспадаркі, навукай, грамадствам і прыродным асяроддзем.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Выкарыстоўваючы веды, атрыманыя ў працэсе вывучэння вучэбнага прадмета «Сусветная гісторыя», узгадайце, калі пачала зараджацца прамысловасць. Што азначае тэрмін «прамысловая рэвалюцыя»? Дакажыце, што пры размяшчэнні прамысловых прадпрыемстваў неабходна ўлічваць меркаванне спецыялістаў з вобласці эканамічнай геаграфіі.

Прамысловасць з’яўляецца асноўнай галіной сусветнай гаспадаркі ў структуры сусветнага валавога прадукту і структуры занятасці насельніцтва. На яе долю прыпадае 30 % сусветнага валавога прадукту і 23 % занятых (3,4 млрд чал.). Месца прамысловасці ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца, у структуры іх гаспадарак адрозніваецца. У структуры ВУП у развітых краінах і краінах, якія развіваюцца, індустрыяльны сектар займае 25 і 30 % адпаведна.

На размяшчэнне галін прамысловасці аказвае ўздзеянне вялікая колькасць фактараў, якія падзяляюцца на тры асноўныя групы: старыя, ці класічныя, новыя і найноўшыя (мал. 138).

Тэрытарыяльны фактар уключае памер тэрыторыі і яе канфігурацыю, эканоміка-геаграфічнае становішча (цэнтральнае, перыферыйнае, суседскае, прыморскае, прыгранічнае). Прыродна-рэсурсны характарызуе забяспечанасць тэрыторыі/краіны прыроднымі рэсурсамі. Роля дадзенага фактару па меры развіцця сусветнай гаспадаркі слабее, але застаецца значнай у шэрагу краін. Значэнне транспартнага фактару заключаецца ў зніжэнні выдаткаў на перавозку грузаў. Працоўныя рэсурсы аказваюць істотны ўплыў на працягу ўсёй гісторыі сусветнай гаспадаркі. Важнае значэнне сёння набывае не толькі колькасць працоўных рэсурсаў, але і якасныя іх характарыстыкі (кваліфікацыя, адукацыя, здароўе, мабільнасць, наяўнасць канкрэтных навыкаў і інш.).

Паразважаем. Адна з найбуйнейшых экалагічных катастроф другой паловы ХХ ст. адбылася ў індыйскім горадзе Бхапал. З прычыны выкіду атрутных рэчываў на адным з прадпрыемстваў амерыканскай ТНК «Юніён Карбайд», якая вырабляе пестыцыды для сельскай гаспадаркі, загінула 18 тыс. жыхароў Індыі. Чаму ЗША пабудавалі гэта прадпрыемства не ў сваёй краіне?

Асаблівае значэнне набываюць экалагічны фактар і навукаёмістая вытворчасць. Пад уплывам індустрыялізацыі адбываецца забруджванне навакольнага асяроддзя. У сувязі з гэтым развітыя краіны ўводзяць жорсткія экалагічныя нормы і ажыццяўляюць перанос найбольш «брудных вытворчасцей» у краіны, якія развіваюцца, дзе экалагічнае заканадаўства пакуль знаходзіцца на пачатковай стадыі развіцця. У выніку навукова-тэхнічнай рэвалюцыі адбываецца ўкараненне яе вынікаў ва ўсе галіны прамысловасці. У канчатковым выніку адбываецца павелічэнне выдаткаў на навуковыя даследаванні.

Навукова-тэхнічная рэвалюцыя (НТР) — карэнныя пераўтварэнні ў сістэме навуковых ведаў і ў тэхніцы, якія адбываюцца ў непарыўнай сувязі з гістарычным працэсам развіцця чалавечага грамадства.

Свет і Беларусь. Як паўплывала НТР на галіновую структуру прамысловасці Рэспублікі Беларусь? Якія фактары з’яўляюцца вызначальнымі ў размяшчэнні прамысловых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь?