§ 19. ГЕАГРАФІЯ ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ

Аграрная палітыка ў краінах Еўрапейскага саюза. Як правіла, правядзенне адзінай аграрнай палітыкі ў інтэграцыйным аб’яднанні краін не выступае першараднай задачай. Еўрапейскі саюз з’яўляецца гістарычным прыкладам, калі задачы фарміравання адзінай індустрыяльнай і сельскагаспадарчай сферы ажыццяўляліся адначасова. Аграрная палітыка вызначае галоўную ролю ЕС у глабальнай вытворчасці і гандлі харчовымі прадуктамі. На яго долю прыходзіцца 17 % сусветнага экспарту прадуктаў харчавання. ЕС займае другое месца як сусветны экспарцёр малочных прадуктаў і свініны і трэцяе месца па экспарце птушкі і збожжа.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Адзіная аграрная палітыка Еўрапейскага саюза (ААП ЕС) з 1960-х гг. уяўляе з сябе сістэму выплат фермерам краін ЕС. Галоўныя мэты ААП — гэта арганізацыя сельскагаспадарчага рынку, устанаўленне адзіных цэн на большасць відаў прадукцыі сельскай гаспадаркі, высокая ступень абароны ўнутранага аграрнага рынку, забеспячэнне работнікам, занятым у аграрным сектары, годнага ўзроўню жыцця, супастаўнага з іншымі сектарамі эканомікі.

На аграрную палітыку выдаткоўваецца 46,7 % бюджэту ЕС. Яна прайшла некалькі этапаў у сваім развіцці (мал. 137), якія сведчаць аб пастаянным яе ўдасканаленні.

Як любы інтэграцыйны працэс адзіная аграрная палітыка не толькі мае перавагі, але і сутыкаецца з шэрагам праблем. Гэта, напрыклад, адзіныя стандарты якасці малочнай прадукцыі; аднолькавы памер выплат незалежна ад памеру фермерскай гаспадаркі і аб’ёмаў вытворчасці; памяншэнне выплат старым членам ЕС з-за яго пашырэння і неабходнасці выплат новым членам інтэграцыйнага аб’яднання; скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці і колькасці фермераў з-за праблем са збытам прадукцыі; адзіныя цэны на прадукцыю незалежна ад выдаткаў; абмежаванні на імпарт сельскагаспадарчай сыравіны і інш. Аднак поспехі адзінай аграрнай палітыкі пераважаюць над выдаткамі. У яе ёсць магчымасць стаць еўрапейскай мадэллю сельскай гаспадаркі XXI ст.

Падвядзём вынікі. Асноўнымі падгалінамі жывёлагадоўлі з’яўляюцца ..., ..., ..., ... . Лідарамі па пагалоўі буйной рагатай жывёлы з’яўляюцца ..., ..., ....; па пагалоўі свіней — ..., ..., ...; авечак — ..., ..., ... . Асноўнымі экспарцёрамі прадукцыі жывёлагадоўлі з’яўляюцца ..., імпарцёрамі — ... .

Праверым свае веды. 1. Якія фактары вызначаюць развіццё жывёлагадоўлі ў свеце? Адказ патлумачце. У чым заключаюцца адрозненні ў развіцці жывёлагадоўлі ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца? 2. У чым адрозненне экстэнсіўнай жывёлагадоўлі ад інтэнсіўнай? Як НТР паўплывала на развіццё жывёлагадоўлі?

Ад простага да складанага. Падрыхтуйце паведамленні пра развіццё жывёлагадоўлі ў краінах ЕС.

Ад тэорыі да практыкі. Запоўніце табліцу ў сшытку, выкарыстоўваючы матэрыялы вучэбнага дапаможніка і дадатковыя крыніцы інфармацыі.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Статыстычная база Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН ФАО па жывёлагадоўлі.