*§ 19-1. РОЛЯ НДВКП У РАЗВІЦЦІ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ

Генетычна мадыфікаваныя арганізмы (ГМА) у сельскай гаспадарцы. Павелічэнне колькасці насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца, і іх нізкі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця разам з ростам цэн на харчаванне ў свеце з’яўляюцца прычынамі харчовай праблемы і праблемы голаду. Для яе вырашэння чалавецтва ў розныя перыяды праводзіла «зялёныя рэвалюцыі». У 1960-я гг. дзякуючы адкрыццям у галіне селекцыі сельскагаспадарчых культур, ірыгацыі, шырокаму прымяненню сучаснай тэхнікі, угнаенняў і пестыцыдаў удалося павысіць ураджайнасць збожжавых культур і павялічыць аб’ёмы сельскагаспадарчай вытворчасці.

У выніку «зялёнай рэвалюцыі» многія краіны, якія развіваюцца, сталі задавальняць свае патрэбы за кошт уласнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Аднак рашэнне харчовай праблемы спосабамі «зялёнай рэвалюцыі» абвастрыла экалагічную праблему. Пры гэтым праблема голаду ў свеце захоўваецца. Гэта стала перадумовамі для другой «зялёнай рэвалюцыі», заснаванай на біятэхналогіях і генетычнай інжынерыі. Змена генатыпу расліны дазваляе павысіць харчовую каштоўнасць яе бялкоў і забяспечыць устойлівасць расліны да шкоднікаў і хвароб, не ўжываючы моцных ядахімікатаў.

Адзінага заканадаўства аб выкарыстанні генна-мадыфікаванай (ГМ) прадукцыі сёння няма ні ў ЗША, ні ў Еўропе. Рынак ГМА ў свеце пакуль не сфарміраваўся. У адных краінах гэтыя прадукты забаронены цалкам, у другіх — часткова, у трэціх — наогул дазволены.

Плошча пасеваў ГМ-культур у свеце перавысіла 169 млн га. Агульная плошча пасеваў генна-мадыфікаваных культур у 1,5 раза перавышае тэрыторыю ЗША. Генна-мадыфікаваныя культуры вырошчваюць каля 15 млн фермераў у 28 краінах свету. У краінах, якія развіваюцца, у цяперашні час працэс выкарыстання ГМА ў сельскай гаспадарцы ідзе значна больш інтэнсіўна, чым у развітых.

Лідарамі ў вытворчасці ГМ-культур з’яўляюцца ЗША, Аргенціна, Бразілія, Кітай і Індыя. Большасць краін Еўрапейскага саюза не прымаюць выкарыстанне біягенных тэхналогій у сельскай гаспадарцы. Толькі ў пяці краінах — Іспаніі, Партугаліі, Чэхіі, Румыніі і Славакіі — дазволена іх выкарыстанне.

У свеце было выведзена каля тысячы генна-мадыфікаваных культур, аднак з іх толькі 100 дазволены да прамысловай вытворчасці. Найбольш распаўсюджаныя культуры, што вырошчваюцца ў прамысловых маштабах, — гэта таматы, соя, кукуруза, рыс, пшаніца, бульба, кабачок. Так, 45 % сусветнай вытворчасці соі, 11 % — кукурузы, 20 % — бавоўніку складаюць генетычна мадыфікаваныя сарты.

Асноўнымі спажыўцамі трансгенных сартоў з’яўляюцца ЗША, Бразілія, Кітай, Індыя, Калумбія, Гандурас, краіны СНД.

У свеце ТНК. Адной з найбольш вядомых ТНК, якія вырабляюць вялікую колькасць генетычна змененых раслін і вядуць палітыку па ўкараненні ГМА ў працэс вытворчасці харчавання па ўсім свеце, з’яўляецца амерыканская кампанія «Мансанта» (Monsanto Company).

Спецыялісты не проста змагаюцца за ўраджай, але і імкнуцца павялічыць карысныя якасці прадуктаў. Напрыклад, у адных яны штучным чынам павышаюць дозу вітамінаў і мікраэлементаў, у другіх — пажыўную каштоўнасць, а з трэціх спрабуюць вынайсці новыя лекі. Вялікую цікавасць выклікае стварэнне трансгенных жывёл. З дапамогай гэтага амерыканскія навукоўцы вывелі новую пароду ГМ-курэй, у якіх яйкі будуць утрымліваць у сабе рэчывы, якія перашкаджаюць развіццю ракавых клетак у арганізме.

У свеце цікавага. Адна з асноўных асцярог спецыялістаў і экалагічнай грамадскасці ў сувязі з выкарыстаннем ГМА ў сельскай гаспадарцы — гэта рызыка разбурэння прыродных экасістэм. У той жа час Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) апублікавала даклад, асноўную выснову якога можна сфармуляваць так: ужыванне генна-мадыфікаваных раслін у ежу абсалютна бяспечна. Спрабуючы абараніцца ад ГМ-культур, многія краіны ўвялі маркіроўку на прадуктах з ГМА. У свеце існуюць розныя падыходы да этыкетавання прадуктаў з ГМА. Так, у ЗША, Канадзе, Аргенціне гэтая прадукцыя не маркіруецца, у краінах ЕЭЗ прыняты 0,9 % парог, у Японіі і Аўстраліі — 5 %.