*§ 19-3. ГЕАГРАФІЯ АСНОЎНЫХ ВЫТВОРЧАСЦЕЙ ЛЕСАПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ

Агульная характарыстыка вытворчасцей ЛПК. У канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. у геаграфіі сусветнага ЛПК і яго галін адбыліся вялікія змены. Рацыянальнае выкарыстанне лясоў і эколагаарыентаваныя зрухі ў сусветнай гаспадарцы абумовілі найбольшы рост відаў вытворчасцей, якія працуюць з выкарыстаннем здробненай драўніны (стружкі, дранкі, валокнаў). Так, вытворчасць ліставых драўняных пліт за апошнія дваццаць гадоў вырасла практычна ў два разы. Другое месца па тэмпах развіцця належыць у ЛПК вытворчасці паперы і кардону. Гэта тлумачыцца попытам, што расце, на ўпаковачныя матэрыялы ў розных галінах сусветнай гаспадаркі. Стабільнай застаецца дынаміка вытворчасці паліўнай драўніны. Нязначны рост паказвае вытворчасць дзелавой драўніны.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. З 1 м3 драўніны можа быць выпрацавана 0,6 м3 піламатэрыялаў, або 5 шпал, або 200 кг цэлюлозы, або каля 390 кг драўнянай масы, або 240 кг паперы, або 250 кг кардону, або 160 кг шоўку, з якога можна вырабіць 1,5 тыс. м шаўковай тканіны, або 4 тыс. пар шаўковых панчох, або 500 шаўковых сукенак. 1 т ігліцы дае 250 кг фарбавальнікаў для мэблі. З 1 т драўніны можна атрымаць 300 кг крышталічнай глюкозы для харчовай прамысловасці.

У развіцці лесапрамысловага комплексу свету значна вырасла роля краін, якія развіваюцца, і вырашальны ўклад у гэта ўносіць Кітай. Рэгіён – лідар сусветнага ЛПК Паўночная Амерыка губляе свае пазіцыі. Галоўным канкурэнтам становіцца Азія, якая ў цяперашні час па маштабах лесапрамысловай вытворчасці апярэджвае Еўропу.

Лесанарыхтоўчая прамысловасць з’яўляецца асновай усяго ЛПК. Гэта падгаліна прывязана да сыравіннай базы і характарызуецца практычна арэальным характарам распаўсюджвання. Асноўнымі відамі вытворчасцей у структуры лесанарыхтоўкі з’яўляюцца вытворчасць паліўнай і дзелавой драўніны.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Па вызначэнні ФАО, да паліўнай адносяць драўніну, нарыхтаваную з асноўных ствалоў, галіны і драўніну, што выкарыстоўваецца для вытворчасці драўнянага вугалю. Пад дзелавой драўнінай разумеюць часткі ствала дрэва вызначаных памераў і якасці, несклюдаваную драўніну, якія з’яўляюцца канчатковым прадуктам лесанарыхтоўчай вытворчасці альбо выкарыстоўваюцца як паўфабрыкаты для далейшай механічнай ці хімічнай перапрацоўкі (напр., для вытворчасці піламатэрыялаў, цэлюлозы, стружкавых або драўняна-валакністых пліт і інш.).

Вытворчасць паліўнай і дзелавой драўніны займае лідзіруючыя пазіцыі ў сучаснай структуры ЛПК. Доля паліўнай драўніны складае 39 %, дзелавой — 34 %. З канца ХХ ст. аб’ёмы нарыхтоўкі дзелавой і дрывяной драўніны блізкія, аднак больш высокімі паказчыкамі росту аб’ёмаў характарызуецца першая.

У свеце вырабляецца 1,9 млрд м3 паліўнай драўніны. Паліўная драўніна дамінуе ў структуры дзяржаў Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі, якія развіваюцца. Вядучымі краінамі-вытворцамі з’яўляюцца Індыя, Кітай і Бразілія (мал. 137-9).

Мал.
Мал. 137-9. Вядучыя вытворцы прадукцыі лесапрамысловага комплексу свету

У нарыхтоўках дзелавой драўніны (мал. 137-10) лідарства сярод рэгіёнаў належыць Паўночнай Амерыцы (35 %). Другое месца займае Еўропа. На долю Азіі прыпадае каля 16 % сусветных нарыхтовак дзелавой драўніны, Лацінскай Амерыкі — 12 %, СНД — 9 %, Афрыкі і Аўстраліі з Акіяніяй — 3–4 %. Аб’ём вытворчасці дзелавой круглай драўніны ў свеце складае 1,9 млрд м3. Лідзіруюць па гэтым відзе вытворчасці ЗША, Расія і Кітай.

Мал.
Мал. 137-10. Дзелавая драўніна

Свет і Беларусь. Якія вытворчасці лесапрамысловага комплексу ўзніклі раней за іншыя ў Рэспубліцы Беларусь? Чаму найбуйнейшыя цэнтры дрэваапрацоўкі Беларусі размешчаны ў буйных гарадах або паблізу буйных аўтамабільных і чыгуначных магістралей? Якую прадукцыю лесапрамысловага комплексу Рэспубліка Беларусь пастаўляе на экспарт?

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. 1. Сучасны рынак мае шмат прапаноў розных піламатэрыялаў. Чаму піламатэрыялы, вырабленыя з парод лясоў паўночнага ляснога пояса, больш якасныя, чым піламатэрыялы, вырабленыя з паўднёвых парод? Адказ патлумачце. 2. Выбіраючы паміж піламатэрыяламі з хвоі і з лістоўніцы, дасведчаны пакупнік спыніць свой выбар на лістоўнічных піламатэрыялах. Прывядзіце некалькі фактаў, якія пацвярджаюць правільны выбар пакупніка.