*§ 19-2. ЛЯСНАЯ ГАСПАДАРКА СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

Структура лясной гаспадаркі свету. Ва ўмовах глабалізацыі і транснацыяналізацыі адбываецца змена і ўскладненне галіновай структуры сусветнай гаспадаркі. Адной са структурных частак сучаснай сусветнай эканомікі, што найбольш дынамічна развіваюцца, выступае лясная гаспадарка, якая сфарміравала самастойную галіну — лесапрамысловы комплекс свету.

Паразважаем. Лес — гэта складаная экасістэма, якая закранае амаль кожны від жывога на планеце. Убраць лес з гэтага ланцугу раўназначна разбурэнню экалагічнай раўнавагі як у рэгіёне, так і ва ўсім свеце. Ці згодныя вы з гэтым сцвярджэннем або прытрымліваецеся іншага пункту гледжання?

У Міжнароднай стандартнай галіновай класіфікацыі відаў эканамічнай дзейнасці лясная гаспадарка падзяляецца на лесаводства і лесанарыхтоўкі. Па абагульненым вызначэнні ФАО, Еўрастата, Міжнароднай арганізацыі трапічных лясоў і Эканамічнай камісіі ААН для Еўропы сектар лясной гаспадаркі ўключае вытворчасць, транспарціроўку шырокага спектру тавараў і вырабаў лясной галіны і экспартна-імпартныя аперацыі.

У свеце цікавага. Высечка лясоў пачалася яшчэ тысячы гадоў таму, а драўніна выкарыстоўвалася для будаўніцтва караблёў і дамоў. Тым не менш за апошнія 20 гадоў больш за 300 млн гектараў трапічных лясоў (больш чым плошча Індыі) былі знішчаны для сельскай гаспадаркі, здабычы карысных выкапняў або гарадскога развіцця. З-за актыўнай дзейнасці людзей лясныя рэсурсы страцілі каля 50 % плошчы, што само па сабе значна парушае глабальны вугляродны цыкл.