*§ 19-2. ЛЯСНАЯ ГАСПАДАРКА СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА
![]() Успамінаем. Што такое лясістасць? Ці раўнамерна размешчаны лясныя рэсурсы на Зямлі? Чым адрозніваецца геаграфія размяшчэння лясных рэсурсаў у паўночным і паўднёвым паўшар’ях? Якое значэнне лесу ў жыцці чалавека? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Падумайце, ці магчыма ў цяперашні час чалавеку цалкам адмовіцца ад выкарыстання драўніны і замяніць яе новымі канструкцыйнымі матэрыяламі? Што вы можаце зрабіць у мэтах захавання лясных рэсурсаў? Якія змены прыродных працэсаў выклікаюць скарачэнне плошчы лясных рэсурсаў? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 10 клас |
Книга: | *§ 19-2. ЛЯСНАЯ ГАСПАДАРКА СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 9 Май 2025, 22:51 |
Структура лясной гаспадаркі свету. Ва ўмовах глабалізацыі і транснацыяналізацыі адбываецца змена і ўскладненне галіновай структуры сусветнай гаспадаркі. Адной са структурных частак сучаснай сусветнай эканомікі, што найбольш дынамічна развіваюцца, выступае лясная гаспадарка, якая сфарміравала самастойную галіну — лесапрамысловы комплекс свету.
![]() Паразважаем. Лес — гэта складаная экасістэма, якая закранае амаль кожны від жывога на планеце. Убраць лес з гэтага ланцугу раўназначна разбурэнню экалагічнай раўнавагі як у рэгіёне, так і ва ўсім свеце. Ці згодныя вы з гэтым сцвярджэннем або прытрымліваецеся іншага пункту гледжання? |
У Міжнароднай стандартнай галіновай класіфікацыі відаў эканамічнай дзейнасці лясная гаспадарка падзяляецца на лесаводства і лесанарыхтоўкі. Па абагульненым вызначэнні ФАО, Еўрастата, Міжнароднай арганізацыі трапічных лясоў і Эканамічнай камісіі ААН для Еўропы сектар лясной гаспадаркі ўключае вытворчасць, транспарціроўку шырокага спектру тавараў і вырабаў лясной галіны і экспартна-імпартныя аперацыі.
![]() У свеце цікавага. Высечка лясоў пачалася яшчэ тысячы гадоў таму, а драўніна выкарыстоўвалася для будаўніцтва караблёў і дамоў. Тым не менш за апошнія 20 гадоў больш за 300 млн гектараў трапічных лясоў (больш чым плошча Індыі) былі знішчаны для сельскай гаспадаркі, здабычы карысных выкапняў або гарадскога развіцця. З-за актыўнай дзейнасці людзей лясныя рэсурсы страцілі каля 50 % плошчы, што само па сабе значна парушае глабальны вугляродны цыкл. |
Лесапрамысловы комплекс свету, галіновая структура.
![]() Лесапрамысловы комплекс (ЛПК) — сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемаабумоўленых галін вытворчасці, якія займаюцца гаспадарчым выкарыстаннем лясных рэсурсаў. |
У галіновай структуры лесапрамысловага комплексу вылучаюць пяць відаў вытворчасцей (мал. 137-4).

Мэблевая прамысловасць, якая разглядалася раней як частка дрэваапрацоўкі, і паліграфічная прамысловасць у сучаснай сусветнай гаспадарцы ўяўляюць сабой самастойныя вытворчасці.
![]() Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Чаму найбольшыя маштабы лесанарыхтовак характэрныя для краін, якія развіваюцца? |
Сучасны ЛПК характарызуецца выпускам вельмі шырокага пераліку прадукцыі (табл. *14).

Сыравінная база лесапрамысловага комплексу. Паясны характар размяшчэння і занальныя адрозненні. Плошча лясных зямель у свеце складае прыкладна 4 млрд га, або 30 % плошчы сушы без Антарктыды.
Лясныя рэсурсы размеркаваны па свеце нераўнамерна, маюць паясны характар размяшчэння і прадстаўлены паўночным/хвойным і паўднёвым/трапічным ляснымі паясамі. Паказчык лясістасці свету складае 31 % (2015 г.). Для дзяржаў Паўднёвай Амерыкі характэрна найбольшая лясістасць сярод рэгіёнаў свету — 49 %. У Цэнтральнай Амерыцы яна складае 38 %, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі — 35 %, Паўночнай Амерыцы, Заходняй і Цэнтральнай Афрыцы — 33 і 32 % адпаведна (табл. *15).

У першую дзясятку краін з самымі вялікімі плошчамі, занятымі лясамі, уваходзяць Расія (815 млн га), Бразілія (493), Канада (347), ЗША (311), Кітай (208 млн га).
![]() Свет і Беларусь. Які відавы склад лясоў Беларусі? Якія раёны Беларусі адрозніваюцца найбольшай лясістасцю? Ці забяспечвае сябе цалкам Рэспубліка Беларусь неабходнай колькасцю дзелавой драўніны? |
Лясістасць краін свету. Дынаміка плошчы лясоў па рэгіёнах і групах краін. У першую тройку дзяржаў з самай вялікай доляй лясоў у структуры зямельных рэсурсаў уваходзяць Французская Гвіяна (98 %), Сурынам (95 %), Федэратыўныя Штаты Мікранезіі (92 %).
За перыяд 1990–2015 гг. адбыліся істотныя змены ў плошчы лясоў па рэгіёнах і краінах свету. Для свету ў цэлым характэрна штогадовае памяншэнне плошчы лясоў (мал. 137-5). Найбольш інтэнсіўнае знішчэнне лясоў адбываецца ў краінах, якія развіваюцца (мал. 137-6). Да краін з найбольшым скарачэннем лясных плошчаў адносяцца Бразілія, Інданезія, М’янма, Нігерыя і Танзанія.
![]() У свеце ўсё ўзаемазвязана. Адной з галоўных прычын празмернай высечкі лесу ў Амазонцы з’яўляецца яшчэ і павелічэнне экспарту бразільскай ялавічыны. Аказваецца, што 60–70 % пазбаўленай ляснога покрыва зямлі выкарыстоўваюцца для гадоўлі рагатай жывёлы, галоўным чынам, фермерамі, якія маюць невялікія гаспадаркі (мал. 137-7). |

Станоўчая альбо стабільная дынаміка лясных плошчаў характэрная, у асноўным, для развітых краін і некаторых краін, якія развіваюцца (мал. 137-8). Напрыклад, у Кітаі адбываецца найбольшы рост лясных плошчаў у свеце.

![]() Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Чаму найбольшыя маштабы лесанарыхтовак характэрныя для краін, якія развіваюцца? |
![]() Папрацуем з атласам. Назавіце і пакажыце тры вядучыя дзяржавы з найбольшай плошчай лясоў. Назавіце і пакажыце тры вядучыя дзяржавы з найбольшай лясістасцю. |
![]() Падвядзём вынікі. Лясная гаспадарка падзяляецца на лесаводства і лесанарыхтоўкі. Пад ЛПК разумеецца сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемаабумоўленых галін вытворчасці, якія займаюцца гаспадарчым выкарыстаннем лясных рэсурсаў. Геаграфія лясной прамысловасці шмат у чым вызначаецца размяшчэннем лясных рэсурсаў. Лясныя рэсурсы свету сканцэнтраваны ў двух лясных паясах, якія адрозніваюцца па геаграфічным становішчы і відавым складзе, — паўночным і паўднёвым. Найбольшую плошчу лясоў маюць Расія, Бразілія, Канада, найбольшую лясістасць — Французская Гвіяна, Мікранезія, Сурынам. |
![]() Праверым свае веды. 1. У чым адрозненне паўночнага і паўднёвага лясных паясоў? 2. Чаму адбыліся змены ў геаграфіі лесанарыхтовак? 3. Чаму абязлесенне — непазбежны працэс для многіх краін? 4. Для якіх краін характэрна станоўчая дынаміка плошчы лясоў, а для якіх — адмоўная? Патлумачце свой адказ. |
![]() Ад простага да складанага. 1. Падрыхтуйце выступленне на тэму «Абязлесенне — глабальная праблема чалавецтва». 2. Прадстаўце міні-праект «Безадходнае выкарыстанне драўніны». |
![]() Ад тэорыі да практыкі. Складзіце схему «Сучаснае выкарыстанне драўніны». |
![]() |
Падарожжа па Глабальнай сетцы. Iнфармацыйныя матэрыялы ФАО аб лясной гаспадарцы свету. |
![]() |
Штогадовыя справаздачы ФАО аб лясной прадукцыі. | ![]() |