§ 10. МІЖНАРОДНАЯ МІГРАЦЫЯ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Міграцыя ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца. Галоўнай асаблівасцю міжнароднай міграцыі з’яўляецца міграцыйны адток, што павялічваецца, з краін, якія развіваюцца, у развітыя. Развітыя краіны характарызуюцца станоўчым сальда міграцыі. У краінах, якія развіваюцца, назіраецца адмоўнае сальда міграцыі (мал. 67).

Паразважаем. Дэмаграфічнае развіццё і роля міжнароднай міграцыі ў ім істотна адрозніваюцца ў развітых рэгіёнах свету і рэгіёнах, якія развіваюцца. Пацвердзіце або аспрэчце дадзены выраз.

З канца 1980-х гг. свет характарызуецца надыходам найноўшага перыяду міграцыі насельніцтва. Ён сфарміраваўся пад уздзеяннем палітычных, сацыяльна-эканамічных, экалагічных і лакальных фактараў. Асноўнымі падзеямі гэтага перыяду былі распад сацыялістычнай сістэмы гаспадарання, з’яўленне суверэнных дзяржаў і змена іх дзяржаўных меж, пашырэнне меж Еўрапейскага саюза.

Свет і Беларусь. Назавіце асноўныя фактары, якія вызначылі трэнды міжнароднай міграцыі насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь на пачатку XXI ст. Якія сферы занятасці з’яўляюцца найбольш прывабнымі для беларускіх мігрантаў у краінах СНД і Заходняй Еўропы?

Павелічэнне разрыву ва ўзроўні жыцця паміж эканамічна развітымі дзяржавамі і дзяржавамі, якія развіваюцца, а таксама ў групе краін, што развіваюцца, выступае фактарам росту патокаў міжнароднай міграцыі (мал. 68).

Асноўным з’яўляецца паток міграцыі з краін, якія развіваюцца, у развітыя краіны (40 %). Аднак з-за павелічэння адрозненняў ва ўзроўні даходаў насельніцтва больш чым кожны трэці міжнародны мігрант сёння выязджае з краін, якія развіваюцца, у краіны, якія развіваюцца (напр., з Гватэмалы ў Мексіку, з Бангладэш у Індыю). Гэта ж прычына тлумачыць міграцыю з развітых у развітыя краіны, на якую прыходзіцца 22 % (напр., з Іспаніі ў Германію).