§ 10. МІЖНАРОДНАЯ МІГРАЦЫЯ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ
![]() Успамінаем. Праблемы якога характару спрыяюць міжнароднай міграцыі? Успомніце падзеі, што выклікалі найбольш маштабныя перамяшчэнні людзей у гісторыі чалавецтва. Якія праблемы яны пацягнулі за сабой? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Што неабходна прадпрымаць дзяржаве, каб не дапусціць значных маштабаў эміграцыі? Якія праблемы цягне за сабой міжнародная міграцыя? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 10 клас |
Книга: | § 10. МІЖНАРОДНАЯ МІГРАЦЫЯ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 9 Май 2025, 22:47 |
Дынаміка маштабаў міжнароднай міграцыі ў свеце і рэгіёнах. З сярэдзіны ХХ ст. пачынаецца сучасная эпоха міграцыі насельніцтва свету. Гістарычным яе пачаткам было заканчэнне Другой сусветнай вайны, а галоўнай асаблівасцю — значны рост маштабаў міжнароднай міграцыі. На палітычнай карце свету не засталося дзяржаў, якія не былі б уцягнуты ў міжнародную міграцыю. У параўнанні з 1965 г. колькасць міжнародных мігрантаў у свеце ўзрасла ў 3,5 раза і склала 258 млн чалавек, або 3,4 % насельніцтва свету. Міжнародная міграцыя набыла глабальны характар.
![]() У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія падзеі ў свеце спрыяюць актывізацыі міжнароднай міграцыі? Чаму яна стала глабальным працэсам? |
![]() голаду ў Ірландыі ![]() У свеце цікавага. У гісторыі чалавецтва класічнай краінай эміграцыі ў XIX ст. была Ірландыя. За некалькі дзесяцігоддзяў пасля Вялікага голаду ў 1840-х гг. (мал. 63) насельніцтва гэтай краіны зменшылася ў два разы. Па долі эмігрантаў у насельніцтве яна заняла першае месца ў свеце. Цяпер у Ірландыі пражывае толькі палова ірландцаў. У ЗША — больш за 40 млн асоб ірландскага паходжання — у 12 разоў больш жыхароў самой Ірландыі. У сярэдзіне XIX ст. у Новы Свет з Ірландыі прыбылі 5000 караблёў з эмігрантамі. Усяго на амерыканскі бераг ступіла крыху больш за мільён чалавек. |
Звыш 60 % міжнародных мігрантаў пражывае ў Азіі (80 млн чал.) і ў Еўропе (78 млн чал.). Паўночная Амерыка з’яўляецца трэцім рэгіёнам па ліку міжнародных мігрантаў (58 млн чал.). Па колькасці міжнародных мігрантаў на 1000 жыхароў найбольшымі значэннямі вылучаюцца Аўстралія з Акіяніяй і Паўночная Амерыка (4,8 і 3,2 ‰ адпаведна). Тры рэгіёны (Афрыка, Паўднёвая Амерыка і Азія) характарызуюцца міграцыйным адтокам (мал. 64).
У 2017 г. найбольшая колькасць міжнародных мігрантаў пражывала ў ЗША (50 млн чал.), Саудаўскай Аравіі, Германіі і Расіі (каля 12 млн чал.). Найбуйнейшымі краінамі паходжання міжнародных мігрантаў з’яўляюцца Індыя, Мексіка і Расія (мал. 65). Да іншых краін з вялікай колькасцю мігрантаў адносяцца Кітай, Бангладэш, Сірыя, Пакістан і Украіна.
У структуры міжнародных мігрантаў пераважаюць мужчыны — 52 %. Доля жанчын складае 48 % і пастаянна павялічваецца. Сярэдні ўзрост сучаснага мігранта павялічваецца і складае 39 гадоў. 74 % мігрантаў знаходзяцца ў працаздольным узросце (20–64 гады) (мал. 66).
![]() Свет і Беларусь. Якімі асаблівасцямі характарызуецца знешняя міграцыя насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь? Якая геаграфія іміграцыі ў Рэспубліку Беларусь? Працоўныя мігранты якіх спецыяльнасцей эмігрыруюць з нашай краіны? Чым гэта можна растлумачыць? |


Краінамі з найбольшай доляй імігрантаў у структуры насельніцтва з'яўляюцца ААЭ (88,4 %), Кувейт (75 %), Катар (65,5 %).
Краінамі з найбольшай доляй эмігрантаў у структуры насельніцтва з'яўляюцца малыя па плошчы і астраўныя дзяржавы — Дамініка (49 %), Антыгуа і Барбуда (44 %), Сент-Кітс і Невіс (42 %). Гэта тлумачыцца адсутнасцю магчымасцей для маладога і працаздольнага насельніцтва атрымаць адукацыю, знайсці працу і інш.
Міграцыя ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца. Галоўнай асаблівасцю міжнароднай міграцыі з’яўляецца міграцыйны адток, што павялічваецца, з краін, якія развіваюцца, у развітыя. Развітыя краіны характарызуюцца станоўчым сальда міграцыі. У краінах, якія развіваюцца, назіраецца адмоўнае сальда міграцыі (мал. 67).
![]() Паразважаем. Дэмаграфічнае развіццё і роля міжнароднай міграцыі ў ім істотна адрозніваюцца ў развітых рэгіёнах свету і рэгіёнах, якія развіваюцца. Пацвердзіце або аспрэчце дадзены выраз. |
З канца 1980-х гг. свет характарызуецца надыходам найноўшага перыяду міграцыі насельніцтва. Ён сфарміраваўся пад уздзеяннем палітычных, сацыяльна-эканамічных, экалагічных і лакальных фактараў. Асноўнымі падзеямі гэтага перыяду былі распад сацыялістычнай сістэмы гаспадарання, з’яўленне суверэнных дзяржаў і змена іх дзяржаўных меж, пашырэнне меж Еўрапейскага саюза.
![]() Свет і Беларусь. Назавіце асноўныя фактары, якія вызначылі трэнды міжнароднай міграцыі насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь на пачатку XXI ст. Якія сферы занятасці з’яўляюцца найбольш прывабнымі для беларускіх мігрантаў у краінах СНД і Заходняй Еўропы? |
Павелічэнне разрыву ва ўзроўні жыцця паміж эканамічна развітымі дзяржавамі і дзяржавамі, якія развіваюцца, а таксама ў групе краін, што развіваюцца, выступае фактарам росту патокаў міжнароднай міграцыі (мал. 68).
Асноўным з’яўляецца паток міграцыі з краін, якія развіваюцца, у развітыя краіны (40 %). Аднак з-за павелічэння адрозненняў ва ўзроўні даходаў насельніцтва больш чым кожны трэці міжнародны мігрант сёння выязджае з краін, якія развіваюцца, у краіны, якія развіваюцца (напр., з Гватэмалы ў Мексіку, з Бангладэш у Індыю). Гэта ж прычына тлумачыць міграцыю з развітых у развітыя краіны, на якую прыходзіцца 22 % (напр., з Іспаніі ў Германію).
Калідоры міжнароднай міграцыі. Значныя маштабы міжнароднай міграцыі разам з гістарычнымі перадумовамі прывялі да фарміравання ў свеце ўстойлівых і вялікіх па колькасці патокаў мігрантаў паміж асобнымі краінамі. Гэта з’ява атрымала назву «міграцыйны калідор». Усяго іх налічваецца 15. Самым буйным з’яўляецца калідор паміж Мексікай і ЗША, дзе колькасць міжнародных мігрантаў складае каля 13 млн чалавек (мал. 69).
![]() Папрацуем з атласам. Пакажыце на палітычнай карце свету асноўныя калідоры міжнародных міграцый: Мексіка — ЗША; Індыя — ААЭ; Расія — Украіна. Чым вы можаце растлумачыць іх фарміраванне? |
Прычына міграцыі ў межах калідораў, як правіла, эканамічная — магчымасць знайсці работу насельніцтву з краін, якія развіваюцца. Аднак у апошнія гады прычынай часта становяцца палітычныя падзеі ў краіне, напрыклад у Сірыі (мал. 70).
Сучасныя віды міжнароднай міграцыі і іх геаграфія. Асноўнай формай міжнароднай міграцыі ў сучасным свеце з’яўляецца працоўная міграцыя. Яе фактарамі выступаюць: адрозненні ва ўзроўні жыцця насельніцтва; прыцягненне таннай працоўнай сілы з краін, якія развіваюцца; узросшая залежнасць шэрага галін гаспадаркі і відаў эканамічнай дзейнасці развітых краін ад працы замежных рабочых з дзяржаў, якія развіваюцца. Колькасць працоўных мігрантаў складае 150,3 млн чалавек, або каля 60 % міжнародных мігрантаў. Больш за 70 % з іх працуюць у сферы паслуг, каля 20 % — у прамысловасці. Кожны дзясяты заняты ў сельскай гаспадарцы (мал. 71). 56 % у структуры складаюць мужчыны і 44 % — жанчыны.
![]() Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Павелічэнне маштабаў працоўнай міграцыі прыводзіць да росту колькасці замежнай працоўнай сілы ў структуры працоўных рэсурсаў развітых краін. Па даных Міжнароднай арганізацыі міграцыі, у Аўстраліі доля замежных рабочых складае 24,5 %, Канадзе — 19,1, Швейцарыі — 18,4, ЗША — 12,4, Аўстрыі, Бельгіі, ФРГ — каля 10 %. |
Сучасныя грамадзянскія войны і змена палітычных рэжымаў прыводзяць да міграцыі насельніцтва па палітычных прычынах. Палітычная міграцыя набывае ў свеце ўстойлівыя маштабы. У выніку палітычных канфліктаў і перамяшчэння насельніцтва, якое зведвае прыгнёт рознага характару (рэлігійнага, расавага, ідэалагічнага), гэты від міграцыі фарміруе з’яву бежанства. Сёння колькасць бежанцаў нашмат меншая за колькасць эканамічных мігрантаў, але застаецца значнай.
Адной з новых форм выступае міграцыя высокакваліфікаваных кадраў («brain drain»), або інтэлектуальная міграцыя. Рэгіёнам з найбольшай эміграцыяй насельніцтва з вышэйшай адукацыяй з’яўляецца Лацінская Амерыка. Больш за 80 % насельніцтва з вышэйшай адукацыяй Гаіці, Сурынама, Ямайкі пакідаюць свае краіны.
У шэрагу дзяржаў Афрыкі (Эфіопія, Нігерыя, Кенія, ПАР) больш за 60 % высокакваліфікаваных асоб эмігрыруюць. Для гэтых дзяржаў выезд спецыялістаў з’яўляецца сур’ёзнай праблемай будучага развіцця.
![]() У свеце цікавага. Дзяржавамі, якія вядуць найбольш актыўную палітыку па прыцягненні высокакваліфікаваных мігрантаў, з’яўляюцца ЗША, Вялікабрытанія, Канада і Аўстралія. Найбольшай доляй замежных навукоўцаў і даследчыкаў у свеце вылучаюцца Швейцарыя (57 %), Аўстралія (45 %) і ЗША (38 %). |
Рост колькасці моладзі ў краінах, якія развіваюцца, прывёў да фарміравання міжнароднай студэнцкай міграцыі. Сёння колькасць студэнтаў, якія вучацца за мяжой, складае 4,8 млн чалавек. Большасць замежных студэнтаў прадстаўлена афрыканскай, арабскай і кітайскай моладдзю. Самымі мабільнымі з’яўляюцца студэнты краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Кожны 16-ты афрыканскі студэнт навучаецца за мяжой. У шасці краінах налічваецца 67 % замежных студэнтаў свету. Гэта ЗША (23 %), Вялікабрытанія (12), Германія (11), Францыя (10), Аўстралія (7) і Японія (5 %).
Глабальныя змены клімату, прыродныя бедствы прывялі да з’яўлення кліматычнай міграцыі. З-за засух і недахопу вады, павышэння ўзроўню мора, стыхійных бедстваў і экстрэмальных тэмператур 143 млн чалавек у свеце з’яўляюцца кліматычнымі мігрантамі. Найбольшая частка іх прыходзіцца на тры рэгіёны — Афрыку на поўдзень ад Сахары, Паўднёвую Азію і Лацінскую Амерыку.
![]() У свеце цікавага. З-за стыхійных бедстваў у 2017 г. 18,8 млн чалавек былі вымушаны мігрыраваць. Паўднёвая і Усходняя Азія, Карыбскі басейн і Ціхаакіянскі рэгіён з’яўляюцца найбольш слабымі рэгіёнамі. У Кітаі, на Філіпінах і Кубе ў 2017 г. адбылася найбольшая колькасць выпадкаў стыхійных бедстваў. Малыя астраўныя дзяржавы, якія развіваюцца, таксама адчуваюць негатыўнае ўздзеянне стыхійных бедстваў. |
Нягледзячы на тое, што кліматычная міграцыя адбываецца ў асноўным у межах краіны, значная частка насельніцтва вымушана перасяляцца за мяжу.
![]() Падвядзём вынікі. Міжнародная міграцыя — гэта працэс, які гістарычна склаўся. Асноўнымі прычынамі міжнароднай міграцыі з’яўляюцца ... . Колькасць міжнародных мігрантаў у свеце пастаянна ... . Для развітых краін характэрна ... сальда міграцыі, для краін, якія развіваюцца, — ... . Вылучаюць наступныя віды міжнароднай міграцыі: ..., ..., …, ..., ... . |
![]() Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя прычыны міжнароднай міграцыі. 2. Назавіце асноўныя калідоры міжнародных міграцый і растлумачце іх геаграфію. 3. Назавіце і пакажыце на карце краіны студэнцкай іміграцыі. 4. Назавіце і пакажыце на карце краіны з самай вялікай доляй замежных рабочых. |
![]() Ад простага да складанага. 1. Растлумачце, чаму прыкладам умелай узаемасувязі міграцыі працоўнай сілы з узроўнем эканамічнага развіцця з’яўляецца Японія. 2. Падумайце, якія краіны з пункту гледжання міжнароднай міграцыі называюцца краінамі-донарамі, а якія — краінамі-рэцыпіентамі. |
![]() Ад тэорыі да практыкі. Запоўніце табліцу ў сшытку. |
![]() |
Падарожжа па Глабальнай сетцы. Міжнародная база даных працоўнай міграцыі. |
![]() |
Агульныя вынікі міграцыі насельніцтва Рэспублікі Беларусь. | ![]() |
З канца 1980-х гг. у свеце пачынае адбывацца фарміраванне новых цэнтраў прыцягнення імігрантаў. Самы магутны з іх склаўся ў краінах Еўрапейскага саюза. У гэтым рэгіёне прадстаўлены многія віды міграцый: працоўная, адукацыйная, палітычная. Еўропа з пастаўшчыка імігрантаў за акіян ператварылася ў іх «спажыўца». Другі цэнтр, які ўзнік у 1970-х гг., трывала ўсталяваўся на Блізкім Усходзе, галоўным чынам, з шасці аравійскіх манархій, якія сталі асноўнымі экспарцёрамі нафты ў свеце. Працоўная міграцыя, звязаная шмат гадоў са здабычай нафты, стварае ў гэтым рэгіёне ўнікальную эканамічную і дэмаграфічную сітуацыю. Аналагічныя цэнтры сфарміраваліся ў Паўднёва-Усходняй Азіі (Сінгапур, Малайзія, Інданезія, Японія) і Лацінскай Амерыцы (Аргенціна, Бразілія, Венесуэла).
Разам з фарміраваннем цэнтраў прыцягнення мігрантаў на сусветным рынку рабочай сілы з'явіліся асноўныя краіны — пастаўшчыкі замежнай працоўнай сілы:
– у Азіі: Кітай, Індыя, Пакістан, Філіпіны, В'етнам;
– у Афрыцы: Марока, Алжыр, Туніс, Гана, Малі, Гвінея, Каба-Вердэ, Мазамбік;
– у Лацінскай Амерыцы: Парагвай, Балівія, Калумбія, дзяржавы Карыбскага рэгіёну;
– у Паўночнай Амерыцы: Мексіка;
– у Еўропе: Партугалія, Ірландыя, краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
У структуры працоўнай міграцыі, па даных Міжнароднай арганізацыі міграцыі, першае месца належыць спецыялістам медыцынскай сферы і пераважна з краін, якія развіваюцца. Гэта тлумачыцца некалькімі прычынамі: 1) нізкімі ўмовамі аплаты працы; 2) абмежаванымі магчымасцямі кар'ернага росту; 3) дрэннымі ўмовамі працы (карупцыя, састарэлае абсталяванне); 4) палітычнай нестабільнасцю, войнамі, гвалтам.
У свеце сёння налічваецца больш за 5 млн чал. міжнародных мігрантаў медыцынскай сферы. Азія з'яўляецца рэгіёнам, з якога ажыццяўляецца найбольш маштабная эміграцыя медыцынскага персаналу (41 % міжнародных мігрантаў). Другое месца займае Лацінская Амерыка (34 %) (мал. 71-1).

Больш чым кожны пяты замежны лекар (22 %) нарадзіўся ў Індыя, 25 % — у Канадзе, Кітаі, Іране, Карэі, Пакістане і на Філіпінах (па 3–6 %). Філіпіны на сённяшні дзень з'яўляюцца вядучай краінай па колькасці медсясцёр, якія эмігрыравалі. 34 % з іх працуюць у ЗША. 25 % замежных медсясцёр нарадзіліся ў Канадзе, Індыі, Ямайцы і Нігерыі (па 3–6 %).
Найбольшая доля медсясцёр у структуры эміграцыі працоўнай сілы прыпадае на краіны Карыбскага рэгіёну: Гаіці (94 %), Ямайка (87,7 %), Грэнада (87,6 %) (мал. 71-2).
