§ 10. МІЖНАРОДНАЯ МІГРАЦЫЯ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Дынаміка маштабаў міжнароднай міграцыі ў свеце і рэгіёнах. З сярэдзіны ХХ ст. пачынаецца сучасная эпоха міграцыі насельніцтва свету. Гістарычным яе пачаткам было заканчэнне Другой сусветнай вайны, а галоўнай асаблівасцю — значны рост маштабаў міжнароднай міграцыі. На палітычнай карце свету не засталося дзяржаў, якія не былі б уцягнуты ў міжнародную міграцыю. У параўнанні з 1965 г. колькасць міжнародных мігрантаў у свеце ўзрасла ў 3,5 раза і склала 258 млн чалавек, або 3,4 % насельніцтва свету. Міжнародная міграцыя набыла глабальны характар.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія падзеі ў свеце спрыяюць актывізацыі міжнароднай міграцыі? Чаму яна стала глабальным працэсам?

Мал. 63. Помнік Вялікаму
голаду ў Ірландыі

У свеце цікавага. У гісторыі чалавецтва класічнай краінай эміграцыі ў XIX ст. была Ірландыя. За некалькі дзесяцігоддзяў пасля Вялікага голаду ў 1840-х гг. (мал. 63) насельніцтва гэтай краіны зменшылася ў два разы. Па долі эмігрантаў у насельніцтве яна заняла першае месца ў свеце. Цяпер у Ірландыі пражывае толькі палова ірландцаў. У ЗША — больш за 40 млн асоб ірландскага паходжання — у 12 разоў больш жыхароў самой Ірландыі. У сярэдзіне XIX ст. у Новы Свет з Ірландыі прыбылі 5000 караблёў з эмігрантамі. Усяго на амерыканскі бераг ступіла крыху больш за мільён чалавек.

Звыш 60 % міжнародных мігрантаў пражывае ў Азіі (80 млн чал.) і ў Еўропе (78 млн чал.). Паўночная Амерыка з’яўляецца трэцім рэгіёнам па ліку міжнародных мігрантаў (58 млн чал.). Па колькасці міжнародных мігрантаў на 1000 жыхароў найбольшымі значэннямі вылучаюцца Аўстралія з Акіяніяй і Паўночная Амерыка (4,8 і 3,2 ‰ адпаведна). Тры рэгіёны (Афрыка, Паўднёвая Амерыка і Азія) характарызуюцца міграцыйным адтокам (мал. 64).

У 2017 г. найбольшая колькасць міжнародных мігрантаў пражывала ў ЗША (50 млн чал.), Саудаўскай Аравіі, Германіі і Расіі (каля 12 млн чал.). Найбуйнейшымі краінамі паходжання міжнародных мігрантаў з’яўляюцца Індыя, Мексіка і Расія (мал. 65). Да іншых краін з вялікай колькасцю мігрантаў адносяцца Кітай, Бангладэш, Сірыя, Пакістан і Украіна.

У структуры міжнародных мігрантаў пераважаюць мужчыны — 52 %. Доля жанчын складае 48 % і пастаянна павялічваецца. Сярэдні ўзрост сучаснага мігранта павялічваецца і складае 39 гадоў. 74 % мігрантаў знаходзяцца ў працаздольным узросце (20–64 гады) (мал. 66).