§ 9. ФАКТАРЫ І ВІДЫ МІГРАЦЫІ НАСЕЛЬНІЦТВА

Фактары міграцыі насельніцтва. Міграцыі аказваюць значнае ўздзеянне на геаграфію, структуру і дынаміку колькасці насельніцтва асобных населеных пунктаў, краін і свету. Паколькі міграцыя насельніцтва ўплывае на дэмаграфічныя, эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя працэсы як тэрыторыі выхаду, так і тэрыторыі ўсялення, то на яе аказвае ўплыў мноства фактараў. Фактарамі міграцыі з’яўляюцца агульныя сацыяльна-эканамічныя і іншыя прычыны, якія яе выклікаюць. У найбольш абагульненым выглядзе сярод іх вылучаюць некалькі груп (мал. 56).

Як правіла, сукупнае дзеянне фактараў вызначае міграцыйную рухомасць насельніцтва. Пры гэтым эканамічны фактар гістарычна з’яўляецца вызначальным. Фактары міграцыі можна таксама падзяліць на тыя, што выштурхваюць, і тыя, што прыцягваюць. Да першай групы адносяцца беднасць, голад, нізкі ўзровень жыцця і заработнай платы, перанасяленне краін, якія развіваюцца, высокі ўзровень беспрацоўя, экалагічныя катастрофы, войны, канфлікты, праследаванне і г. д.

У другую групу ўключаны больш высокі ўзровень жыцця і аплаты працы, патрэбы эканомік развітых краін і краін, якія актыўна развіваюцца, у працоўных рэсурсах, магчымасці працаўладкавання, бяспека, дэфіцыт уласных працоўных рэсурсаў у развітых краінах, спрыяльныя прыродна-кліматычныя ўмовы і г. д.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Прывядзіце прыклады станоўчага і адмоўнага ўплыву міграцый на сацыяльна-эканамічнае развіццё краін і рэгіёнаў як прыбыцця, так і выбыцця. Якія літаратурныя творы, дзе апісваліся міграцыі насельніцтва, вы чыталі?

Свет і Беларусь. Якія міграцыйныя хвалі былі характэрныя для Рэспублікі Беларусь? Якія змены адбыліся ў прычынах, напрамках і хвалях міграцыі ў Беларусі за апошнія 20 гадоў?