Print bookPrint book

§ 9. ФАКТАРЫ І ВІДЫ МІГРАЦЫІ НАСЕЛЬНІЦТВА

Успамінаем. Што такое міграцыя? Якія прычыны выклікаюць міграцыю насельніцтва?

Для чаго мы гэта вывучаем? Як уплывае міграцыя на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне? З якімі праблемамі сутыкаюцца мігранты ў краіне, што іх прымае?

Site: Профильное обучение
Course: Геаграфія. 10 клас
Book: § 9. ФАКТАРЫ І ВІДЫ МІГРАЦЫІ НАСЕЛЬНІЦТВА
Printed by: Гость
Date: Saturday, 18 May 2024, 11:33 AM

Фактары міграцыі насельніцтва. Міграцыі аказваюць значнае ўздзеянне на геаграфію, структуру і дынаміку колькасці насельніцтва асобных населеных пунктаў, краін і свету. Паколькі міграцыя насельніцтва ўплывае на дэмаграфічныя, эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя працэсы як тэрыторыі выхаду, так і тэрыторыі ўсялення, то на яе аказвае ўплыў мноства фактараў. Фактарамі міграцыі з’яўляюцца агульныя сацыяльна-эканамічныя і іншыя прычыны, якія яе выклікаюць. У найбольш абагульненым выглядзе сярод іх вылучаюць некалькі груп (мал. 56).

Як правіла, сукупнае дзеянне фактараў вызначае міграцыйную рухомасць насельніцтва. Пры гэтым эканамічны фактар гістарычна з’яўляецца вызначальным. Фактары міграцыі можна таксама падзяліць на тыя, што выштурхваюць, і тыя, што прыцягваюць. Да першай групы адносяцца беднасць, голад, нізкі ўзровень жыцця і заработнай платы, перанасяленне краін, якія развіваюцца, высокі ўзровень беспрацоўя, экалагічныя катастрофы, войны, канфлікты, праследаванне і г. д.

У другую групу ўключаны больш высокі ўзровень жыцця і аплаты працы, патрэбы эканомік развітых краін і краін, якія актыўна развіваюцца, у працоўных рэсурсах, магчымасці працаўладкавання, бяспека, дэфіцыт уласных працоўных рэсурсаў у развітых краінах, спрыяльныя прыродна-кліматычныя ўмовы і г. д.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Прывядзіце прыклады станоўчага і адмоўнага ўплыву міграцый на сацыяльна-эканамічнае развіццё краін і рэгіёнаў як прыбыцця, так і выбыцця. Якія літаратурныя творы, дзе апісваліся міграцыі насельніцтва, вы чыталі?

Свет і Беларусь. Якія міграцыйныя хвалі былі характэрныя для Рэспублікі Беларусь? Якія змены адбыліся ў прычынах, напрамках і хвалях міграцыі ў Беларусі за апошнія 20 гадоў?

Адным з першых навукоўцаў, які яшчэ ў 1885 г. паспрабаваў у абагульненым выглядзе прадставіць фактары міграцыі і распрацаваў на іх аснове законы міграцыі, быў Э. Г. Равенштайн (мал. 56-1).

Мал. 56-1. Э. Г. Равенштайн, аўтар законаў міграцыі

Асноўнымі з іх з'яўляюцца наступныя (мал. 56-2).

Мал. 56-2. Законы міграцыі

Віды міграцый. У сучасным свеце існуе вялікая колькасць міграцый, якія адрозніваюцца шэрагам прыкмет. Прасторавыя перамяшчэнні носяць разнастайны характар, таму ў сукупнасці міграцыі класіфікуюць на розныя віды (мал. 57).

Крыніцамі звестак аб міграцыі выступаюць даныя перапісаў насельніцтва, бягучага ўліку, а таксама спецыяльных выбарачных даследаванняў. Вывучэнне міграцыі дазваляе адказаць на многія пытанні. Напрыклад, колькі выехала насельніцтва, хто выехаў, куды выехаў і г. д. Каб правільна адказваць на іх, існуюць паказчыкі для вывучэння міграцыі. Іх можна падзяліць на некалькі груп: паказчыкі маштабаў міграцыі, адносныя паказчыкі міграцыі, паказчыкі структуры міграцыі і інш.

Да паказчыках маштабаў міграцыі адносяць наступныя (мал. 59).

Асноўнымі адноснымі паказчыкамі міграцыі з’яўляюцца каэфіцыенты інтэнсіўнасці прыбыцця, выбыцця і міграцыйнага абароту. Яны разлічваюцца як адносіны колькасці тых, хто прыбыў і выбыў, і міграцыйнага абароту адпаведна да сярэднегадавой колькасці насельніцтва ў разліку на 1000 чалавек і вымяраюцца ў праміле.

Паказчыкі структуры міграцыі адказваюць на пытанні, якімі з’яўляюцца мігранты паводле полу, узросту, краіны выезду/уезду, прафесіі, адукацыі, узроўню даходаў, шлюбнага стану і іншых прыкмет. Таму для іх разліку выкарыстоўваюцца адносіны колькасці насельніцтва пэўнай прыкметы да агульнай колькасці мігрантаў, які вымяраюцца ў працэнтах.

Формулы для разліку адносных паказчыкаў міграцыі (мал. 59-1).

Мал. 59-1. Адносныя паказчыкі міграцыі

Міграцыйны пераход. Аналагічна тэорыі дэмаграфічнага пераходу чалавецтва ў розныя перыяды спрабавала даваць тлумачэнні прычынам і асаблівасцям міграцыі насельніцтва ў залежнасці ад змен сацыяльна-эканамічных умоў. Гэта знайшло адлюстраванне ў канцэпцыі міграцыйнага (мабільнага) пераходу В. Зялінскага (мал. 60).

Канцэпцыі дэмаграфічнага і міграцыйнага пераходу цесна ўзаемазвязаны і дапаўняюць адна адну.

Паразважаем. Дэмаграфічнае развіццё і роля міжнароднай міграцыі ў ім істотна адрозніваюцца ў развітых рэгіёнах і рэгіёнах свету, якія развіваюцца. Пацвердзіце ці аспрэчце дадзены выраз.

Міграцыйны пераход — гэта эвалюцыя міграцыі насельніцтва, якая адлюстроўвае заканамерны пераход ад нізкай міграцыйнай рухомасці на аграрнай стадыі да яе росту ў перыяд індустрыяльнага і постындустрыяльнага грамадства ў выніку сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

Згодна з канцэпцыяй, міграцыя насельніцтва перажывае пяць стадый развіцця, якія змяняюцца паралельна сацыяльным і эканамічным зменам у грамадстве (мал. 61).

На першай стадыі ў даіндустрыяльным грамадстве міграцыя абмежаваная. Маюць месца толькі нязначныя перамяшчэнні людзей па прылеглай тэрыторыі пры нязначным натуральным прыросце, высокай нараджальнасці і высокай смяротнасці насельніцтва. Гэту стадыю ўсе краіны свету да цяперашняга часу завяршылі.

Другая стадыя супадае з пачаткам дэмаграфічнага выбуху. Яна характарызуецца міграцыяй з вёскі ў горад, ростам перамяшчэнняў на больш далёкія адлегласці, агульным узрастаннем маштабаў міжнароднага міграцыйнага руху. Сёння на гэтай стадыі знаходзіцца невялікая колькасць найменш развітых краін пераважна Афрыкі (напр., Намібія, Эфіопія) і Азіі (напр., Бутан, Непал), і колькасць іх скарачаецца.

На трэцяй стадыі захоўваецца рух з вёскі ў горад пры хуткім узмацненні міграцыі паміж гарадамі. Маштабы міграцыі, у тым ліку міжнароднай, узрастаюць. Прысутнічаюць усе спалучэнні міграцыі гарадскога і сельскага насельніцтва. Гэта стадыя прадстаўлена ў большасці краін, Лацінскай Амерыкі, Азіі, шэрага краін Афрыкі, якія развіваюцца (напр., ПАР, Егіпет, Нігерыя), некаторых краінах з пераходнай эканомікай (напр., Польшча, Венгрыя, Расія, Украіна).

На чацвёртай стадыі ў познім індустрыяльным і постындустрыяльным грамадстве пры нязначным натуральным прыросце міграцыя з вёскі ў горад у пэўнай ступені захоўваецца, але мае малыя маштабы. Атрымлівае развіццё адваротны міграцыйны рух з горада ў вёску. Узрастаюць аб’ёмы міграцыі з больш буйных па колькасці насельніцтва гарадоў у больш дробныя. Адбываецца значны рост міжнароднай міграцыі. Гэта стадыя характэрная ў асноўным для развітых дзяржаў Еўропы (напр., Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў), часткова прадстаўлена ў ЗША. Шэраг найбольш развітых краін Лацінскай Амерыкі таксама набывае рысы гэтай стадыі (напр., Бразілія, Мексіка).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыялы вучэбнага дапаможніка і карты атласа, назавіце краіны, якія знаходзяцца на другой, трэцяй і чацвёртай стадыях міграцыйнага пераходу.

Пятая (заключная) стадыя разглядаецца як гіпатэтычная стадыя постындустрыяльнага грамадства. Для яе будуць характэрныя пераважна міжгарадская міграцыя і пэўныя перасяленні з горада ў вёску. Міжнародная міграцыя захоўваецца, але кантроль з боку дзяржавы ўзмацняецца.

У свеце цікавага. У сувязі з заключнай стадыяй развіцця міграцыі цікавасць уяўляе меркаванне італьянскага вучонага П. Прыні пра тое, што «выразнікам сутнасці нашай эпохі з’яўляецца хутчэй качэўнік — чалавек, які вандруе з краю ў край» і ў постындустрыяльным грамадстве «ўсе людзі, незалежна ад сваёй культуры, будуць мігрыраваць». З гэтым сцвярджэннем узгадняецца і канцэпцыя Трэцяга дэмаграфічнага пераходу Д. Коулмэна.

Падвядзём вынікі. На міграцыю насельніцтва ўплываюць многія фактары, асноўным з якіх з’яўляецца ... . Міграцыі адрозніваюцца па ..., ..., ..., ..., ..., ... . Сярод паказчыкаў міграцыі вылучаюць тры асноўныя групы — паказчыкі маштабаў міграцыі, адносныя паказчыкі міграцыі, паказчыкі структуры міграцыі. Вылучаюць ... стадый міграцыйнага пераходу. Міграцыйны пераход уяўляе з сябе змену нізкай міграцыйнай рухомасці насельніцтва на аграрнай стадыі яе ростам у перыяд індустрыяльнага і постындустрыяльнага грамадства ў выніку сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя фактары міграцыі. 2. Што такое міграцыйны пераход? 3. Прывядзіце прыклады міграцый па прычынах. 4. Якія міграцыйныя працэсы характэрныя для вашай мясцовасці?

Ад простага да складанага. На малюнку 62 схематычна прадстаўлена мадэль прыняцця рашэння аб міграцыі Э. С. Лі (1966). Вывучыўшы малюнак, адкажыце на наступныя пытанні: 1. Што пазначана знакамі плюс і мінус у кругах, якія сімвалізуюць рэгіёны выбыцця і прыбыцця мігрантаў? 2. Якія тры фактары могуць разглядацца як прамежкавыя перашкоды?

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.
Сайт Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь.