§ 6. ДЭМАГРАФІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ І ІХ ГЕАГРАФІЯ

Натуральны рух і ўзнаўленне насельніцтва ў свеце і рэгіёнах. Нараджальнасць і смяротнасць з’яўляюцца асноватворнымі працэсамі натуральнага руху насельніцтва.

Пад натуральным рухам насельніцтва разумеюць сукупнасць нараджэнняў і смярцей, якія змяняюць колькасць насельніцтва натуральным шляхам.

Натуральны рух насельніцтва вывучаецца з дапамогай асноўнага паказчыка — натуральнага прыросту ці змяншэння.

Натуральны прырост — гэта абсалютная велічыня рознасці паміж колькасцю тых, хто нарадзіўся, і памерлых за пэўны прамежак часу. Адмоўнае значэнне гэтага паказчыка называецца натуральнай стратай. Гэтыя два паказчыкі можна разлічыць або ў абсалютным выразе, або ў адносным — у разліку на 1000 чалавек, у праміле.

Натуральны рух насельніцтва ў свеце характарызуецца прыростам, які ў 2019 г. склаў 12 ‰. У той жа час яго дынаміка за 1950–2015 гг. характарызуецца скарачэннем. Паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, існуюць вялікія адрозненні — 1 і 14 ‰ адпаведна (мал. 40).

Афрыка з’яўляецца рэгіёнам, дзе назіраецца самы высокі натуральны прырост — 26 ‰. У Азіі з-за вялікіх адрозненняў паміж краінамі ва ўзроўні эканамічнага развіцця натуральны прырост складае 10 ‰. Паміж краінамі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі адрозненні вялікія — 2 і 11 ‰ адпаведна. Еўропа ўяўляе з сябе рэгіён, дзе нараджальнасць і смяротнасць насельніцтва ў сапраўдны момант маюць аднолькавыя значэнні, аднак смяротнасць не намнога перавышае нараджальнасць. Тут назіраецца натуральнае змяншэнне — 1 ‰.

Максімальныя значэнні натуральнага прыросту насельніцтва ў свеце характэрныя для Нігера — 38 ‰. Натуральнае змяншэнне насельніцтва ў разрэзе краін назіраецца ў Еўропе. Гэта ў асноўным былыя сацыялістычныя краіны. Максімальнае натуральнае змяншэнне характэрнае для Балгарыі — 7 ‰.

Свет і Беларусь. У Рэспубліцы Беларусь з 1993 г. адбывалася натуральнае змяншэнне насельніцтва. З 2005 г. яно скарачаецца і ў цяперашні час складае 2,8 ‰. У той жа час для гарадскіх жыхароў уласцівы натуральны прырост, а для сельскіх — змяншэнне.

Дэмаграфічныя працэсы з’яўляюцца асновай узнаўлення насельніцтва і ўплываюць на яго характар.

Пад узнаўленнем насельніцтва разумеецца бесперапыннае аднаўленне і змена людскіх пакаленняў, якія забяспечваюцца працэсамі нараджальнасці, смяротнасці і натуральнага прыросту.

У сучасным свеце атрымалі распаўсюджванне тры тыпы ўзнаўлення насельніцтва — пашыраны, просты і звужаны, асноўныя прыкметы якіх паказаны на малюнку 41.

Мал. 41. Асноўныя характарыстыкі тыпаў узнаўлення насельніцтва

Для ўсіх дзяржаў Афрыкі, большасці краін Паўднёвай Амерыкі і Азіі характэрны пашыраны тып узнаўлення. Просты тып прадстаўлены ў асобных дзяржавах Еўропы (напр., Францыя, Ісландыя, Ірландыя, Швецыя), Паўночнай Амерыкі (ЗША, Канада), Азіі (Кітай), Аўстраліі.

У большасці краін Еўропы і Японіі сфарміраваўся звужаны тып.

Падвядзём вынікі. Геаграфія насельніцтва з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Да дэмаграфічных працэсаў адносяць ..., ..., ..., дынаміку колькасці і ўзнаўленне насельніцтва. У сучасным свеце нараджальнасць выступае асноўным фактарам, які ўплывае на ... . Еўропа з’яўляецца рэгіёнам свету з самай ... нараджальнасцю, Афрыка — з самай ... . Паміж рэгіёнамі свету значных адрозненняў у смяротнасці насельніцтва няма. Натуральны рух насельніцтва ў свеце характарызуецца ... . У сучасным свеце атрымалі распаўсюджванне тры тыпы ўзнаўлення насельніцтва: ..., ... і ... .

Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя тэндэнцыі сучасных дэмаграфічных працэсаў? 2. Ахарактарызуйце асноўныя дэмаграфічныя працэсы ў свеце. 3. Вызначыце асаблівасці іх геаграфіі. 4. Чым можна растлумачыць зніжэнне нараджальнасці насельніцтва ў свеце?

Ад простага да складанага. 1. Абгрунтуйце фразу «Перапіс насельніцтва — усенародная справа». 2. Чаму гэтаму працэсу надаецца такое важнае значэнне?

Ад тэорыі да практыкі. 1. У большасці краін Еўропы, у тым ліку і Беларусі, нізкая нараджальнасць насельніцтва. Падумайце і прапануйце меры дэмаграфічнай палітыкі, якія могуць яе павялічыць у Беларусі. 2. Распрацуйце праекты па рашэнні дэмаграфічных праблем у краінах з пашыраным і звужаным тыпам узнаўлення насельніцтва.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Афіцыйны сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Афіцыйны сайт Фонду ААН у галіне народанасельніцтва.