Печатать книгуПечатать книгу

§ 6. ДЭМАГРАФІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ І ІХ ГЕАГРАФІЯ

Успамінаем. Што такое дэмаграфія? Якія асноўныя сучасныя дэмаграфічныя тэндэнцыі рэгіёнаў свету? У чым сутнасць дэмаграфічных праблем?

Для чаго мы гэта вывучаем? Чаму сёння неабходна ведаць асноўныя дэмаграфічныя тэндэнцыі? Якія праблемы цягне за сабой рост колькасці насельніцтва? Падумайце, галіной дзейнасці якіх спецыялістаў з’яўляецца вывучэнне дэмаграфічных працэсаў. У якіх установах адукацыі і на якіх спецыяльнасцях магчыма атрымаць адукацыю, звязаную з вывучэннем дэмаграфічных працэсаў?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 6. ДЭМАГРАФІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ І ІХ ГЕАГРАФІЯ
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 08:31

Дэмаграфічная сітуацыя. Геаграфія насельніцтва з’яўляецца асноўным напрамкам сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. З аднаго боку, насельніцтва канкрэтнай тэрыторыі аказвае ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё, з другога — прыродныя ўмовы, рэсурсы, сацыяльна-эканамічны ўзровень развіцця, палітычная сітуацыя могуць вызначаць характар дэмаграфічных працэсаў і іншыя прыкметы насельніцтва.

Паразважаем. Як могуць паўплываць на дэмаграфічныя характарыстыкі насельніцтва палітычныя канфлікты ў краіне?

У свеце ўсё ўзаемазвязана. 1. Як па дэмаграфічных паказчыках вызначыць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны? 2. Уявіце сабе, вы — адзін з кіраўнікоў рэгіёна. Прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць неабходнасць ведаў аб асноўных дэмаграфічных тэндэнцыях у вашым рэгіёне.

Геаграфія насельніцтва мае больш цесныя сувязі з дэмаграфіяй. З яе яна запазычвае паказчыкі і вывучае рэгіянальныя адрозненні працэсаў. Вывучэнне дэмаграфічных працэсаў — адна з асноўных задач пры характарыстыцы насельніцтва краіны. Да дэмаграфічных працэсаў адносяць нараджальнасць, смяротнасць, натуральны рух насельніцтва, дынаміку колькасці, узнаўленне насельніцтва.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Некаторыя дэмографы адносяць да дэмаграфічных працэсаў колькасць шлюбаў і разводаў насельніцтва. У сучасным свеце назіраецца скарачэнне колькасці шлюбаў і рост колькасці разводаў (мал. 36). Напрыклад, краінамі, дзе больш за ўсё разводзяцца сямейныя пары, з’яўляюцца Расія і Беларусь, а больш за ўсё заключаюць шлюбаў, — Таджыкістан і Егіпет.

Для таго каб атрымаць комплексную характарыстыку дэмаграфічных працэсаў, якія адбываюцца на канкрэтнай тэрыторыі, мы павінны прааналізаваць яе дэмаграфічную сітуацыю.

Дэмаграфічная сітуацыя — гэта стан дэмаграфічных працэсаў і полаўзроставай структуры насельніцтва ў дынаміцы, якія праходзяць на канкрэтнай тэрыторыі (краіна, рэгіён, пасяленне) у вызначаны час. Дэмаграфічную сітуацыю ў любым рэгіёне вызначаюць два асноўныя працэсы — нараджальнасць і смяротнасць насельніцтва.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Выкарыстоўваючы раней атрыманыя веды, растлумачце, якія фактары ўплываюць на рост колькасці насельніцтва ў краінах Афрыкі і Азіі. Чаму ў Еўропе колькасць насельніцтва скарачаецца?

Геаграфія нараджальнасці і смяротнасці насельніцтва свету. Нараджальнасць уплывае на рост насельніцтва і змяняе яго ўзроставую структуру. У сваю чаргу на нараджальнасць аказваюць уплыў многія фактары (мал. 37). Галоўным з’яўляецца здароўе жанчыны і мужчыны.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Яшчэ ў Старажытным Рыме было заўважана, што ў забяспечаных сем’ях нараджальнасць ніжэйшая, чым у бедных. Яна можа змяняцца таксама пад уплывам таго, якое значэнне дзіцяці ў сям’і; становішча жанчыны ў грамадстве, яе адукацыі і даходаў; дэмаграфічных традыцый; тыпу рассялення; рэлігіі; палітычнага становішча; дэмаграфічнай палітыкі і інш.

Для вывучэння нараджальнасці, параўнання і ўстанаўлення адрозненняў паміж краінамі выкарыстоўваюць агульны каэфіцыент нараджальнасці (АКН). Ён разлічваецца як адносіны абсалютнай колькасці нараджэнняў за год да сярэднегадавой колькасці насельніцтва ў разліку на 1000 чалавек, вымяраецца ў праміле (‰).

У свеце цікавага. Цікавыя факты аб хуткасці нараджэнняў насельніцтва ў свеце. Па даных Бюро перапісаў ЗША, штогод у свеце абсалютная колькасць нараджэнняў складае: у год — 133 940 516 чал., у месяц — 10 995 043 чал., у дзень — 361 481 чал., у гадзіну — 15 062 чал., у мінуту — 251 чал., у секунду — 4,2 чал.

Агульны каэфіцыент нараджальнасці насельніцтва свету па даных за 2019 г. склаў 19 ‰.

Геаграфія нараджальнасці насельніцтва ў свеце разнастайная і характарызуецца адрозненнямі паміж рэгіёнамі і групамі краін па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. У развітых краінах нараджальнасць ніжэйшая за сусветны ўзровень і складае 11 ‰. Гэта тлумачыцца перш за ўсё больш высокім узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця, становішчам жанчыны ў грамадстве — больш высокім узроўнем яе адукацыі, даходаў і інш. У краінах, якія развіваюцца, нараджальнасць насельніцтва перавышае сусветнае значэнне. У гэтай групе краін на кожную 1000 жыхароў нараджаецца 21 чалавек (мал. 38).

Максімальныя значэнні нараджальнасці характэрныя для краін, якія развіваюцца (пераважна Афрыкі), мінімальныя — для развітых з перавагай краін Еўропы. У 2019 г. максімум нараджальнасці насельніцтва свету знаходзіўся ў Нігеры — 48 ‰, мінімум — у Рэспубліцы Карэя, Манака — 6 ‰.

Свет і Беларусь. Нараджальнасць насельніцтва Беларусі складае 9,9 ‰, што супастаўляльна з сярэднім паказчыкам па Еўропе — 10 ‰. Вялікіх адрозненняў паміж гарадскімі і сельскімі жыхарамі няма. Пачынаючы з 2003 г. нараджальнасць у краіне павялічваецца. Аднак у 2017 г. за-за скарачэння колькасці насельніцтва рэпрадуктыўнага ўзросту нараджальнасць некалькі скарацілася. Смяротнасць насельніцтва ў нашай краіне блізкая да паказчыкаў, напрыклад, Францыі, Вялікабрытаніі, Швецыі.

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа і матэрыялы вучэбнага дапаможніка, прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць залежнасць працэсаў нараджальнасці і смяротнасці ад палітычнага становішча ў дзяржаве.

Значныя адрозненні існуюць паміж рэгіёнамі свету. У 2017 г. Еўропа з'яўлялася рэгіёнам свету з самай нізкай нараджальнасцю — 11 ‰. Далей ідуць па ўзрастанні Паўночная Амерыка (12 ‰) і Аўстралія (13 ‰), Паўднёвая Амерыка з Акіяніяй (па 16 ‰) і Азія (18 ‰). Рэгіёнам з самай высокай нараджальнасцю ў свеце — 37 ‰ — з'яўляецца Афрыка.

Па прагнозах ААН, у свеце будзе адбывацца далейшае зніжэнне нараджальнасці. Да 2050 г. агульны каэфіцыент нараджальнасці складзе 14,8 ‰. Гэта скарачэнне, у асноўным, адбудзецца за кошт дзяржаў, якія развіваюцца (мал. 38-1). У развітых краінах будзе назірацца стабілізацыя нараджальнасці на нізкім узроўні, якая не перавысіць 11 ‰.

Мал. 38-1. Прагноз нараджальнасці насельніцтва свету, ‰

Смяротнасць. Смяротнасць насельніцтва з’яўляецца другім найважнейшым дэмаграфічным працэсам, які залежыць ад вялікай колькасці фактараў. Да ліку асноўных адносяцца: прыродна-кліматычны, генетычны, дэмаграфічны, сацыяльна-эканамічны (узровень дабрабыту, род заняткаў, жыллёвыя ўмовы, санітарыя, доступ да чыстай вады і інш.), культурны, палітычны, экалагічны, характар рассялення і інш. У другой палове ХХ ст. прычынай павелічэння смяротнасці стаў СНІД, які ўяўляе з сябе сур’ёзную пагрозу для развіцця.

Для вывучэння смяротнасці насельніцтва асноўным паказчыкам выступае агульны каэфіцыент смяротнасці (АКС — адносіны абсалютнай колькасці памерлых за год да сярэднегадавой колькасці насельніцтва ў разліку на 1000 чалавек, вымяраецца ў праміле (‰)).

У свеце цікавага. Па даных Бюро перапісаў ЗША, штогод у свеце абсалютная колькасць смярцей складае: у год — 56 545 138 чал., у месяц — 4 712 095 чал., у дзень — 154 918 чал., у гадзіну — 6455 чал., у мінуту — 108 чал., у секунду — 1,8 чал.

Геаграфія смяротнасці насельніцтва ў свеце ў параўнанні з нараджальнасцю не мае значных рэгіянальных адрозненняў. Гэта тлумачыцца тым, што поспехі аховы здароўя сталі насіць глабальны характар, у выніку чаго з’явілася магчымасць іх распаўсюджвання на ўсе краіны.

Для дынамікі смяротнасці насельніцтва, як і для нараджальнасці, характэрна яе зніжэнне з другой паловы ХХ ст. Гэта абумоўлена паляпшэннем санітарных умоў (ліквідацыя прычын распаўсюджвання хвароб; кантроль за якасцю ежы, вады, паветра і інш.), развіццём аховы здароўя (адкрыццё пеніцыліну, антыбіётыкаў), паляпшэннем умоў жыцця.

Агульны каэфіцыент смяротнасці насельніцтва свету па даных за 2019 г. склаў 7 ‰. Пры гэтым у развітых краінах смяротнасць вышэйшая (10 ‰), чым у краінах, якія развіваюцца (7 ‰) (мал. 39). Гэта тлумачыцца павелічэннем колькасці насельніцтва ў старэйшых узростах — дэмаграфічным старэннем.

Максімальныя значэнні смяротнасці насельніцтва характэрныя як для краін, якія развіваюцца (з перавагай краін Афрыкі), так і для краін Еўропы. Мінімальныя — для дзяржаў Паўднёва-Заходняй Азіі, якія развіваюцца. У 2019 г. максімум смяротнасці быў у Балгарыі, Латвіі, Сербіі, Лесота — 15 ‰, мінімум — у Катары і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ) — 1 ‰.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Выкарыстаўшы матэрыялы вучэбнага дапаможніка 8-га класа і ўспомніўшы спецыялізацыю краін у міжнародным падзеле працы, растлумачце, якія фактары могуць аказваць уплыў на нізкую смяротнасць насельніцтва ў краінах Паўднёва-Заходняй Азіі.

Свет і Беларусь. Смяротнасць насельніцтва Беларусі складае 12,7 ‰, што вышэй, чым у сярэднім у Еўропе. З 1980-х гг. з-за старэння ўзроставага складу насельніцтва і іншых фактараў смяротнасць у краіне ўзрастала аж да 2010 г., пасля чаго пачала зніжацца. Смяротнасць у нашай краіне блізкая да паказчыкаў, напрыклад, Расіі, Літвы і Румыніі.

СНІД (сіндром набытага імуннага дэфіцыту) з'яўляецца пандэміяй XXI стагоддзя і адной з найважнейшых прычын смяротнасці ў свеце. Эпідэміёлагі сыходзяцца ў меркаванні, што вірус імунадэфіцыту чалавека бярэ свой пачатак у Цэнтральнай Афрыцы.

У 2017 г. з ВІЧ у свеце жылі 36,9 млн чалавек. З іх каля 22 млн, у тым ліку 1,8 млн дзяцей, не маюць доступу да лячэння ад ВІЧ. Пры гэтым колькасць людзей, якія памерлі ад СНІДу, склала 940 тыс. чалавек. Каля 70 % ВІЧ-інфіцыраваных пражываюць у краінах Афрыкі, размешчаных на поўдзень ад Сахары. У 2017 г. смяротнасць інфіцыраванага насельніцтва гэтага рэгіёна склала 660 тыс. чал. Другое месца ў свеце па колькасці памерлых ад СНІДу займае Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён — 170 тыс. чал., трэцяе — з прыкладна роўнымі паказчыкамі — каля 35 тыс. чал. — Лацінская Амерыка і Усходняя Еўропа з Цэнтральнай Азіяй. Найменшай колькасцю памерлых ад СНІДу характарызуюцца краіны Блізкага Усходу, Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, Паўночнай Амерыкі. Найбольшая доля ВІЧ-інфіцыраваных ад колькасці дарослага насельніцтва (15–49 гадоў), якая перавышае 20 %, засяроджана ў Свазілендзе, Лесота і Батсване (мал. 39-1).

Мал. 39-1. Доля насельніцтва з ВІЧ / СНІД
ад колькасці насельніцтва ва ўзросце 15–49 гадоў, ‰

Паміж рэгіёнамі свету значных адрозненняў у смяротнасці насельніцтва няма. У 2017 г. з самай нізкай смяротнасцю была Паўднёвая Амерыка — 6 ‰. У Азіі, Аўстраліі і Акіяніі смяротнасць складае 7 ‰, у Паўночнай Амерыцы — 8 ‰, у Афрыцы — 9 ‰. Рэгіёнам з самай высокай смяротнасцю ў свеце цяпер выступае Еўропа — 11 ‰.

Па прагнозах ААН, у свеце з 2020 г. у выніку дэмаграфічнага старэння пачне ўзрастаць смяротнасць насельніцтва. Да 2050 г. агульны каэфіцыент смяротнасці складзе 9,3 ‰. Гэта павелічэнне будзе характэрна як для развітых краін, так і для краін, якія развіваюцца (мал. 39-2). Аднак смяротнасць у развітых краінах значна перавысіць сярэднесусветны ўзровень і складзе 12 ‰.

Мал. 39-2. Прагноз смяротнасці насельніцтва свету, ‰

Пры скарачэнні смяротнасці насельніцтва ў свеце адбываецца павелічэнне працягласці жыцця. Калі ў 1950-я гг. яна складала 47,7 года, то ў ХХІ ст. — 72 гады. Рост працягласці жыцця характэрны як для развітых, так і для краін, якія развіваюцца. Разрыў паміж імі скарачаецца і складае 10 гадоў. Працягласць жыцця насельніцтва ў развітых краінах роўная 79 гадам, у краінах, якія развіваюцца, — 69 гадам. Даўжэй за ўсіх у свеце — да 83 гадоў — жывуць жыхары Японіі, менш за ўсіх — у Свазілендзе — да 49 гадоў.

У мужчын і жанчын працягласць жыцця адрозніваецца. Як правіла, працягласць жыцця жанчын вышэйшая, чым у мужчын. Гэта заканамернасць выяўляецца ва ўсіх рэгіёнах свету. Таму пры аналізе сучаснай геаграфіі працягласці жыцця важна ўлічваць два паказчыкі: сярэднюю працягласць жыцця мужчын і сярэднюю працягласць жыцця жанчын. Мужчыны ў сярэднім у свеце ў цяперашні час жывуць 70 гадоў, жанчыны — 74 гады.

Больш за ўсё мужчын-доўгажыхароў пражывае ў Швейцарыі, Ісландыі і Ліхтэнштэйне (да 81 года). Пры гэтым толькі да 49 гадоў жывуць мужчыны ДР Конга і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі (мал. 39-3). Даўжэй за ўсіх у свеце жывуць жанчыны Сан-Марына (89 гадоў) і Японіі (86 гадоў), менш за ўсіх у Свазілендзе — да 48 гадоў (мал. 39-4).

Мал. 39-3. Геаграфія сярэдняй працягласці жыцця мужчын, 2016, гадоў
Мал. 39-4. Геаграфія сярэдняй працягласці жыцця жанчын, 2016, гадоў

Натуральны рух і ўзнаўленне насельніцтва ў свеце і рэгіёнах. Нараджальнасць і смяротнасць з’яўляюцца асноватворнымі працэсамі натуральнага руху насельніцтва.

Пад натуральным рухам насельніцтва разумеюць сукупнасць нараджэнняў і смярцей, якія змяняюць колькасць насельніцтва натуральным шляхам.

Натуральны рух насельніцтва вывучаецца з дапамогай асноўнага паказчыка — натуральнага прыросту ці змяншэння.

Натуральны прырост — гэта абсалютная велічыня рознасці паміж колькасцю тых, хто нарадзіўся, і памерлых за пэўны прамежак часу. Адмоўнае значэнне гэтага паказчыка называецца натуральнай стратай. Гэтыя два паказчыкі можна разлічыць або ў абсалютным выразе, або ў адносным — у разліку на 1000 чалавек, у праміле.

Натуральны рух насельніцтва ў свеце характарызуецца прыростам, які ў 2019 г. склаў 12 ‰. У той жа час яго дынаміка за 1950–2015 гг. характарызуецца скарачэннем. Паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, існуюць вялікія адрозненні — 1 і 14 ‰ адпаведна (мал. 40).

Афрыка з’яўляецца рэгіёнам, дзе назіраецца самы высокі натуральны прырост — 26 ‰. У Азіі з-за вялікіх адрозненняў паміж краінамі ва ўзроўні эканамічнага развіцця натуральны прырост складае 10 ‰. Паміж краінамі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі адрозненні вялікія — 2 і 11 ‰ адпаведна. Еўропа ўяўляе з сябе рэгіён, дзе нараджальнасць і смяротнасць насельніцтва ў сапраўдны момант маюць аднолькавыя значэнні, аднак смяротнасць не намнога перавышае нараджальнасць. Тут назіраецца натуральнае змяншэнне — 1 ‰.

Максімальныя значэнні натуральнага прыросту насельніцтва ў свеце характэрныя для Нігера — 38 ‰. Натуральнае змяншэнне насельніцтва ў разрэзе краін назіраецца ў Еўропе. Гэта ў асноўным былыя сацыялістычныя краіны. Максімальнае натуральнае змяншэнне характэрнае для Балгарыі — 7 ‰.

Свет і Беларусь. У Рэспубліцы Беларусь з 1993 г. адбывалася натуральнае змяншэнне насельніцтва. З 2005 г. яно скарачаецца і ў цяперашні час складае 2,8 ‰. У той жа час для гарадскіх жыхароў уласцівы натуральны прырост, а для сельскіх — змяншэнне.

Дэмаграфічныя працэсы з’яўляюцца асновай узнаўлення насельніцтва і ўплываюць на яго характар.

Пад узнаўленнем насельніцтва разумеецца бесперапыннае аднаўленне і змена людскіх пакаленняў, якія забяспечваюцца працэсамі нараджальнасці, смяротнасці і натуральнага прыросту.

У сучасным свеце атрымалі распаўсюджванне тры тыпы ўзнаўлення насельніцтва — пашыраны, просты і звужаны, асноўныя прыкметы якіх паказаны на малюнку 41.

Мал. 41. Асноўныя характарыстыкі тыпаў узнаўлення насельніцтва

Для ўсіх дзяржаў Афрыкі, большасці краін Паўднёвай Амерыкі і Азіі характэрны пашыраны тып узнаўлення. Просты тып прадстаўлены ў асобных дзяржавах Еўропы (напр., Францыя, Ісландыя, Ірландыя, Швецыя), Паўночнай Амерыкі (ЗША, Канада), Азіі (Кітай), Аўстраліі.

У большасці краін Еўропы і Японіі сфарміраваўся звужаны тып.

Падвядзём вынікі. Геаграфія насельніцтва з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Да дэмаграфічных працэсаў адносяць ..., ..., ..., дынаміку колькасці і ўзнаўленне насельніцтва. У сучасным свеце нараджальнасць выступае асноўным фактарам, які ўплывае на ... . Еўропа з’яўляецца рэгіёнам свету з самай ... нараджальнасцю, Афрыка — з самай ... . Паміж рэгіёнамі свету значных адрозненняў у смяротнасці насельніцтва няма. Натуральны рух насельніцтва ў свеце характарызуецца ... . У сучасным свеце атрымалі распаўсюджванне тры тыпы ўзнаўлення насельніцтва: ..., ... і ... .

Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя тэндэнцыі сучасных дэмаграфічных працэсаў? 2. Ахарактарызуйце асноўныя дэмаграфічныя працэсы ў свеце. 3. Вызначыце асаблівасці іх геаграфіі. 4. Чым можна растлумачыць зніжэнне нараджальнасці насельніцтва ў свеце?

Ад простага да складанага. 1. Абгрунтуйце фразу «Перапіс насельніцтва — усенародная справа». 2. Чаму гэтаму працэсу надаецца такое важнае значэнне?

Ад тэорыі да практыкі. 1. У большасці краін Еўропы, у тым ліку і Беларусі, нізкая нараджальнасць насельніцтва. Падумайце і прапануйце меры дэмаграфічнай палітыкі, якія могуць яе павялічыць у Беларусі. 2. Распрацуйце праекты па рашэнні дэмаграфічных праблем у краінах з пашыраным і звужаным тыпам узнаўлення насельніцтва.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Афіцыйны сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Афіцыйны сайт Фонду ААН у галіне народанасельніцтва.

Ад простага да складанага. 1. Абгрунтуйце фразу «Перапіс насельніцтва — агульнадзяржаўная справа». Чаму гэтаму працэсу надаецца такое важнае значэнне? 2. Чаму адна са справаздач ААН названа «Наш дэмаграфічна падзелены свет»?

Ад тэорыі да практыкі. 1. Выкарыстоўваючы карты атласа, выберыце па тры развітыя і тры краіны, якія развіваюцца. Вызначыце характар натуральнага руху насельніцтва ў гэтых краінах. Назавіце асноўныя прычыны адрозненняў. 2. Паўдзельнічайце ў інтэрактыўных занятках з элементамі групавой працы «Тыпы ўзнаўлення насельніцтва па краінах свету». Распрацуйце рэкамендацыі для кожнага тыпу краін па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.