*§ 6-1. УЗНАЎЛЕННЕ НАСЕЛЬНІЦТВА

Шэраг вучоных вылучаюць гістарычныя тыпы ўзнаўлення ва ўзаемасувязі з гістарычнымі фармацыямі.

1. Першабытны. Падзелены на два падтыпы. Першы характарызуецца вельмі нязначным і нерэгулярным прыростам насельніцтва на аснове групавой формы шлюбу, сярэдняга ўзроўню нараджальнасці, высокай смяротнасці. Для другога падтыпу характэрна першая форма сям'і — парная і адносна высокі прырост насельніцтва як вынік некаторага павышэння нараджальнасці і зніжэння смяротнасці.

2. Рабаўладальніцкі, які характарызуецца сярэднім прыростам насельніцтва, узнікненнем нешматдзетнасці, станаўленнем манагамнай сям'і.

3. Феадальны — з высокім прыростам насельніцтва, манагамнай формай шлюбу і патрыярхальнай сям'ёй, высокай смяротнасцю, асабліва дзіцячай.

4. Капіталістычны (па часе ўзнікнення, або сучасны — па асноўных характарыстыках), якому ўласцівыя «еўрапейскі тып шлюбнасці», зніжэнне ўзросту ўступлення ў шлюб, нізкі прырост насельніцтва пры нізкай смяротнасці і нараджальнасці.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як па дэмаграфічных паказчыках вызначыць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны? Уявіце сабе, вы — адзін з кіраўнікоў рэгіёну. Прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць неабходнасць валодання асноўнымі дэмаграфічнымі тэндэнцыямі ў вашым рэгіёне.

Свет і Беларусь. Ахарактарызуйце дэмаграфічную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь.

Папрацуем з атласам. 1. Пакажыце на карце краіны з натуральным прыростам насельніцтва і натуральнай стратай насельніцтва, прыклады краін з пашыраным тыпам узнаўлення насельніцтва, са звужаным тыпам узнаўлення насельніцтва, простым тыпам узнаўлення насельніцтва. 2. Пакажыце на карце краіны з максімальнай доляй насельніцтва ва ўзросце 0–14 гадоў і краіну з мінімальнай доляй насельніцтва ва ўзросце 0–14 гадоў, краіну c максімальнай доляй насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў і краіну з мінімальнай доляй насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў.

Паразважаем. 1. Як вы разумееце фразу «Круг сацыяльна-эканамічных праблем пачынаецца з дэмаграфіі і заканчваецца дэмаграфіяй»? Адказ абгрунтуйце. 2. Як уплываюць пандэміі на дэмаграфічныя працэсы? 3. Ці маюць рацыю тыя дэмографы, якія лічаць, што XXI стагоддзе стане стагоддзем старэння насельніцтва?