§ 6. ДЭМАГРАФІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ І ІХ ГЕАГРАФІЯ

Дэмаграфічная сітуацыя. Геаграфія насельніцтва з’яўляецца асноўным напрамкам сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. З аднаго боку, насельніцтва канкрэтнай тэрыторыі аказвае ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё, з другога — прыродныя ўмовы, рэсурсы, сацыяльна-эканамічны ўзровень развіцця, палітычная сітуацыя могуць вызначаць характар дэмаграфічных працэсаў і іншыя прыкметы насельніцтва.

Паразважаем. Як могуць паўплываць на дэмаграфічныя характарыстыкі насельніцтва палітычныя канфлікты ў краіне?

У свеце ўсё ўзаемазвязана. 1. Як па дэмаграфічных паказчыках вызначыць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны? 2. Уявіце сабе, вы — адзін з кіраўнікоў рэгіёна. Прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць неабходнасць ведаў аб асноўных дэмаграфічных тэндэнцыях у вашым рэгіёне.

Геаграфія насельніцтва мае больш цесныя сувязі з дэмаграфіяй. З яе яна запазычвае паказчыкі і вывучае рэгіянальныя адрозненні працэсаў. Вывучэнне дэмаграфічных працэсаў — адна з асноўных задач пры характарыстыцы насельніцтва краіны. Да дэмаграфічных працэсаў адносяць нараджальнасць, смяротнасць, натуральны рух насельніцтва, дынаміку колькасці, узнаўленне насельніцтва.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Некаторыя дэмографы адносяць да дэмаграфічных працэсаў колькасць шлюбаў і разводаў насельніцтва. У сучасным свеце назіраецца скарачэнне колькасці шлюбаў і рост колькасці разводаў (мал. 36). Напрыклад, краінамі, дзе больш за ўсё разводзяцца сямейныя пары, з’яўляюцца Расія і Беларусь, а больш за ўсё заключаюць шлюбаў, — Таджыкістан і Егіпет.

Для таго каб атрымаць комплексную характарыстыку дэмаграфічных працэсаў, якія адбываюцца на канкрэтнай тэрыторыі, мы павінны прааналізаваць яе дэмаграфічную сітуацыю.

Дэмаграфічная сітуацыя — гэта стан дэмаграфічных працэсаў і полаўзроставай структуры насельніцтва ў дынаміцы, якія праходзяць на канкрэтнай тэрыторыі (краіна, рэгіён, пасяленне) у вызначаны час. Дэмаграфічную сітуацыю ў любым рэгіёне вызначаюць два асноўныя працэсы — нараджальнасць і смяротнасць насельніцтва.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Выкарыстоўваючы раней атрыманыя веды, растлумачце, якія фактары ўплываюць на рост колькасці насельніцтва ў краінах Афрыкі і Азіі. Чаму ў Еўропе колькасць насельніцтва скарачаецца?