§ 26-1. РОЛЯ БЕЛАРУСІ Ў ВЫРАШЭННІ ГЕАПАЛІТЫЧНЫХ ПРАБЛЕМ
Роля Беларусі ва ўрэгуляванні глабальных канфліктаў. Беларусь і праблема тэрарызму. У рамках супрацоўніцтва па барацьбе з міжнародным тэрарызмам Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам усіх асноўных універсальных дагавораў па дадзенай праблематыцы, распрацаваных пад эгідай ААН. Беларусь падтрымала прыняцце ў 2006 г. Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН. Стратэгія выступае па сутнасці першым глабальным дакументам, які змяшчае агульны стратэгічны падыход да барацьбы з тэрарызмам на аснове камбінаваных нацыянальных, рэгіянальных і міжнародных намаганняў дзяржаў-членаў.
Пачынаючы з 2009 г. Беларусь удзельнічае ў Глабальнай ініцыятыве па барацьбе з актамі ядзернага тэрарызму, якая аб’ядноўвае 85 дзяржаў. Ініцыятыва носіць добраахвотны характар, накіравана на развіццё ў краінах-удзельніцах інфраструктуры ўліку і фізічнай абароны ядзерных і іншых радыеактыўных матэрыялаў, магчымасцей выяўлення і расследавання фактаў кантрабанды названых матэрыялаў, павышэнне абароны грамадзянскіх ядзерных аб’ектаў.
На рэгіянальным узроўні ў сферы барацьбы з тэрарызмам актыўнае развіццё атрымала супрацоўніцтва ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Дзяржавамі — удзельніцамі СНД сфарміравана нарматыўная прававая база па дадзенай праблематыцы, уключаючы падпісаны ў Мінску ў 1999 годзе Дагавор аб супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД у барацьбе з тэрарызмам.
У якасці дзяржавы — члена Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Беларусь удзельнічае ў дзейнасці дадзенай арганізацыі па барацьбе з тэрарызмам, наркатрафікам, іншымі пагрозамі бяспецы.
У 2013 г. была зацверджана Канцэпцыя барацьбы з тэрарызмам у Рэспубліцы Беларусь.
Беларусь і праблема раззбраення. Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку ў сферы міжнароднай бяспекі, нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння, раззбраення і кантролю над узбраеннем, удзельнічае ў міжнародных і рэгіянальных сістэмах бяспекі.
З 1996 г. Беларусь з’яўляецца членам Канферэнцыі ААН па раззбраенні. У 2010 г. наша краіна старшынствавала на канферэнцыі па раззбраенні. Таксама Беларусь традыцыйна выступае каардынатарам мерапрыемстваў Канферэнцыі па разглядзе тэматыкі забароны распрацоўкі новых відаў зброі масавага знішчэння, усеагульнай праграмы раззбраення і празрыстасці ў пытаннях узбраення.
Рэспубліка Беларусь выступіла першай дзяржавай, якая добраахвотна адмовілася ад валодання ядзернай зброяй, што засталася пасля распаду СССР. У якасці неядзернай дзяржавы Беларусь стала членам Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ) у 1993 г.
У 1995 г. Беларусь падпісала Пагадненне аб гарантыях з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ). Яна далучылася да канвенцый пад эгідай МАГАТЭ аб фізічнай абароне ядзернага матэрыялу і аб ядзернай бяспецы. Вывад ядзернай зброі са сваёй тэрыторыі Беларусь завяршыла ў 1996 г.
З’яўляючыся з 1992 г. стараной Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, наша краіна вывела са сваёй тэрыторыі 584 ракеты сярэдняй і меншай далёкасці з наступнай ліквідацыяй на палігонах былога СССР.
Беларусь ратыфікавала Дагавор аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў у 2000 г. і выступае за яго хутчэйшае ўваходжанне ў сілу.
У 2003 г. Рэспубліка Беларусь далучылася да Канвенцыі аб забароне прымянення, назапашвання, вытворчасці і перадачы супрацьпяхотных мін і аб іх знішчэнні (Атаўская канвенцыя / КСМ). Найважнейшым абавязацельствам па дадзенай Канвенцыі з’яўляецца знішчэнне наяўных запасаў. Беларусь валодала сёмым у свеце арсеналам супрацьпяхотных мін. Поўнае знішчэнне наяўных запасаў было завершана ў 2017 г. Усяго было знішчана больш за 295 тыс. мін з трацілавым напаўненнем і больш за 3,3 млн мін тыпу «ПФМ-1».
Беларусь у вырашэнні праблемы аб забароне хімічнай зброі. Беларусь у ліку першых дзяржаў свету падпісала ў 1993 г. і ратыфікавала ў 1996 г. Канвенцыю аб забароне хімічнай зброі (КЗХЗ). У Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь быў створаны нацыянальны орган па выкананні КЗХЗ.
Наша краіна не мае і ніколі не мела запасаў хімічнай зброі і аб’ектаў па яе вытворчасці. Асноўная задача на нацыянальным узроўні заключаецца ў ажыццяўленні кантролю за прадпрыемствамі хімічнай прамысловасці дзеля таго, каб гарантаваць, што названыя прадпрыемствы праводзяць дзейнасць, якая не супярэчыць палажэнням Канвенцыі.
Беларусь і гандаль людзьмі. Барацьба з гандлем людзьмі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Беларусі на міжнароднай арэне.
У 2005 г. на саміце ААН Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прапанаваў ініцыятыву аб актывізацыі міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі.
Краіна з’яўляецца ўдзельніцай усіх універсальных канвенцый ААН, накіраваных на процідзеянне гандлю людзьмі і звязаных з ім злачынстваў, у тым ліку Канвенцыі ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці, Пратакола аб папярэджанні і спыненні гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі, і пакаранні за яго (Палермскі пратакол), а таксама Канвенцыі Савета Еўропы аб процідзеянні гандлю людзьмі.
Беларусь надае вялікую ўвагу пытанням барацьбы з гандлем людзьмі і на нацыянальным узроўні. Дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб процідзеянні гандлю людзьмі», вызначаны меры па абароне і рэабілітацыі ахвяр. У працы па процідзеянні гандлю людзьмі беларускія дзяржаўныя органы актыўна ўзаемадзейнічаюць з беларускімі і міжнароднымі грамадскімі арганізацыямі ў галіне павышэння дасведчанасці і абароны правоў чалавека ахвяр гандлю людзьмі, у прыватнасці з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, МГА «Гендарныя перспектывы», «Ла Страда» і інш.
Канструктыўнае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы таксама склалася з міжнароднымі арганізацыямі, установамі сістэмы ААН, у тым ліку з упраўленнем ААН па наркотыках і злачыннасці, Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі, Упраўленнем Вярхоўнага Камісара па правах чалавека, Упраўленнем Вярхоўнага Камісара па справах бежанцаў, ЮНІСЕФ, ПРААН, ЮНФПА і інш.