Печатать книгуПечатать книгу

§ 26-1. РОЛЯ БЕЛАРУСІ Ў ВЫРАШЭННІ ГЕАПАЛІТЫЧНЫХ ПРАБЛЕМ

icon
Успамінаем. Якія асаблівасці эканоміка-геаграфічнага становішча Рэспублікі Беларусь? З якімі дзяржавамі па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця гранічыць наша дзяржава? Якія краіны з’яўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Як геапалітычнае становішча Беларусі ўплывае на яе эканамічнае развіццё? З якімі міжнароднымі арганізацыямі супрацоўнічае Рэспубліка Беларусь?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 26-1. РОЛЯ БЕЛАРУСІ Ў ВЫРАШЭННІ ГЕАПАЛІТЫЧНЫХ ПРАБЛЕМ
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 1 Май 2024, 09:27
img
Мал. 196-1. Геапалітычнае становішча Рэспублікі Беларусь

Асаблівасці геапалітычнага становішча Рэспублікі Беларусь. Беларусь па сваім геаграфічным становішчы знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Еўропы. Тэрыторыя яе кампактная: працягласць з поўначы на поўдзень — 560 км, з захаду на ўсход — 650 км. Рэспубліка Беларусь гранічыць з пяццю дзяржавамі: на поўначы і ўсходзе — з Расійскай Федэрацыяй (працягласць меж 1283 км), на поўдні — з Украінай (1084 км), на захадзе — з Польшчай (398 км), на паўночным захадзе — з Літвой (679 км) і Латвіяй (173 км). Агульная працягласць меж складае 3617 км.

Беларусь з’яўляецца ўнутрыкантынентальнай краінай, якая не мае прамога выхаду да мора. Аднак гэты недахоп кампенсуецца развітой унутрырэгіянальнай рачной сістэмай і магчымасцю выкарыстання марскіх партоў суседніх дзяржаў (Калінінград, Вентспілс, Клайпеда, Гданьск), якія знаходзяцца на адлегласці 250–350 км ад беларускіх меж. Межы з суседнімі дзяржавамі праходзяць у асноўным па раўніннай мясцовасці, што спрыяе стварэнню зручных транспартных магістралей і развіццю інтэнсіўных эканамічных сувязей не толькі з непасрэднымі суседзямі, але і з далёкім замежжам (мал.196-1).

iconСвет і Беларусь. Назавіце агульную працягласць дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь і працягласць меж з дзяржавамі-суседкамі.

У геапалітычным аспекце Беларусь з’яўляецца краінай, якая знаходзіцца на стратэгічным скрыжаванні: на перасячэнні транспартных шляхоў «поўнач — поўдзень — захад — усход». На захад ад яе знаходзяцца краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Польшча, Чэшская Рэспубліка, Славакія, Венгрыя), якія ўвайшлі ў адзін з найбуйнейшых геапалітычных цэнтраў сілы — Еўрапейскі саюз. З паўночнага захаду размяшчаюцца краіны Балтыі, якія таксама актыўна інтэгруюцца ў Еўрапейскі саюз, а на поўдзень — краіны Чарнаморскага басейна (Украіна, Малдова і дзяржавы Паўднёва-Заходняй Азіі). З усходу размешчана Расія. Па восі «поўнач — поўдзень» Беларусь з’яўляецца злучальным «мостам» паміж Чарнаморскім і Прыбалтыйскім рэгіёнамі, а па ўсходне-заходняй восі — жыццёва важным калідорам для Расіі і краін Цэнтральнай Азіі, якія актыўна развіваюць эканамічныя сувязі з Еўрапейскім саюзам.

Шматвектарнасць з’яўляецца фундаментальным прынцыпам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь (мал.196-2).

img
Мал. 196-2. Дыпламатычныя зносіны Рэспублікі Беларусь

З’яўляючыся транзітным калідорам на шляху ў Еўропу, Беларусь сутыкаецца з праблемай нелегальнай міграцыі з краін трэцяга свету і дзяржаў СНД. У выніку праведзенага ў 2004 г. пашырэння Еўрапейскага саюза заходняя і паўночна-заходняя межы краіны ператварыліся ў апошнюю перашкоду для жадаючых нелегальна трапіць у еўрапейскія краіны.

З 1990-х гг. Беларусь пачынае пазіцыянавацца як асобны геапалітычны суб’ект, які валодае ўласнай знешнепалітычнай воляй і пазіцыяй, самастойна вызначае ўнутраную і знешнюю палітыку.

У геапалітычнай сітуацыі, якая склалася, нельга не вылучыць пазіцыю Беларусі ў заходнім напрамку. Для Беларусі ўваходжанне ў еўрапейскую цывілізацыйную прастору азначае інтэграцыю ў сусветную супольнасць. Геапалітычнае становішча, гістарычны вопыт, культурныя традыцыі, навукова-тэхнічны, эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял Беларусі ствараюць спрыяльныя перадумовы для яе развіцця ў якасці еўрапейскай дзяржавы, паўнавартаснага ўдзельніка ўсіх еўрапейскіх працэсаў.

Пры выбудоўванні міжнароднага дыялогу Беларусь кіруецца прынцыпамі добрасуседства ў адносінах з сумежнымі краінамі, а таксама прынцыпамі міралюбнасці, роўнасці і ўзаемнай павагі, неўмяшання ва ўнутраныя справы, адмовы ад ціску і прымусу.

Міжнародная актыўнасць Беларусі прызваная ў першую чаргу забяспечваць абарону дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян.

Беларусь прытрымліваецца адзіных падыходаў да развіцця адносін з усімі замежнымі партнёрамі, але ў той жа час, як і любая іншая дзяржава, канцэнтруе свае знешнепалітычныя намаганні на шэрагу найбольш важных і перспектыўных вектараў. Сярод іх — краіны-суседкі, у першую чаргу Расійская Федэрацыя, стратэгічнае супрацоўніцтва з якой будуецца на аснове Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Паслядоўна адстойваючы ідэі інтэграцыі, Беларусь займае актыўную і канструктыўную пазіцыю ў аб’яднальных утварэннях на постсавецкай прасторы — Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

iconКлуб знаўцаў-географаў. Мінскі пратакол (мінскае пагадненне) — дакумент, які быў падпісаны 5 верасня 2014 г. у Мінску і прадугледжваў, у прыватнасці, спыненне агню на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Поўная назва — «Пратакол па выніках кансультацый Трохбаковай кантактнай групы адносна сумесных крокаў, накіраваных на рэалізацыю Мірнага плана Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і ініцыятыў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна».

Аб’ектыўна важным для Беларусі партнёрам з’яўляецца Еўрапейскі саюз, у аснове ўзаемадзеяння з якім, а таксама яго краінамі-членамі знаходзіцца гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Рэспубліка Беларусь — надзейны партнёр Еўрапейскага саюза не толькі з пункту гледжання падтрымкі сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў рэгіёне, але і па стратэгічна важных пытаннях агульнаеўрапейскага значэння: забеспячэнне ваенна-палітычнай, энергетычнай і экалагічнай бяспекі, барацьба са злачыннасцю, з наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі і інш.

Беларусь паслядоўна выступае за нармалізацыю дыялогу і развіццё сувязей са Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства развіваюцца з Кітайскай Народнай Рэспублікай. На якасна новы ўзровень выходзіць супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі беларускай знешняй палітыкі — Азіяй, Афрыкай і Лацінскай Амерыкай.

Важным напрамкам знешнепалітычнай актыўнасці Беларусі з’яўляецца шматбаковая дыпламатыя. Беларусь імкнецца ўнесці свой уклад у вырашэнне глабальных праблем, процідзеянне сучасным выклікам і пагрозам, традыцыйна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці ААН і іншых міжнародных арганізацый.

Роля Беларусі ва ўрэгуляванні глабальных канфліктаў. Беларусь і праблема тэрарызму. У рамках супрацоўніцтва па барацьбе з міжнародным тэрарызмам Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам усіх асноўных універсальных дагавораў па дадзенай праблематыцы, распрацаваных пад эгідай ААН. Беларусь падтрымала прыняцце ў 2006 г. Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН. Стратэгія выступае па сутнасці першым глабальным дакументам, які змяшчае агульны стратэгічны падыход да барацьбы з тэрарызмам на аснове камбінаваных нацыянальных, рэгіянальных і міжнародных намаганняў дзяржаў-членаў.

Пачынаючы з 2009 г. Беларусь удзельнічае ў Глабальнай ініцыятыве па барацьбе з актамі ядзернага тэрарызму, якая аб’ядноўвае 85 дзяржаў. Ініцыятыва носіць добраахвотны характар, накіравана на развіццё ў краінах-удзельніцах інфраструктуры ўліку і фізічнай абароны ядзерных і іншых радыеактыўных матэрыялаў, магчымасцей выяўлення і расследавання фактаў кантрабанды названых матэрыялаў, павышэнне абароны грамадзянскіх ядзерных аб’ектаў.

На рэгіянальным узроўні ў сферы барацьбы з тэрарызмам актыўнае развіццё атрымала супрацоўніцтва ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Дзяржавамі — удзельніцамі СНД сфарміравана нарматыўная прававая база па дадзенай праблематыцы, уключаючы падпісаны ў Мінску ў 1999 годзе Дагавор аб супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД у барацьбе з тэрарызмам.

У якасці дзяржавы — члена Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Беларусь удзельнічае ў дзейнасці дадзенай арганізацыі па барацьбе з тэрарызмам, наркатрафікам, іншымі пагрозамі бяспецы.

У 2013 г. была зацверджана Канцэпцыя барацьбы з тэрарызмам у Рэспубліцы Беларусь.

Беларусь і праблема раззбраення. Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку ў сферы міжнароднай бяспекі, нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння, раззбраення і кантролю над узбраеннем, удзельнічае ў міжнародных і рэгіянальных сістэмах бяспекі.

З 1996 г. Беларусь з’яўляецца членам Канферэнцыі ААН па раззбраенні. У 2010 г. наша краіна старшынствавала на канферэнцыі па раззбраенні. Таксама Беларусь традыцыйна выступае каардынатарам мерапрыемстваў Канферэнцыі па разглядзе тэматыкі забароны распрацоўкі новых відаў зброі масавага знішчэння, усеагульнай праграмы раззбраення і празрыстасці ў пытаннях узбраення.

Рэспубліка Беларусь выступіла першай дзяржавай, якая добраахвотна адмовілася ад валодання ядзернай зброяй, што засталася пасля распаду СССР. У якасці неядзернай дзяржавы Беларусь стала членам Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ) у 1993 г.

У 1995 г. Беларусь падпісала Пагадненне аб гарантыях з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ). Яна далучылася да канвенцый пад эгідай МАГАТЭ аб фізічнай абароне ядзернага матэрыялу і аб ядзернай бяспецы. Вывад ядзернай зброі са сваёй тэрыторыі Беларусь завяршыла ў 1996 г.

З’яўляючыся з 1992 г. стараной Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, наша краіна вывела са сваёй тэрыторыі 584 ракеты сярэдняй і меншай далёкасці з наступнай ліквідацыяй на палігонах былога СССР.

Беларусь ратыфікавала Дагавор аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў у 2000 г. і выступае за яго хутчэйшае ўваходжанне ў сілу.

У 2003 г. Рэспубліка Беларусь далучылася да Канвенцыі аб забароне прымянення, назапашвання, вытворчасці і перадачы супрацьпяхотных мін і аб іх знішчэнні (Атаўская канвенцыя / КСМ). Найважнейшым абавязацельствам па дадзенай Канвенцыі з’яўляецца знішчэнне наяўных запасаў. Беларусь валодала сёмым у свеце арсеналам супрацьпяхотных мін. Поўнае знішчэнне наяўных запасаў было завершана ў 2017 г. Усяго было знішчана больш за 295 тыс. мін з трацілавым напаўненнем і больш за 3,3 млн мін тыпу «ПФМ-1».

Беларусь у вырашэнні праблемы аб забароне хімічнай зброі. Беларусь у ліку першых дзяржаў свету падпісала ў 1993 г. і ратыфікавала ў 1996 г. Канвенцыю аб забароне хімічнай зброі (КЗХЗ). У Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь быў створаны нацыянальны орган па выкананні КЗХЗ.

Наша краіна не мае і ніколі не мела запасаў хімічнай зброі і аб’ектаў па яе вытворчасці. Асноўная задача на нацыянальным узроўні заключаецца ў ажыццяўленні кантролю за прадпрыемствамі хімічнай прамысловасці дзеля таго, каб гарантаваць, што названыя прадпрыемствы праводзяць дзейнасць, якая не супярэчыць палажэнням Канвенцыі.

Беларусь і гандаль людзьмі. Барацьба з гандлем людзьмі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Беларусі на міжнароднай арэне.

У 2005 г. на саміце ААН Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прапанаваў ініцыятыву аб актывізацыі міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі.

Краіна з’яўляецца ўдзельніцай усіх універсальных канвенцый ААН, накіраваных на процідзеянне гандлю людзьмі і звязаных з ім злачынстваў, у тым ліку Канвенцыі ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці, Пратакола аб папярэджанні і спыненні гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі, і пакаранні за яго (Палермскі пратакол), а таксама Канвенцыі Савета Еўропы аб процідзеянні гандлю людзьмі.

Беларусь надае вялікую ўвагу пытанням барацьбы з гандлем людзьмі і на нацыянальным узроўні. Дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб процідзеянні гандлю людзьмі», вызначаны меры па абароне і рэабілітацыі ахвяр. У працы па процідзеянні гандлю людзьмі беларускія дзяржаўныя органы актыўна ўзаемадзейнічаюць з беларускімі і міжнароднымі грамадскімі арганізацыямі ў галіне павышэння дасведчанасці і абароны правоў чалавека ахвяр гандлю людзьмі, у прыватнасці з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, МГА «Гендарныя перспектывы», «Ла Страда» і інш.

Канструктыўнае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы таксама склалася з міжнароднымі арганізацыямі, установамі сістэмы ААН, у тым ліку з упраўленнем ААН па наркотыках і злачыннасці, Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі, Упраўленнем Вярхоўнага Камісара па правах чалавека, Упраўленнем Вярхоўнага Камісара па справах бежанцаў, ЮНІСЕФ, ПРААН, ЮНФПА і інш.

icon Падвядзём вынікі. Геапалітычнае становішча Рэспублікі Беларусь варта лічыць … . Шматвектарнасць знешняй палітыкі і знешнеэканамічных сувязей Рэспублікі Беларусь тлумачыцца … . Беларусь прымае актыўны ўдзел ва ўрэгуляванні глабальных і лакальных палітычных канфліктаў. Прыкладам гэтаму могуць служыць … .

icon Праверым свае веды. 1. Якая роля Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне? 2. Якія асноўныя шляхі вырашэння рэгіянальных канфліктаў прапануе Рэспубліка Беларусь?

icon Ад простага да складанага. 1. Як вы разумееце выраз «Адным з напрамкаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўмацаванне пояса добрасуседства»? 2. Чаму Беларусь называюць донарам рэгіянальнай бяспекі?

icon Ад тэорыі да практыкі. Уявіце, што вас уключылі ў склад экспертаў па праектнай дзейнасці Прадстаўніцтва Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА). Выкарыстоўваючы рэсурсы Інтэрнэта, падрыхтуйце паведамленне аб асноўных напрамках дзейнасці ЮНФПА ў нашай краіне.