§ 26-1. РОЛЯ БЕЛАРУСІ Ў ВЫРАШЭННІ ГЕАПАЛІТЫЧНЫХ ПРАБЛЕМ

img
Мал. 196-1. Геапалітычнае становішча Рэспублікі Беларусь

Асаблівасці геапалітычнага становішча Рэспублікі Беларусь. Беларусь па сваім геаграфічным становішчы знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Еўропы. Тэрыторыя яе кампактная: працягласць з поўначы на поўдзень — 560 км, з захаду на ўсход — 650 км. Рэспубліка Беларусь гранічыць з пяццю дзяржавамі: на поўначы і ўсходзе — з Расійскай Федэрацыяй (працягласць меж 1283 км), на поўдні — з Украінай (1084 км), на захадзе — з Польшчай (398 км), на паўночным захадзе — з Літвой (679 км) і Латвіяй (173 км). Агульная працягласць меж складае 3617 км.

Беларусь з’яўляецца ўнутрыкантынентальнай краінай, якая не мае прамога выхаду да мора. Аднак гэты недахоп кампенсуецца развітой унутрырэгіянальнай рачной сістэмай і магчымасцю выкарыстання марскіх партоў суседніх дзяржаў (Калінінград, Вентспілс, Клайпеда, Гданьск), якія знаходзяцца на адлегласці 250–350 км ад беларускіх меж. Межы з суседнімі дзяржавамі праходзяць у асноўным па раўніннай мясцовасці, што спрыяе стварэнню зручных транспартных магістралей і развіццю інтэнсіўных эканамічных сувязей не толькі з непасрэднымі суседзямі, але і з далёкім замежжам (мал.196-1).

iconСвет і Беларусь. Назавіце агульную працягласць дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь і працягласць меж з дзяржавамі-суседкамі.

У геапалітычным аспекце Беларусь з’яўляецца краінай, якая знаходзіцца на стратэгічным скрыжаванні: на перасячэнні транспартных шляхоў «поўнач — поўдзень — захад — усход». На захад ад яе знаходзяцца краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Польшча, Чэшская Рэспубліка, Славакія, Венгрыя), якія ўвайшлі ў адзін з найбуйнейшых геапалітычных цэнтраў сілы — Еўрапейскі саюз. З паўночнага захаду размяшчаюцца краіны Балтыі, якія таксама актыўна інтэгруюцца ў Еўрапейскі саюз, а на поўдзень — краіны Чарнаморскага басейна (Украіна, Малдова і дзяржавы Паўднёва-Заходняй Азіі). З усходу размешчана Расія. Па восі «поўнач — поўдзень» Беларусь з’яўляецца злучальным «мостам» паміж Чарнаморскім і Прыбалтыйскім рэгіёнамі, а па ўсходне-заходняй восі — жыццёва важным калідорам для Расіі і краін Цэнтральнай Азіі, якія актыўна развіваюць эканамічныя сувязі з Еўрапейскім саюзам.

Шматвектарнасць з’яўляецца фундаментальным прынцыпам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь (мал.196-2).

img
Мал. 196-2. Дыпламатычныя зносіны Рэспублікі Беларусь

З’яўляючыся транзітным калідорам на шляху ў Еўропу, Беларусь сутыкаецца з праблемай нелегальнай міграцыі з краін трэцяга свету і дзяржаў СНД. У выніку праведзенага ў 2004 г. пашырэння Еўрапейскага саюза заходняя і паўночна-заходняя межы краіны ператварыліся ў апошнюю перашкоду для жадаючых нелегальна трапіць у еўрапейскія краіны.

З 1990-х гг. Беларусь пачынае пазіцыянавацца як асобны геапалітычны суб’ект, які валодае ўласнай знешнепалітычнай воляй і пазіцыяй, самастойна вызначае ўнутраную і знешнюю палітыку.

У геапалітычнай сітуацыі, якая склалася, нельга не вылучыць пазіцыю Беларусі ў заходнім напрамку. Для Беларусі ўваходжанне ў еўрапейскую цывілізацыйную прастору азначае інтэграцыю ў сусветную супольнасць. Геапалітычнае становішча, гістарычны вопыт, культурныя традыцыі, навукова-тэхнічны, эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял Беларусі ствараюць спрыяльныя перадумовы для яе развіцця ў якасці еўрапейскай дзяржавы, паўнавартаснага ўдзельніка ўсіх еўрапейскіх працэсаў.

Пры выбудоўванні міжнароднага дыялогу Беларусь кіруецца прынцыпамі добрасуседства ў адносінах з сумежнымі краінамі, а таксама прынцыпамі міралюбнасці, роўнасці і ўзаемнай павагі, неўмяшання ва ўнутраныя справы, адмовы ад ціску і прымусу.

Міжнародная актыўнасць Беларусі прызваная ў першую чаргу забяспечваць абарону дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян.

Беларусь прытрымліваецца адзіных падыходаў да развіцця адносін з усімі замежнымі партнёрамі, але ў той жа час, як і любая іншая дзяржава, канцэнтруе свае знешнепалітычныя намаганні на шэрагу найбольш важных і перспектыўных вектараў. Сярод іх — краіны-суседкі, у першую чаргу Расійская Федэрацыя, стратэгічнае супрацоўніцтва з якой будуецца на аснове Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Паслядоўна адстойваючы ідэі інтэграцыі, Беларусь займае актыўную і канструктыўную пазіцыю ў аб’яднальных утварэннях на постсавецкай прасторы — Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

iconКлуб знаўцаў-географаў. Мінскі пратакол (мінскае пагадненне) — дакумент, які быў падпісаны 5 верасня 2014 г. у Мінску і прадугледжваў, у прыватнасці, спыненне агню на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Поўная назва — «Пратакол па выніках кансультацый Трохбаковай кантактнай групы адносна сумесных крокаў, накіраваных на рэалізацыю Мірнага плана Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і ініцыятыў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна».

Аб’ектыўна важным для Беларусі партнёрам з’яўляецца Еўрапейскі саюз, у аснове ўзаемадзеяння з якім, а таксама яго краінамі-членамі знаходзіцца гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Рэспубліка Беларусь — надзейны партнёр Еўрапейскага саюза не толькі з пункту гледжання падтрымкі сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў рэгіёне, але і па стратэгічна важных пытаннях агульнаеўрапейскага значэння: забеспячэнне ваенна-палітычнай, энергетычнай і экалагічнай бяспекі, барацьба са злачыннасцю, з наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі і інш.

Беларусь паслядоўна выступае за нармалізацыю дыялогу і развіццё сувязей са Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства развіваюцца з Кітайскай Народнай Рэспублікай. На якасна новы ўзровень выходзіць супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі беларускай знешняй палітыкі — Азіяй, Афрыкай і Лацінскай Амерыкай.

Важным напрамкам знешнепалітычнай актыўнасці Беларусі з’яўляецца шматбаковая дыпламатыя. Беларусь імкнецца ўнесці свой уклад у вырашэнне глабальных праблем, процідзеянне сучасным выклікам і пагрозам, традыцыйна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці ААН і іншых міжнародных арганізацый.