§ 17-2. УРБАНІЗАЦЫЯ І ГЛАБАЛЬНАЯ ПРАБЛЕМА РОСТУ БУЙНЫХ ГАРАДОЎ
Геаграфічнае размеркаванне буйных гарадоў свету. Галоўнай тэндэнцыяй геаграфіі буйных гарадоў свету ў ХХІ ст. з’яўляецца іх пераважнае размяшчэнне ў краінах, якія развіваюцца, — краінах Поўдня (мал. 116-18).
Вышэй за ўсё канцэнтрацыя насельніцтва ў буйных гарадах у Паўночнай Амерыцы. У 2018 г. 46 % насельніцтва рэгіёну пражывала ў гарадах-мільянерах, а ў 2035 г. будзе жыць да 51 %.
Лацінская Амерыка вылучаецца самай высокай доляй насельніцтва, якое пражывае ў звышбуйных гарадах — мегасіці. У 2018 г. у гарадах з колькасцю жыхароў 10 млн чал. і больш пражывала 14 % насельніцтва рэгіёну. У 2035 г. гэта доля павялічыцца да 15 %.
Еўропа, наадварот, з’яўляецца тым рэгіёнам свету, дзе і колькасць, і доля насельніцтва, якое пражывае ў гарадах-мільянерах, з’яўляюцца ў цяперашні час мінімальнымі ў свеце. Рэгіён вылучаецца самай высокай доляй насельніцтва, якое пражывае ў адносна невялікіх гарадскіх паселішчах. У 2018 г. 42 % насельніцтва рэгіёну пражывала ў гарадах з колькасцю жыхароў да 300 тыс. чал.
У Азіі і Афрыцы хутка ўзрастае доля насельніцтва, якое пражывае ў буйных гарадах. Доля насельніцтва Азіі, што пражывае ў гарадах-мільянерах, складала 22 % у 2018 г., а да 2035 г. узрасце да 30 %. У Афрыцы ў такіх гарадах у 2018 г. пражывала 15 % насельніцтва, а ў 2035 г., як чакаецца, гэты паказчык складзе 22 %.
У Аўстраліі і Акіяніі доля насельніцтва, якое пражывае ў гарадах-мільянерах, складала 41 % у 2018 г. У рэгіёне пакуль няма гарадоў з колькасцю жыхароў 5 млн і больш, але, паводле прагнозу ААН, такімі гарадамі ў пачатку 2020 х гг. могуць стаць Мельбурн і Сіднэй.
Паразважаем. Чаму еўрапейскія гарады з багатай шматвяковай гісторыяй, якія ў гістарычным мінулым з’яўляліся сусветнымі лідарамі па колькасці насельніцтва, у цяперашні час не ўваходзяць нават у дзясятку найбуйнейшых гарадоў свету?
Найбольшая колькасць мегасіці свету таксама геаграфічна размешчана ў краінах, якія развіваюцца (мал. 116-19).
Паводле даных за 2018 г., 27 з 33 мегасіці свету размешчаны ў найменш развітых рэгіёнах свету. Пры гэтым у Кітаі 6 такіх гарадоў, у Індыі — 5. Па прагнозах, да 2030 г. 9 з 10 мегасіці свету будуць знаходзіцца ў краінах, якія развіваюцца.
Разам з тым развітыя краіны характарызуюцца ўстойлівым скарачэннем колькасці насельніцтва ў буйных гарадах. Усяго ў свеце 52 гарады, у якіх скарацілася колькасць насельніцтва за перыяд з 2000 па 2018 г. (мал. 116-20).
Паразважаем. У эканамічна развітых краінах адбываецца скарачэнне колькасці насельніцтва ў гарадах. На якой стадыі ўрбанізацыі знаходзяцца эканамічна развітыя краіны?
Дынаміка рэйтынгавых пазіцый найбуйнейшых гарадоў свету за перыяд з 1990 г. па сёння характарызуецца рэзкім скарачэннем у першай дзясятцы гарадоў эканамічна развітых краін і дамінаваннем гарадоў краін, якія развіваюцца. У 2018 г. у гэтай групе былі толькі два гарады развітых краін — Токіа і Осака. Паводле прагнозу, да 2030 г. у першай дзясятцы застанецца толькі Токіа (табл. 5*).
Табліца 5*. Дынаміка рэйтынгавых пазіцый найбуйнейшых гарадоў свету
1990 г. | 2018 г. | 2030 г. (прагноз) | Штогадовы прырост, 2015-2020 гг., % | |
1 | Токіа | Токіа | Дэлі | 3,2 |
2 | Осака | Дэлі | Токіа | 0,07 |
3 | Нью-Ёрк | Шанхай | Шанхай | 2,8 |
4 | Мехіка | Сан-Паўлу | Дака | 3,5 |
5 | Сан-Паўлу | Мехіка | Каір | 2,1 |
6 | Мумбаі | Каір | Мумбаі | 1,1 |
7 | Буэнас-Айрэс | Мумбаі | Пекін | 2,1 |
8 | Калката | Пекін | Мехіка | 0,4 |
9 | Лос-Анджэлес | Дака | Сан-Паўлу | 1,1 |
10 | Сеул | Осака | Кіншаса | 4,3 |
Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце найбуйнейшыя гарады свету ў 2018 г. Прааналізуйце дынаміку змянення колькасці насельніцтва гарадоў на аснове даных табліцы 5.
Такім чынам, асноўнае змяненне, што адбылося ў выніку звышхуткага росту буйных гарадоў у свеце, — гэта зрух іх геаграфіі ў краіны, якія развіваюцца.