§ 17-1. ГЛАБАЛЬНЫЯ І РЭГІЯНАЛЬНЫЯ ТРЭНДЫ ЎРБАНІЗАЦЫІ

Асноўныя геаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя фактары, якія вызначаюць працэс урбанізацыі. З пачаткам пераходу чалавецтва да постіндустрыяльнага грамадства ўрбанізацыя ўсё больш разглядаецца як вельмі складаны і шматгранны сацыяльна-эканамічны працэс, які ўздзейнічае на ўсе бакі жыцця свету.

Менавіта таму горад як аб’ект урбанізацыі ў цяперашні час уяўляе сабой своеасаблівы жывы арганізм са сваім узростам, жыццём і праблемамі. І кожны горад, як і кожны чалавек на Зямлі, характарызуецца як агульнымі рысамі, уласцівымі любому гораду, так і ўнікальнымі.

iconПаразважаем. Чым адрозніваюцца паміж сабой гарады са шматвяковай гісторыяй і маладыя гарады?

Урбанізацыю адносяць да своеасаблівых феноменаў развіцця чалавецтва.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Іерыхон, Дамаск, Бібл, Сідон і Бейрут былі заснаваныя прыкладна за 3000–4000 гадоў да Раства Хрыстова і да гэтага часу з’яўляюцца буйнымі гарадамі, а некаторыя — нават сталіцамі. І ўсё таму, што менавіта Левант, гістарычная вобласць, на тэрыторыі якой знаходзяцца гэтыя гарады, быў адным з першых цэнтраў развіцця цывілізацыі на планеце.

iconСвет і Беларусь. Назавіце першыя гарады, якія ўзніклі на тэрыторыі Беларусі.

Чаму ж урбанізацыя і гарады становяцца надзвычай цікавымі для вывучэння цяпер? У гэтага ёсць некалькі асноўных прычын. Па-першае, ніколі ў гісторыі развіцця чалавецтва ўрбанізацыя не характарызавалася такой значнай колькасцю гарадскога насельніцтва. Па-другое, тэмпы росту колькасці гарадскога насельніцтва ў цяперашні час перавышаюць тэмпы росту агульнай колькасці насельніцтва свету. Па-трэцяе, чалавецтва на глабальным узроўні ажыццявіла «ўрбанізацыйны пераход».

iconПаразважаем. Якія стадыі праходзіць урбанізацыя ў сваім развіцці? Што разумеецца пад урбанізацыйным пераходам?

Па-чацвёртае, як ніколі раней у гісторыі з’яўляецца ўсё больш адрозненняў у характары ўрбанізацыі развітых краін і краін, якія развіваюцца. Іншымі словамі, урбанізацыя перастала быць аднатыпным працэсам росту долі гарадскога насельніцтва і распаўсюджання гарадскога ладу жыцця. Цяпер яна мае некалькі «партрэтаў». Адзін — у развітых краін, іншы — у краін, якія развіваюцца. Па-пятае, урбанізацыя канца ХХ — пачатку ХХІ ст. — гэта своеасаблівы «клубок» праблем: ад палітычных да экалагічных. І па-шостае, сучасная ўрбанізацыя і шэраг яе праблем набылі глабальны характар. Гэта абумовіла неабходнасць распрацоўкі адзіных міжнародных стратэгій вырашэння дадзеных праблем (мал.116-1). Ніжэй мы разгледзім і вывучым гэтыя важныя пытанні.

img
Мал. 116-1. Унікальныя рысы сучаснай урбанізацыі як глабальнага працэсу