Печатать книгуПечатать книгу

§ 17-2. УРБАНІЗАЦЫЯ І ГЛАБАЛЬНАЯ ПРАБЛЕМА РОСТУ БУЙНЫХ ГАРАДОЎ

icon
Успамінаем. Чаму адбываецца рост колькасці гарадоў? Што такое мегасіці? Якая геаграфія глабальных гарадоў?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму адбываецца рост буйных гарадоў? Чаму насельніцтва імкнецца пераехаць у горад? Якія наступствы росту гарадоў?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 17-2. УРБАНІЗАЦЫЯ І ГЛАБАЛЬНАЯ ПРАБЛЕМА РОСТУ БУЙНЫХ ГАРАДОЎ
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 26 Апрель 2024, 03:05

Перадумовы росту буйных гарадоў. Агульнай тэндэнцыяй гарадскога развіцця з самага пачатку эпохі індустрыялізацыі быў і застаецца паскораны рост буйных гарадоў. Уяўленне аб вялікім горадзе не заставалася пастаянным. Доўгі час, аж да XIX ст., да такіх гарадоў адносіліся населеныя пункты колькасцю больш за 100 тыс. чал. Здаралася, што некаторыя сталіцы імперый дасягалі вялікіх памераў — 500 тыс. і нават 1 млн жыхароў. Напрыклад, Рым, Канстанцінопаль, Пекін, Багдад і інш.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Першым у гісторыі горадам-мільянерам быў Рым, які дасягнуў адзнакі ў мільён жыхароў прыкладна на пачатку нашай эры. Аднак пазней насельніцтва Рыма зменшылася. У сярэдзіне I тысячагоддзя н. э. найбуйнейшым горадам у свеце была кітайская сталіца Чанъань (цяпер Сіань). На мяжы I і II тысячагоддзяў самым вялікім горадам лічыўся Багдад.
У навейшай гісторыі першым горадам-мільянерам лічыцца Токіа ўзору пачатку XIX ст., які тады насіў назву Эда. Пазней гэтага паказчыка дасягнулі Пекін, Лондан, Нью-Ёрк.

Бурны рост вялікіх гарадоў у XIX ст. прымусіў увесці спецыяльную катэгорыю гарадскіх паселішчаў — гарады-мільянеры, у якую ўваходзілі населеныя пункты з насельніцтвам звыш 1 млн чалавек.

У XX ст. рост гарадоў-мільянераў паскорыўся, а з другой яго паловы разрастанне гэтых гарадоў становіцца глабальным працэсам і глабальнай праблемай.

iconСвет і Беларусь. Паводле вынікаў перапісу 2019 г., у Мінску пражывае 2 018 281 чалавек. Мільённы жыхар Мінска нарадзіўся 25 студзеня 1972 г. Растлумачце такія хуткія тэмпы росту беларускай сталіцы.

У цяперашні час паняцце «буйны горад» мае шырокі сэнс і ў яго ўключаюць некалькі азначэнняў. У некаторых краінах буйным лічыцца горад, які знаходзіцца ў самым вялікім класе па колькасці. Напрыклад, калі ў краіне самая вялікая колькасць для горада — ад 500 да 1000 тыс. чал., то ён будзе адносіцца да буйных. Пад буйным горадам таксама разумеюць і горад-мільянер, і мегасіці, і мегалопаліс.

iconСвет і Беларусь. Які горад у Беларусі адносіцца да буйных гарадоў?

Колькасць гарадоў-гігантаў і іх памеры год ад году ўзрастаюць. Гэтую агульнасусветную тэндэнцыю прадстаўляюць два якасна новыя працэсы — мегалапалізацыя і макрапалізацыя.

Пад мегалапалізацыяй разумеецца працэс утварэння прасторавых форм гарадскога рассялення — мегалопалісаў, што раней адсутнічалі ў гістарычных фармацыях. Гэты працэс звязаны са стадыяй позняй урбанізацыі і адбываецца ў перыяд завяршэння індустрыялізацыі або постіндустрыялізацыі.

iconПаразважаем. У якіх рэгіёнах свету больш за ўсё мегалопалісаў? З чым гэта звязана?

Пад макрапалізацыяй разумеецца працэс канцэнтрацыі насельніцтва ў буйных па колькасці насельніцтва гарадах, які адбываецца з-за розніцы ва ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця і магчымасцях для жыццядзейнасці насельніцтва паміж буйнымі гарадамі і драбнейшымі гарадамі і сельскай мясцовасцю.

iconПаразважаем. Мара многіх людзей — жыць у вялікім горадзе. Расіяне мараць пра Маскву, амерыканцы — пра Нью-Ёрк, маладыя кітайцы імкнуцца ў Шанхай або Пекін. Вялікі горад прыцягвае. Ацаніце станоўчыя і адмоўныя моманты жыцця ў вялікім горадзе для маладых людзей.

Дадзеныя паняцці сталі асновай для адлюстравання новых урбаністычных працэсаў і новых прасторавых форм гарадскіх утварэнняў. У даследчыкаў у сваю чаргу з’явіліся падставы задаваць пытанне: «Вялікія гарады — гэта перашкода ці шанс для развіцця “трэцяга свету”?» і г. д. Гэта звязана перш за ўсё з высокай канцэнтрацыяй гарадскога насельніцтва, эканамічнымі поспехамі і адначасова ростам беднасці, пагаршэннем экалагічнай сітуацыі ў буйных гарадах (мал. 116-13, 116-14).

img
Мал. 116-13. Шанхай, Кітай
img
Мал. 116-14. Нью-Дэлі, Індыя

З другой паловы XX ст. разрастанне гарадоў-мільянераў становіцца глабальным працэсам і да яго далучаюцца ўсе рэгіёны свету незалежна ад узроўню іх урбанізацыі, сацыяльна-эканамічнага і культурна-гістарычнага развіцця.

Прасторавыя стадыі росту буйных гарадоў. Рост буйных гарадоў праходзіць некалькі стадый. Аднак буйны горад — гэта не толькі канцэнтрацыя ў ім вялікай колькасці насельніцтва. Пад уплывам павелічэння колькасці насельніцтва адбываецца змяненне прасторы горада.

iconПаразважаем. Успомніце асноўныя стадыі ўрбанізацыі.

img
Мал. 116-15. Субурбанізацыя

На першай стадыі адбываецца ўстойлівы і паступальны працэс канцэнтрацыі насельніцтва ў буйных гарадах у перыяд іх прамысловага ўздыму. На другой стадыі адбываецца ўключэнне ў працэс урбанізацыі блізкага прасторавага асяроддзя буйнога горада, або этап субурбанізацыі. У гэты перыяд прыгарады пачынаюць расці і развівацца хутчэй ядра, гістарычнага цэнтра. Часта можна пачуць, што такія прыгарады называюць субурбіі (мал. 116-15). Трэцяя стадыя суправаджаецца разгрупаваннем (дэцэнтралізацыяй) гараджан не толькі ў межах зон уплыву ядзер урбанізацыі, але і на больш аддаленых перыферыйных прасторах з адначасовай дэпапуляцыяй насельніцтва цэнтральных раёнаў горада.

У буйных гарадах у выніку дэцэнтралізацыі пачынаюць пусцець старыя цэнтральныя кварталы. З іх гараджане перасяляюцца жыць у субурбіі, перыферыйныя, больш зручныя, экалагічна чыстыя раёны і гарадкі.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Першы і найбольш яскравы прыклад субурбанізацыі быў граматна арганізаваны ўрадам ЗША ў пасляваенныя гады ХХ ст. Амерыканская субурбія лічыцца эталонам маятнікавай міграцыі (перамяшчэнне вялікай колькасці людзей на працу і назад з месцаў пражывання) і ўзорам планіроўкі, але далёка не ўнікальная. Гарады Вялікабрытаніі і Францыі таксама маюць субурбанізаваныя прыгарады.

Дынаміка росту колькасці буйных гарадоў і колькасці насельніцтва ў іх. Да сярэдзіны 1950-х гг. шэсць з дзесяці самых буйных гарадоў свету размяшчаліся ў эканамічна развітых краінах. Але ў 1970-я гг. працэсы мегалапалізацыі і макрапалізацыі дасягнулі ў іх сваіх меж. З гэтага моманту наступіла стабілізацыя — лік буйных гарадоў у групе высокаразвітых краін практычна не павялічваецца. Лідарства ў гэтым працэсе перайшло да краін, якія развіваюцца, і яно за імі захаваецца ў XXI ст. Гэтаму спрыяе бесперапынны рост насельніцтва ва ўжо існуючых буйных гарадах (на ўзроўні 3–4 % у год і вышэй).

Глабальная тэндэнцыя сканцэнтравання насельніцтва ў буйных гарадах набывае гіпертрафіраваныя формы. Пераважная доля гарадскога насельніцтва засяроджваецца ў адным-двух (за рэдкім выключэннем у некалькіх, як, напрыклад, у Індыі) гарадах. Так, у Тайландзе больш за 50 % усіх гараджан сканцэнтравана ў Бангкоку. Звыш 30 % гарадскога насельніцтва Рэспублікі Карэя, Бангладэш, Філіпін пражывае ў гарадах Сеул, Дака, Вялікая Маніла адпаведна. Да 20 % гарадскога насельніцтва Пакістана, Турцыі, Ірана — жыхары Карачы, Стамбула, Тэгерана.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце найбуйнейшыя гарады Азіі, у якіх праяўляецца глабальная тэндэнцыя сканцэнтравання насельніцтва.

Колькасць гарадоў-мільянераў імкліва расце ў свеце. Калі ў 2000 г. іх налічвалася 371, то ў 2018 г. — ужо 548. Чакаецца, што да 2030 г. у свеце іх будзе 706 (мал. 116-16).

Колькасць мегасіці — гарадоў, у якіх пражывае больш за 10 млн чал., — таксама імкліва павялічваецца ў свеце. Калі ў 2000 г. іх было 16, у 2018 г. — 33, то да 2030 г. іх колькасць, па прагнозах, узрасце да 43 (мал. 116-17).

img
Мал. 116-16. Дынаміка колькасці гарадоў-мільянераў у свеце, адз.
img
Мал. 116-17. Колькасць мегасіці ў свеце, адз.

Па прагнозах, да 2035 г. таксама значна павялічыцца насельніцтва гарадоў з колькасцю 10 млн жыхароў і больш (на 63 % у параўнанні з 2018 г.). У табліцы 4* можна ўбачыць прааналізаваныя вышэй паказчыкі дынамікі росту колькасці буйных гарадоў свету.

Табліца 4*. Колькасць гарадоў-мільянераў свету і колькасць насельніцтва ў іх

Класы гарадоў па колькасці насельніцтва, млн чал. 2018 г. 2030 г. (прагноз)
Колькасць гарадоў Колькасць насельніцтва, млн чал. Доля ад сусветнага насельніцтва, % Колькасць гарадоў Колькасць насельніцтва, млн чал. Доля ад сусветнага насельніцтва, %
больш за 10 33 529 6,9 43 752 8,8
ад 5 да 10 48 325 4,3 66 448 5,2
ад 1 да 5 467 926 12,1 597 1183 13,8

Геаграфічнае размеркаванне буйных гарадоў свету. Галоўнай тэндэнцыяй геаграфіі буйных гарадоў свету ў ХХІ ст. з’яўляецца іх пераважнае размяшчэнне ў краінах, якія развіваюцца, — краінах Поўдня (мал. 116-18).

img
Мал. 116-18. Геаграфія найбуйнейшых гарадоў свету, млн чал.

Вышэй за ўсё канцэнтрацыя насельніцтва ў буйных гарадах у Паўночнай Амерыцы. У 2018 г. 46 % насельніцтва рэгіёну пражывала ў гарадах-мільянерах, а ў 2035 г. будзе жыць да 51 %.

Лацінская Амерыка вылучаецца самай высокай доляй насельніцтва, якое пражывае ў звышбуйных гарадах — мегасіці. У 2018 г. у гарадах з колькасцю жыхароў 10 млн чал. і больш пражывала 14 % насельніцтва рэгіёну. У 2035 г. гэта доля павялічыцца да 15 %.

Еўропа, наадварот, з’яўляецца тым рэгіёнам свету, дзе і колькасць, і доля насельніцтва, якое пражывае ў гарадах-мільянерах, з’яўляюцца ў цяперашні час мінімальнымі ў свеце. Рэгіён вылучаецца самай высокай доляй насельніцтва, якое пражывае ў адносна невялікіх гарадскіх паселішчах. У 2018 г. 42 % насельніцтва рэгіёну пражывала ў гарадах з колькасцю жыхароў да 300 тыс. чал.

У Азіі і Афрыцы хутка ўзрастае доля насельніцтва, якое пражывае ў буйных гарадах. Доля насельніцтва Азіі, што пражывае ў гарадах-мільянерах, складала 22 % у 2018 г., а да 2035 г. узрасце да 30 %. У Афрыцы ў такіх гарадах у 2018 г. пражывала 15 % насельніцтва, а ў 2035 г., як чакаецца, гэты паказчык складзе 22 %.

У Аўстраліі і Акіяніі доля насельніцтва, якое пражывае ў гарадах-мільянерах, складала 41 % у 2018 г. У рэгіёне пакуль няма гарадоў з колькасцю жыхароў 5 млн і больш, але, паводле прагнозу ААН, такімі гарадамі ў пачатку 2020 х гг. могуць стаць Мельбурн і Сіднэй.

iconПаразважаем. Чаму еўрапейскія гарады з багатай шматвяковай гісторыяй, якія ў гістарычным мінулым з’яўляліся сусветнымі лідарамі па колькасці насельніцтва, у цяперашні час не ўваходзяць нават у дзясятку найбуйнейшых гарадоў свету?

Найбольшая колькасць мегасіці свету таксама геаграфічна размешчана ў краінах, якія развіваюцца (мал. 116-19).

img
Мал. 116-19. Геаграфія мегасіці свету, 2018 г.

Паводле даных за 2018 г., 27 з 33 мегасіці свету размешчаны ў найменш развітых рэгіёнах свету. Пры гэтым у Кітаі 6 такіх гарадоў, у Індыі — 5. Па прагнозах, да 2030 г. 9 з 10 мегасіці свету будуць знаходзіцца ў краінах, якія развіваюцца.

Разам з тым развітыя краіны характарызуюцца ўстойлівым скарачэннем колькасці насельніцтва ў буйных гарадах. Усяго ў свеце 52 гарады, у якіх скарацілася колькасць насельніцтва за перыяд з 2000 па 2018 г. (мал. 116-20).

img
Мал. 116-20. Геаграфія найбуйнейшых гарадоў свету са скарачэннем колькасці насельніцтва за 2000–2018 гг.

iconПаразважаем. У эканамічна развітых краінах адбываецца скарачэнне колькасці насельніцтва ў гарадах. На якой стадыі ўрбанізацыі знаходзяцца эканамічна развітыя краіны?

Дынаміка рэйтынгавых пазіцый найбуйнейшых гарадоў свету за перыяд з 1990 г. па сёння характарызуецца рэзкім скарачэннем у першай дзясятцы гарадоў эканамічна развітых краін і дамінаваннем гарадоў краін, якія развіваюцца. У 2018 г. у гэтай групе былі толькі два гарады развітых краін — Токіа і Осака. Паводле прагнозу, да 2030 г. у першай дзясятцы застанецца толькі Токіа (табл. 5*).

Табліца 5*. Дынаміка рэйтынгавых пазіцый найбуйнейшых гарадоў свету

1990 г. 2018 г. 2030 г. (прагноз) Штогадовы прырост, 2015-2020 гг., %
1 Токіа Токіа Дэлі 3,2
2 Осака Дэлі Токіа 0,07
3 Нью-Ёрк Шанхай Шанхай 2,8
4 Мехіка Сан-Паўлу Дака 3,5
5 Сан-Паўлу Мехіка Каір 2,1
6 Мумбаі Каір Мумбаі 1,1
7 Буэнас-Айрэс Мумбаі Пекін 2,1
8 Калката Пекін Мехіка 0,4
9 Лос-Анджэлес Дака Сан-Паўлу 1,1
10 Сеул Осака Кіншаса 4,3

iconПапрацуем з атласам. Пакажыце на карце найбуйнейшыя гарады свету ў 2018 г. Прааналізуйце дынаміку змянення колькасці насельніцтва гарадоў на аснове даных табліцы 5.

Такім чынам, асноўнае змяненне, што адбылося ў выніку звышхуткага росту буйных гарадоў у свеце, — гэта зрух іх геаграфіі ў краіны, якія развіваюцца.

Праблемы росту буйных гарадоў свету. Праблемы росту буйных гарадоў свету звязаны з дэмаграфічным і эканоміка-геаграфічным наступствамі гэтага працэсу. Асноўным дэмаграфічным наступствам выступае рэзкі рост колькасці насельніцтва з павелічэннем штогадовых тэмпаў у краінах, якія развіваюцца, пры скарачэнні аналагічных паказчыкаў у развітых краінах. Асноўным эканоміка-геаграфічным наступствам выступае канцэнтрацыя вялікай колькасці насельніцтва ў буйных гарадах у краінах з нізкім узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця (мал. 116-21, 116-22).

img
Мал. 116-21. Найбяднейшыя раёны Дэлі, Індыя
img
Мал. 116-22. Найбяднейшыя жыхары Бангладэш

Таму ўвесь шырокі спектр сучасных праблем росту буйных гарадоў будзе звязаны з іх нізкім узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця і будзе характэрны пераважна для краін, якія развіваюцца (мал. 116-23).

img
Мал. 116-23. Асноўныя праблемы росту буйных гарадоў

У эканамічна развітых краінах гэтыя праблемы таксама праяўляюцца, аднак маюць іншыя перадумовы (мал. 116-24). Напрыклад, адной з перадумоў з’яўляецца скарачэнне колькасці насельніцтва і дэмаграфічнае старэнне ў развітых краінах. Гэта прывяло да запаўнення цэнтраў буйных гарадоў мігрантамі з краін, якія развіваюцца. У выніку адбываецца рост злачыннасці, канфліктаў на рознай глебе, сацыяльнай нестабільнасці і многае іншае.

img
Мал. 116-24. Асноўныя праблемы буйных гарадоў у развітых краінах

iconПаразважаем. Чаму ў многіх буйных гарадах еўрапейскіх дзяржаў з высокім узроўнем развіцця турыстаў папярэджваюць пра кішэннікаў і іншых парушальнікаў закона?

icon Падвядзём вынікі. Агульнай тэндэнцыяй гарадскога развіцця пачатку эпохі індустрыялізацыі быў і застаецца паскораны рост ... ... . Працэс утварэння мегалопалісаў — гэта ... . Працэс канцэнтрацыі насельніцтва ў буйных па колькасці насельніцтва гарадах — гэта ... . Вылучаюць некалькі прасторавых стадый росту буйных гарадоў: ..., ..., ... . Галоўнай тэндэнцыяй геаграфіі буйных гарадоў свету ў ХХІ ст. з’яўляецца іх пераважнае размяшчэнне ў краінах, якія … .

icon Праверым свае веды. 1. Чым абумоўлены хуткі рост гарадоў у XX–XXI стст.? 2. Чаму ўтвараюцца мегалопалісы? 3. Што такое субурбанізацыя?

icon Ад простага да складанага. 1. Як праяўляецца субурбанізацыя ў краінах, якія развіваюцца? 2. Чаму ў Лацінскай Амерыцы самая высокая доля насельніцтва, якое пражывае ў мегасіці? 3. Ці зможа працэс урбанізацыі скараціць разрыў паміж багатымі і беднымі грамадзянамі? 4. Ці характэрна субурбанізацыя для Рэспублікі Беларусь?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Падрыхтуйце прэзентацыю аб найбуйнейшых гарадах свету. 2. Падрыхтуйце паведамленне на тэму «Праблемы гарадоў-мільянераў».

icon

Web-рэсурсы.
Сайт ААН. Якім павінен быць горад будучыні?

Матэрыялы Сусветнага банка для навучэнцаў. Урбанізацыя.