ад аўтараў

Паважаныя вучні!

Вы прыступаеце да вывучэння апошняга раздзела школьнага курсу геаграфіі — «Глабальныя праблемы чалавецтва». У гэтым раздзеле разглядаюцца геаграфічныя аспекты глабальных праблем чалавецтва і магчымыя шляхі іх пераадолення.

Першы раздзел вучэбнага дапаможніка прысвечаны вывучэнню сучасных геаэкалагічных праблем геаграфічнай абалонкі. У другім раздзеле раскрываюцца найбольш актуальныя сацыяльна-эканамічныя праблемы чалавецтва. Акрамя таго, разглядаецца значэнне рацыянальнага прыродакарыстання і канцэпцыі ўстойлівага развіцця для вырашэння глабальных праблем чалавецтва.

Каб вам было больш лёгка і цікава засвойваць няпросты матэрыял, у кожным параграфе вучэбнага дапаможніка на старонцы злева вы ўбачыце дзве групы маркераў: маркеры-памочнікі і маркеры-кантралёры.

На пачатку параграфа вам прапануюцца два маркеры. Рубрыка з маркерам img «Успамінаем» паможа ўзнавіць веды, неабходныя для далейшага вывучэння матэрыялу. Рубрыка з маркерам img «Вывучаем, каб ведаць» змяшчае пытанні, якія раскрываюць практычную значнасць матэрыялу або накіраваны на рашэнне праблем развіцця грамадства і свету.

У тэксце параграфа вы таксама ўбачыце некалькі розных рубрык з маркерамі. Новыя тэрміны і паняцці вы заўважыце па маркеры img «Геаграфічны слоўнік», яны вылучаны паўтлустым шрыфтам. Рубрыка з маркерам img «У свеце ўсё ўзаемазвязана» накіравана на ўстанаўленне сувязей паміж вучэбнымі прадметамі, часткамі геаграфіі, а таксама на выкарыстанне ведаў з навуковых галін, не звязаных з геаграфіяй. Пад маркерам img «Паразважаем» прадстаўлены заданні, накіраваныя на актывізацыю вашай пазнавальнай дзейнасці і ўстанаўленне прычынна-выніковых сувязей. Яны прадугледжваюць уважлівае вывучэнне тэксту і адлюстроўваюць вашу чытацкую пісьменнасць. Напэўна, сярод вас ёсць тыя, хто найбольш захоплены геаграфіяй. Для вас мы падрыхтавалі рубрыку «Клуб географаў-знаўцаў» з маркерам img, дзе вы знойдзеце дадатковую інфармацыю пазнавальнага і інфармацыйна-пошукавага характару. Якая геаграфія без карты? Яна заўсёды побач з маркерам img «Папрацуем з атласам». Вывучаючы глабальныя праблемы чалавецтва, важна ведаць, якую пазіцыю займае наша краіна. З гэтай мэтай у параграфе вы ўбачыце маркер img «Свет і Беларусь». Праграмная геаграфічная наменклатура вылучана ў тэксце паўтлустым чырвоным колерам. У канцы параграфа ўспомніць самае галоўнае з вывучанага матэрыялу дапаможа рубрыка з маркерам img «Падвядзём вынікі». За ім размешчаны некалькі рубрык-кантралёраў з маркерамі заданняў рознага ўзроўню для самакантролю і праверкі ведаў і ўменняў — img «Праверым свае веды», img «Ад простага да складанага», img «Ад тэорыі да практыкі». У рубрыку, пазначаную маркерам img «Web-рэсурсы», уключаны спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы ў якасці дадатковага матэрыялу па вывучанай тэме (у тым ліку і на замежнай мове). Новыя тэрміны і паняцці, акрэсленыя вучэбнай праграмай, уключаны ў слоўнік у канцы вучэбнага дапаможніка.

Адсылка да павышанага ўзроўню — Павышаны ўзровень П1, Павышаны ўзровень §1-1.

Матэрыял для павышанага ўзроўню размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале (http://profil.adu.by).

Для больш якаснай падрыхтоўкі да вучэбных заняткаў, набыцця новых геаграфічных ведаў трэба звяртацца да электронных рэсурсаў, літаратурных крыніц, даведнікаў і картаграфічных матэрыялаў.