Уводзiны

Глабальныя праблемы чалавецтва і роля геаграфіі ў іх вырашэнні. Тэрміны «глабальны» і «рэгіянальны» ў геаграфіі адлюстроўваюць два асноўныя напрамкі ўспрымання навакольнага свету і практычнай дзейнасці чалавека. Шырокае развіццё глабальнага напрамку ў геаграфіі пачынаецца з 70-х гг. XX ст. У гэты час узмацняецца ўсведамленне цэласнасці навакольнага свету, пашыраюцца ўяўленні пра глабальныя праблемы развіцця чалавецтва. Першапачаткова да іх адносілі ў асноўным геаэкалагічныя праблемы (змяненне клімату, скарачэнне біяразнастайнасці, забруджванне навакольнага асяроддзя і інш.). Пазней сталі разглядаць і глабальныя з’явы грамадскага характару, звязаныя з палітыкай, эканомікай, вытворчасцю, тэхналогіямі і г. д.

Важнасць і неабходнасць глабальнага ўяўлення пра свет абумоўлена глыбокім крызісам развіцця чалавецтва на мяжы тысячагоддзяў. У сувязі з гэтым адна з галоўных задач сучаснай геаграфіі — распрацоўка навуковых асноў і практычных рэкамендацый па аптымізацыі ўзаемадзеяння грамадства і прыроды для вырашэння праблемы ўстойлівага развіцця чалавецтва.

icon
Паразважаем. Чаму геаграфія выконвае важную ролю ў вывучэнні ўзаемаадносін грамадства і прыроды?
icon

Глабальныя праблемы чалавецтва — сукупнасць прыродна-экалагічных і сацыяльна-эканамічных праблем, ад вырашэння якіх залежыць развіццё чалавецтва і захаванне цывілізацыі.

У канцы XX ст. сфарміраваліся тры асноўныя крытэрыі выяўлення жыццёва важных праблем чалавецтва (мал. 1).

Паводле гэтых крытэрыяў вылучаюць шэсць груп глабальных праблем чалавецтва (мал. 2).

Усе планетарныя праблемы ў той ці іншай ступені выкліканы абвастрэннем супярэчнасцей паміж грамадскім развіццём і прыроднымі сістэмамі Зямлі і ўзаемазвязаны.

Глабальныя праблемы маюць канкрэтнае праламленне ў асобных краінах і раёнах. Таму важна разглядаць глабальныя і рэгіянальныя праблемы ў цеснай узаемасувязі.

Аналіз глабальных праблем неабходны для распрацоўкі канструктыўных мер іх вырашэння на рэгіянальным узроўні. Каб вырашыць гэтыя задачы, неабходна абавязковае супрацоўніцтва географаў з прадстаўнікамі іншых навук — грамадскіх, прыродазнаўчых і тэхнічных.

icon
У свеце ўсё ўзаемазвязана. З раней вывучаных курсаў геаграфіі прывядзіце прыклады рэгіянальнага праяўлення глабальных праблем чалавецтва.
img
Мал. 1. Крытэрыi выяўлення глабальных праблем чалавецтва
img
Мал. 2. Групы глабальных праблем чалавецтва