Слоўнік


Обзор глоссария по алфавиту

Специальные | А | Б | В | Г | Д | Е | Ё | Ж | З | И | К | Л | М | Н | О | П | Р | С | Т | У | Ф | Х | Ц | Ч | Ш | Щ | Э | Ю | Я | Все

Страница:  1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  ...  18  (Далее)
  Все

І

Індаеўрапе́йцы

Індаеўрапе́йцы — ​народы, якія сфарміраваліся ў розныя перыяды каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі ад сучаснай Індыі да заходняй часткі Еўропы, размаўлялі на блізкіх мовах агульнага паходжання і мелі шмат агульных рысаў у матэрыяльнай і духоўнай культуры.


Інкарпара́цыя

Інкарпара́цыя — ​уключэнне ў склад, далучэнне.


Інфля́нты

Інфля́нты — ​Лівонія, назва зямель Усходняй Прыбалтыкі ў ВКЛ і Рэчы Па­спалітай.


А

Агіягра́фія

Агіягра́фія — ​жанр царкоўна-рэлігійнай літаратуры, апавяданні пра жыццё людзей, прылічаных да ліку святых.


Агаро́днікі

Агаро́днікі — ​феадальна-залежныя сяляне, якіх сялілі на невялікіх дзялянках зямлі і абавязвалі выконваць пэўныя павіннасці.


Адраджэ́нне

Адраджэ́нне — ​эпоха ў гісторыі культуры Заходняй Еўропы і ВКЛ, адметная свецкім характарам, антыфеадальнай і антыклерыкальнай накіраванасцю, а таксама антрапацэнтрызмам, індывідуалізмам, вальнадумствам, свабодалюбівымі і патрыятычнымі настроямі.


Адукацы́йная камі́сія

Адукацы́йная камі́сія — ​свецкая ўстанова па арганізацыі і кіраўніцтве сістэмай школьнай асветы ў Рэчы Паспалітай.


Анімі́зм

Анімі́зм — ​вера ў існаванне духаў і душ, у іх уплыў на жыццё людзей і жывёл.


Антытрынітары́зм

Антытрынітары́зм — ​плынь у пратэстантызме, прыхільнікі якой адмаўляюць догмат пра трыадзінства Бога.


Арна́мент

Арна́мент — ​узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


Археалагі́чная культу́ра

Археалагі́чная культу́ра — ​гістарычная агульнасць археалагічных помнікаў, што існавалі на акрэсленай тэрыторыі прыкладна ў адзін час і з’яўляюцца адна­стайнымі па сваёй матэрыяльнай культуры.


Асіміля́цыя

Асіміля́цыя — ​страта часткай соцыуму ці цэлым этнасам сваіх адметных рысаў і замена іх на запазычаныя ў іншага этнасу.


Аса́дныя сяля́не

Аса́дныя сяля́не — ​адна з асноўных катэгорый феадальна-залежных сялян у ВКЛ, галоўнай павіннасцю якіх быў чынш.


Аўтано́мія

Аўтано́мія — ​самастойнае ажыццяўленне дзяржаўнай улады ці кіравання, якое прадастаўлена якой-небудзь частцы дзяржавы.


Аўтахто́ннае насе́льніцтва

Аўтахто́ннае насе́льніцтва — ​першае мясцовае, карэннае насельніцтва на пэўнай тэрыторыі.


Б

Бі́скуп

Бі́скуп — ​духоўны сан у каталіцкай царкве, які адпавядае сану епіскапа ў праваслаўнай царкве.


Бі́скупства

Бі́скупства — ​царкоўна-адміністрацыйная адзінка каталіцкай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.


Ба́лты

Ба́лты — ​група індаеўрапейскіх плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балцкіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы і інш.).


Бабылі́

Бабылі́ — ​катэгорыя беззямельных сялян у ВКЛ з ХVІ ст.


Базі́ліка

Базі́ліка — ​тып будынка прамавугольнай формы, які складаецца з няцотных па колькасці (1, 3 або 5), розных па вышыні нефаў.


Баро́ка

Баро́ка — ​стыль у еўрапейскім мастацтве канца ХVІ — ​сярэдзіны ХVІІІ ст., які ўзнік на аснове традыцый позняга Адраджэння. Адметныя рысы барока — ​урачыс­тасць, кантраснасць, ускладненасць формаў, параднасць, пышны дэкор.


Бая́ры

Бая́ры — ​ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ.


Берасцяны́я гра́маты

Берасцяны́я гра́маты — ​помнікі пісьменнасці ХІ—ХІV стст., зробленыя на бяросце, выяўленыя падчас археалагічных раскопак старажытнарускіх гарадоў.


Бра́цтвы

Бра́цтвы — ​рэлігійныя арганізацыі насельніцтва ВКЛ у ХV—ХVІІІ стст., якія ствараліся пры цэрквах, манастырах, касцёлах, кляштарах. Б. клапаціліся аб іх стане, адкрывалі прытулкі, шпіталі, школы, друкарні.


Бурмі́стр

Бурмі́стр — ​выбарная асоба ў магістраце гарадоў з магдэбургскім правам, якая ўзначальвала гарадскую раду.


В

Ві́ленскае баро́ка

Ві́ленскае баро́ка — ​умоўная назва мастацкай сістэмы позняга барока ў манументальнай культавай архітэктуры Беларусі (1730—1770-я гг.). Архітэктурныя помнікі віленскага барока вызначаюцца пластычнасцю аб’ёмаў, маляўнічасцю сілуэта, створанага шмат’яруснымі скразнымі ажурнымі вежамі, фігур­нымі атынкаванымі франтонамі, якія надаюць галоўнаму фасаду прасторавую структуру.


Вало́ка

Вало́ка — ​асноўная зямельная мера і адзінка абкладання сялян павіннасцямі ў ВКЛ; складала каля 21,36 га.


Вало́чная паме́ра

Вало́чная паме́ра — ​аграрная рэформа ў ВКЛ у ХVІ — ​першай палове ХVІІ ст.; комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні землекарыстання і абкладанні сялян павіннасцямі.


Ваяво́да

Ваяво́да — ​намеснік вялікага князя, адміністрацыйны, гаспадарчы і судовы кіраўнік ваяводства.


Ваяво́дства

Ваяво́дства — ​адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў ВКЛ у ХV—​ХVІІІ стст.


Ве́рв

Ве́рв — ​сельская абшчынная арганізацыя ў Старажытнай Русі.


Ве́ча

Ве́ча — ​народны сход на Русі і ў іншых славянскіх народаў, які збіраўся для абмеркавання агульных спраў і непасрэднага вырашэння надзённых пытанняў грамадскага, палітычнага і культурнага жыцця.


Во́ласць

Во́ласць — ​1) сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе, на Русі і ў ВКЛ; 2) адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Русі і ў ВКЛ, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэрытарыяльную абшчыну.


Во́тчына

Во́тчына — ​форма зямельнай уласнасці ў Сярэднявеччы, якая перадаецца ў спадчыну.


Войт

Войт — ​кіраўнік мясцовай адміністрацыі ў гарадах і вёсках ВКЛ.


Вялі́кае перасяле́нне наро́даў

«Вялі́кае перасяле́нне наро́даў» — ​масавыя міграцыі германскіх, славянскіх, цюркскіх, іранскіх і іншых плямёнаў на тэрыторыі Рымскай імперыі і ў суседнія землі ў ІV—VІІ стст.


Г

Гібе́рна

Гібе́рна — ​падатак на ўтрыманне войска ў Рэчы Паспалітай.


Гало́та

Гало́та — ​1) беззямельная шляхта ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай; 2) бяднейшыя пласты сацыяльных груп ВКЛ і Рэчы Паспалітай (напрыклад, казацкая галота).


Гало́ўны Трыбуна́л ВКЛ

Гало́ўны Трыбуна́л ВКЛ — ​найвышэйшы апеляцыйны суд ВКЛ з 1581 г.


Гарадзі́шча

Гарадзі́шча — ​рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча або горада.


Гаспада́р

Гаспада́р — ​тытул манарха ў ВКЛ.


Гасці́нец

Гасці́нец — ​упарадкаваная вялікая дарога ў ВКЛ.


Гва́лты

Гва́лты — ​адпрацовачная феадальная павіннасць усіх працаздольных сялян ВКЛ.


Ге́нрыхавы арты́кулы

Ге́нрыхавы арты́кулы — ​акт, які вызначыў асновы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай і паўнамоцтвы караля польскага і вялікага князя літоўскага.


Ге́тман

Ге́тман — ​кіраўнік узброеных сіл дзяржавы ў ВКЛ і Польшчы ў ХV—ХVІІІ стст.


Го́сць

Го́сць — ​буйны́ прадстаўнік купецтва ў ВКЛ, які вёў замежны гандаль.


Го́тыка

Го́тыка — ​мастацкі стыль, пашыраны ў краінах Еўропы ў ХІІ — ​пачатку ХVІІ ст., для якога характэрны востраканцовыя будынкі, спічастыя скляпенні, багаты арнамент.


Грамада́

Грамада́ — ​сялянская абшчына ў ВКЛ.


Гры́ўня

Гры́ўня — ​сярэбраны плацёжны злітак, грашовая адзінка ХІ—ХІV стст.


Д

Да́ннікі

Да́ннікі — ​катэгорыя феадальна-залежных сялян ВКЛ у ХІV—ХVІ стст., галоўнай павіннасцю якіх была выплата натуральнай даніны.


Данжо́н

Данжо́н — ​галоўная шмат’ярусная вежа феадальнага замка, якая служыла месцам апошняй абароны, або асобна пастаўленая абарончая вежа.


Двары́шча

Двары́шча — ​гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феадальнымі павіннасцямі на паўднёвым захадзе Беларусі ў ХІV—ХVІ стст.


Дзя́кла

Дзя́кла — ​прадуктовая рэнта за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян ВКЛ.


Дзядзі́нец

Дзядзі́нец — ​умацаваная частка старажытнага горада.


Домніца

До́мніца — ​печ для атрымання жалеза непасрэдна з жалезнай руды шляхам яе ператварэння ў крыцу.


Дым

Дым — ​сялянская гаспадарка, адзінка падаткаабкладання ў ВКЛ у ХІV—
ХVІІІ стст.


Дырхем

Дырхе́м — ​сярэбраная арабская манета.


Дысідэнты

Дысідэ́нты — ​вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваліся пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзяржаўнай ці пануючай рэлігіяй з’яўлялася каталіцтва або пратэстантызм.


Дэнарый

Дэна́рый — ​сярэбраная манета дзяржаў Заходняй Еўропы сярэдзіны VІІІ — ​пачатку ХІІ ст.; сярэбраная манета ВКЛ у ХІV—ХV стст.


Е

Езуіты

Езуі́ты — ​члены каталіцкага манаскага ордэна Таварыства Ісуса.


Епархія

Епа́рхія — ​хрысціянская царкоўна-адміністрацыйная адзінка ў межах пэўнай тэрыторыі, падначаленая епіскапу.


З

Земская даўніна

Зе́мская даўніна́ — ​у ВКЛ вызначаны законам тэрмін, на працягу якога было магчымае аднаўленне парушанага права.


Злоты

Зло́ты — ​адзінка грашовага ліку ў 30 грошаў, якая ўзнікла ў Польшчы ў канцы ХV ст.


К

Кірмаш

Кірма́ш — ​форма правядзення гандлю ў выглядзе перыядычных з’ездаў гандляроў у пэўнай мясцовасці на працягу вызначанага тэрміну.


Кагал

Кага́л — ​яўрэйская абшчына.


Кадыфікацыя

Кадыфіка́цыя — ​звядзенне ў адзіную ўзгодненую сістэму (у кодэкс) законаў краіны, што адносяцца да пэўнай галіны права.


Казакі

Каза́кі — ​сацыяльная супольнасць, саслоўе, якое існавала ў ВКЛ і Рэчы Па­спалітай у ХV—ХVІІ стст.


Калегіумы

Кале́гіумы — ​навучальныя ўстановы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай у ХVІ—ХVІІІ стст.


Кальвінізм

Кальвіні́зм — ​адна з найбуйнейшых плыняў пратэстантызму.


Канфедэрацыя

Канфедэра́цыя — ​у Рэчы Паспалітай часовы саслоўны палітычны саюз шляхты для дасягнення пэўнай мэты.


Канцлер

Канцлер — ​службовая асоба ў ВКЛ у ХV—ХVІІІ стст.


Кардынальныя правы

Кардына́льныя правы́ — ​сістэма нормаў дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай у ХVІ—ХVІІІ стст.


Карона Польская

Каро́на По́льская — ​назва ўласна Польшчы.


Касінеры

Касіне́ры — ​у час паўстання 1794 г. сяляне, якія былі ўзброены косамі, насаджанымі вертыкальна на кіі.


Каталіцкія брацтвы

Каталі́цкія бра́цтвы — ​рэлігійна-дабрачынныя арганізацыі насельніцтва ў ВКЛ, якія былі створаны для абароны веры і правоў каталікоў. Каталіцкія брацтвы спрыялі пашырэнню ў беларускіх гарадах польскай культуры, утрымлівалі прытулкі, шпіталі, дапамагалі старым і хворым «братам», іх удовам і сіротам выдаваліся пенсіі і інш.


Кашталян

Кашталя́н — ​пасада ў ВКЛ, адміністратар замка і прылеглых тэрыторый.


Класіцызм

Класіцы́зм — ​кірунак у еўрапейскай мастацкай культуры другой паловы ХVІІ — ​пачатку ХІХ ст., у аcнoвe якога — ​прызнанне aнтычнага мастацтва найвышэйшым узорам, ідэалам, a твораў aнтычнаcці — ​мастацкай нopмай. Архітэктуры класіцыз­му ў цэлым уласцівая рэгулярнасць планіроўкі і выразнасць аб’ёмнай формы.


Клерыкалізацыя

Клерыкаліза́цыя — ​кантроль царквы над сферамі грамадскага і культурнага жыцця.


Ключнік

Клю́чнік — ​службовая асоба мясцовай адміністрацыі ВКЛ у ХV—ХVІ стст.


Кляштар

Кля́штар — ​каталіцкі манастыр.


Куніца

Куні́ца — ​1) апрацаваная шкурка куніцы, якая да ХVІ ст. у ВКЛ выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; 2) адзін з пашыраных відаў чыншу ў ХV—ХVІІ стст. за арэн­ду зямлі і г. д.; 3) плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць.


Курган

Курга́н — ​насып з зямлі над старажытным пахаваннем.


Л

Ліберум вета

Лі́берум ве́та — ​у ХVІ—ХVІІІ стст. у Рэчы Паспалітай права дэпутата сойма спыніць пасяджэнне і адмяніць усе прынятыя на ім пастановы сваім вусным пратэстам.


Лаўнік

Ла́ўнік — ​член магістрата ў гарадах ВКЛ, якія мелі магдэбургскае права. Разам з войтам разглядаў крымінальныя справы гараджан.


М

Магістрат

Магістра́т — ​выбарны адміністрацыйны і судовы орган гарадскога самакіравання ў гарадах, якія мелі права на самакіраванне.


Магія

Ма́гія — ​абрады, дзеянні або слоўныя формулы-заклінанні, якімі чалавек імкнуўся ўздзейнічаць на сілы прыроды, лёс і прадметы.


Магдэбургскае права

Магдэбу́ргскае пра́ва — ​гарадское права, якім кіраваліся гарады ВКЛ.


Магнаты

Магна́ты — ​буйны́я феадалы-землеўладальнікі, прадстаўнікі радавітай знаці, арыстакратычныя вярхі класа феадалаў, нашчадкі ўдзельных князёў.


Манастыр

Манасты́р — ​рэлігійная абшчына ў манахаў або манашак у праваслаўі і ўніяцтве.


Мануфактура

Мануфакту́ра — ​прадпрыемства прамысловай вытворчасці, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы.


Маршалак земскі

Марша́лак зе́мскі — ​найвышэйшы ўраднік у ВКЛ у пачатку ХV — ​ХVІІІ ст., які кіраваў дваром вялікага князя, прымаў замежных паслоў, вышэйшых ураднікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам і г. д.


Мезаліт

Мезалі́т — ​сярэдні каменны век, перыяд паміж палеалітам і неалітам. Пачатак мезаліту звязаны з заканчэннем ледавіковага перыяду ў Еўропе. Завяршаецца з распаўсюджаннем земляробства ў розных мясцовасцях.


Менталітэт

Менталітэ́т — ​своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-небудзь супольнасці людзей.


Метрыка ВКЛ

Ме́трыка ВКЛ — ​збор матэрыялаў велікакняжацкай канцылярыі ВКЛ ХV—​ХVІІІ стст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя гаспадара.


Морг

Морг — ​зямельная мера (0,71 га).


Мястэчка

Мястэ́чка — ​у ВКЛ у ХV—ХVІІІ стст. невялікі населены пункт гарадскога тыпу, малы горад.


Мячэць

Мячэ́ць — ​культавы будынак у ісламе, месца агульнай малітвы.


Мяшчане

Мяшча́не — ​гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у ХІV—ХVІІІ стст.


Н

Найвышэйшая Рада ВКЛ

Найвышэ́йшая Ра́да ВКЛ — ​часовы рэвалюцыйны ўрад у ВКЛ (Літве і Заходняй Беларусі) у час паўстання 1794 г.


Народнасць

Народнасць — ​устойлівая супольнасць людзей, заснаваная на агульнасці мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і культуры, якая складаецца ў працэсе разлажэн­ня племянных адносін і папярэднічае нацыі. Характарызуецца наяўнасцю этнічнай свядомасці, саманазвы, асаблівасцямі псіхічнага складу.


Неаліт

Неаліт — ​новы каменны век, перыяд развіцця чалавецтва, якім завяршаецца каменны век. Характарызуецца развіццём вытворчай гаспадаркі, з’яўленнем шліфаваных прылад працы і керамікі.


Неандэртальцы

Неандэрта́льцы — ​старажытныя людзі, якія жылі ў эпоху палеаліту.


Непахожыя сяляне

Непахо́жыя сяля́не — ​феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ, пазбаўленыя права на пераход ад аднаго феадала да другога.


Неўры

Не́ўры — ​старажытныя плямёны, якія, паводле сведчання Герадота, жылі ў VІ—V стст. да н. э. на поўнач ад скіфаў-земляробаў, магчыма, займалі поўдзень сучаснай Беларусі.


Неф

Неф — ​выцягнутае памяшканне, частка інтэр’еру (звычайна ў будынках тыпу базілікі), прастора храма ад увахода да алтара, радзей цывільнага будынка, абмежаваная па баках радамі слупоў, калон або аркадай.


П

Павет

Паве́т — ​адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў ВКЛ.


Падскарбі земскі

Падска́рбі зе́мскі — ​кіраўнік скарба (казны) ВКЛ.


Падымнае

Пады́мнае — ​асноўны дзяржаўны зямельны падатак у Рэчы Паспалітай у ХVІІ—ХVІІІ стст.


Пакта канвента

Па́кта канве́нта — ​пагадненне публічна-прававога характару паміж шляхтай Рэчы Паспалітай і новаабраным каралём.


Палеаліт

Палеалі́т (ст.-грэч. «старажытны» і «камень») — ​старажытнакаменны век — ​найстаражытнейшы перыяд у гісторыі чалавецтва. Палеаліт характарызуецца панаваннем каменных прылад працы, здабываннем ежы ў асноўным праз паляванне на буйны́́х жывёл, а таксама з’яўленнем бліжэй да канца палеаліту Homo sapiens — ​чалавека сучаснага выгляду.


Памесце

Паме́сце — ​форма феадальнага зямельнага ўладання, пры якой уладальнік быў абавязаны несці ваенную ці іншую службу дзяржаве.


Паперня

Папе́рня — ​даўняе прадпрыемства па вырабе паперы.


Парафія

Пара́фія — ​у каталіцкай царкве прыход, ніжэйшая тэрытарыяльная царкоўна-адміністрацыйная адзінка епархіі (дыяцэзіі).


Партачы

Партачы́ — ​на Беларусі ў ХVІ—ХVІІІ стст. рамеснікі, якія жылі ў горадзе або паблізу яго і не ўваходзілі ў рамесныя цэхі.


Пасад

Паса́д — ​гарадское гандлёва-рамеснае паселішча за межамі ўмацаванняў дзядзінца або вакольнага горада.


Пасольская ізба

Пасо́льская ізба́ — ​ніжэйшая палата сойма Рэчы Паспалітай.


Паспалітае рушэнне

Паспалі́тае рушэ́нне — ​шляхецкае апалчэнне ў ВКЛ.


Пастаянная Рада

Пастая́нная Ра́да — ​вышэйшы орган дзяржаўнай улады Рэчы Паспалітай
у 1775—1794 гг.


Пахожыя сяляне

Пахо́жыя сяля́не — ​феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ у ХV — ​першай палове ХVІІ ст., якія карысталіся правам вольнага пераходу ад аднаго феадала да другога.


Пенязь

Пе́нязь — ​адзінка грашовага ліку і манета ў ВКЛ у ХV — ​пачатку ХVІІ ст.


Плінфа

Плі́нфа — ​шырокая і плоская абпаленая цэгла.


Праабшчына

Праабшчы́на — ​чалавечы статак.


Прасал

Пра́сал — ​у ХVІІ—ХІХ стст. дробны гандляр, які гандляваў сваім таварам па вёсках і мястэчках.


Пратэстантызм

Пратэстанты́зм — ​адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве. Узнік як тэрмін для вызначэння ўсіх кірункаў Рэфармацыі пасля пратэсту князёў і гарадоў Германіі ў 1529 г. супраць рашэння імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі аб забароне далейшага распаўсюджання некаталіцкіх хрысціянскіх рухаў. У XVI ст. распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, а ў XVII ст. пашырыўся па-за яе межамі. У выніку ўзніклі і арганізацыйна аформіліся пратэстанцкія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая, англіканская, ад якіх утварыўся шэраг рэлігійных груповак і аб’яднанняў.


Р

Ракако

Ракако́ — ​стыль у еўрапейскай архітэктуры і мастацтве ХVІІІ ст. Адметнымі рысамі ракако з’яўляюцца вытанчанасць, большая дэкаратыўная нагружанасць інтэр’ераў і кампазіцый, грацыёзны арнаментальны рытм, вялікая ўвага да міфалогіі, асабістага камфорту.


Ратуша

Ра́туша — ​будынак, у якім размяшчаліся органы гарадскога самакіравання.


Род

Род — ​калектыў кроўных родзічаў; асноўная сацыяльна-эканамічная ячэйка першабытнага грамадства.


Рэестр

Рэе́стр — ​спісы, вопісы, а таксама кнігі ў судах ВКЛ.


Рэфармацыя

Рэфарма́цыя — ​рэлігійны і грамадска-палітычны рух у Еўропе у ХVІ — ​першай палове ХVІІ ст.


С

Сінагога

Сінаго́га — ​культавы будынак у іўдаізме.


Сарматызм

Сарматы́зм — ​ідэалогія, якая садзейнічала заканадаўчаму афармленню замкнёнага шляхецкага саслоўя. Асноўным яго пастулатам было паходжанне шляхецкага саслоўя ад племені сарматаў, што давала гэтаму саслоўю права на выключнае становішча ў дзяржаве.


Сармацкі партрэт

Сарма́цкі партрэ́т — ​форма параднага рыцарскага партрэта, уласцівая выяўленчаму мастацтву ВКЛ перыяду XV—XVIII стст. Чалавек у такіх творах паказваўся па вызначанай схеме — ​у парадным адзенні, у атачэнні прадметаў, што не толь­кі адлюстроўвалі мадэль, яе ўнутраны свет, характар, але і перадавалі прыналежнасць да той ці іншай саслоўнай групы насельніцтва, дазвалялі даведацца пра становішча асобы ў грамадстве.


Саха

Саха́ — ​драўляная (акрамя металічных сашнікоў — ​нарогаў) вупражная ворыўная прылада.


Секулярызацыя культуры

Секулярыза́цыя культу́ры — ​размежаванне свецкай і царкоўнай культуры.


Селішча

Се́лішча — ​старажытнае неўмацаванае паселішча.


Сенат

Сена́т — ​дзяржаўная рада манарха і вышэйшая палата сойма Рэчы Паспалітай.


Скамарохі

Скамаро́хі — ​народныя акцёры.


Скарбовая камісія

Скарбо́вая камі́сія — ​цэнтральны калегіяльны орган дзяржаўнай улады Рэчы Паспалітай у галіне фінансаў і эканомікі.


Славяне

Славя́не — ​этнамоўная супольнасць, што належыць да індаеўрапейцаў.


Служба

Слу́жба — ​1) сялянскі зямельны ўчастак у ВКЛ да аграрнай рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста; 2) адзінка для вымярэння вайсковай службы баяр-шляхты ў ХV—ХVІ стст.


Смерды

Сме́рды — ​назва сельскага насельніцтва на Русі з ХІ ст.


Сойм

Сойм — ​найвышэйшы прадстаўнічы орган у ВКЛ у ХV — ​першай палове ХVІ ст. і Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІ — ​ХVІІІ ст.


Соймік

Со́ймік — ​сход шляхты павета.


Стараста

Ста́раста — ​у ВКЛ у ХVІ—ХVІІІ стст. службовая асоба, якая кіравала адміністрацыйнай акругай (паветам).


Сфрагістыка

Сфрагі́стыка — ​дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае пячаткі і гісторыю іх існавання.


Т

Талака

Талака́ — ​даўні народны звычай калектыўнай дапамогі ў гаспадарчых работах у беларусаў і іншых славянскіх народаў.


Тысяцкі

Ты́сяцкі — ​кіраўнік гарадскога апалчэння ў старажытнарускіх гарадах.


У

Універсал

Універса́л — ​від прававога акта ў Рэчы Паспалітай, выдаваемага вярхоўнай уладай (зварот да насельніцтва).


Унія

У́́нія — ​аб’яднанне, саюз.


Уніяцкая царква

Унія́цкая царква́ — ​грэка-каталіцкая царква, узнікшая ў выніку Берасцейскай уніі 1596 г., калі іерархі праваслаўнай царквы ВКЛ прызналі вяршэнства папы рымскага і прынялі асноўныя догматы каталіцтва з захаваннем праваслаўнай абраднасці.


Ф

Фальварак

Фальва́рак — ​від феадальнага зямельнага ўладання ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай; двор феадала з комплексам будынкаў і ўгоддзяў, заснаваны на працы залежных сялян і арыентаваны на вытворчасць збожжа на продаж.


Фальклор

Фалькло́р — ​вусная народная творчасць.


Федэрацыя

Федэра́цыя — ​адзіная саюзная дзяржава, створаная на добраахвотнай аснове, з адзіным заканадаўствам, агульнымі органамі ўлады і кіравання.


Х

Халупнікі

Халу́пнікі — ​беззямельныя і малазямельныя сяляне на Беларусі ў ХVІ—ХІХ стст.


Харугва

Хару́гва — ​арганізацыйна-тактычная адзінка шляхецкай кавалерыі.


Ц

Цівун

Ціву́н — ​кіраўнік феадальнага двара-маёнтка.


Цэхі

Цэ́хі — ​аб’яднанні рамеснікаў адной ці некалькіх прафесій у феадальных гарадах.


Цяглыя сяляне

Ця́глыя сяля́не — ​у ВКЛ у ХV—ХVІІІ стст. феадальна-залежныя сяляне, галоўнай формай павіннасці якіх была паншчына.


Ч

Чопавае

Чо́павае — ​падатак з вырабу і продажу моцных напояў у Польшчы і ВКЛ.


Чынш

Чынш — ​грашовая рэнта ў Беларусі і Літве ў ХV — ​першай палове ХІХ ст.


Чэлядзь нявольная

Чэ́лядзь няво́льная — ​у ВКЛ у ХІV—ХVІ стст. найбольш бяспраўная катэгорыя залежнага сельскага насельніцтва, якая не мела зямлі і іншых сродкаў вытворчасці, жыла пры двары феадалаў.


Ш

Школьны тэатр

Шко́льны тэа́тр — ​тэатр пры духоўных навучальных установах (акадэміях, брацкіх школах, калегіумах).


Шляхецкія вольнасці

Шляхе́цкія во́льнасці — ​комплекс правоў і прывілеяў шляхты Рэчы Паспалітай ХVІ—ХVІІІ стст., на падставе якіх сфарміравалася ідэалагічная дактрына «залатой вольнасці» — ​культу павагі свабод кожнай асобы шляхецкага стану.


Шпіталь

Шпіта́ль — ​у ВКЛ у ХV—ХVІІІ стст. установа для апекі над састарэлымі, бяздомнымі, беднымі і хворымі.


Шышы

Шышы́ — ​назва людзей, што ваявалі супраць царскай улады, у афіцыйных дакументах Расіі з сярэдзіны ХVІІ ст.


Э

Эканомія

Экано́мія — ​буйны́ дзяржаўны маёнтак, від дзяржаўнага зямельнага ўладання ў ВКЛ, прыбыткі з якога ішлі на ўтрыманне велікакняжацкага двара і асабістыя патрэбы вялікага князя.


Эпіграфіка

Эпігра́фіка — ​дапаможная гістарычная і філалагічная дысцыпліна, якая вывучае змест і формы старадаўніх надпісаў, нанесеных на рэчы або натуральныя ці штучныя паверхні.


Этнічная меншасць

Этні́чная ме́ншасць — ​сукупнасць людзей, для якіх крытэрыем кансалідацыі і ідэнтыфікацыі з’яўляюцца этнічныя характарыстыкі.


Этнічная тэрыторыя

Этні́чная тэрыто́рыя — ​тэрыторыя кампактнага рассялення пэўнага народа, з якой цесна звязаны яго паходжанне і гісторыя.


Этнаграфія

Этнагра́фія — ​навука, якая вывучае бытавыя і культурныя асаблівасці этнасаў, праблемы іх паходжання (этнагенезу), рассялення (этнагеаграфіі) і культурна-гіс­тарычнага ўзаемадзеяння.


Ю

Юрыдыкі

Юры́дыкі — ​у ВКЛ адміністрацыйна адасобленыя часткі гарадоў ці прадмесцяў.



Страница:  1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  ...  18  (Далее)
  Все