§ 1. Асаблівасці гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да канца ХVIII ст.

1. Гісторыя Беларусі – складовая частка сусветнай гісторыі

Гісторыя (ад грэч. hіstorіa) — ​навука аб мінулым, ужо зведаным. У сучасным разуменні гісторыя — ​навука аб заканамернасцях разгортвання ў часе і прасторы сусветна-гістарычнага працэсу. Гістарычная навука ўяўляе сабой комплекс сацыяльна-гуманітарных навук, якія вывучаюць мінулае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці.

Канкрэтна-гістарычны, факталагічны матэрыял з’яўляецца базай гістарычнай навукі, без якой яна проста не можа існаваць. У сілу сваёй спецыфікі гісторыя адказвае на пытанні аб тым, што адбылося, калі, дзе, чаму і пры якіх абставінах, якія этапы прайшло ў сваім развіцці і чым стала сёння з пункту гледжання гістарычнага вопыту.

У параўнанні з іншымі гуманітарнымі навукамі гісторыя выступае як комплексная навука, бо абапіраецца на лінгвістыку, этнаграфію, філасофію, антрапалогію і іншыя галіны ведаў. Кожная з гэтых навук таксама пазнае праблемы гісторыі, але праз прызму сваёй спецыфікі, сваімі метадамі. Гэта можа быць аналіз працэсаў народанасельніцтва, вывучэнне дынамікі развіцця мовы, культуры, эканамічных заканамернасцяў развіцця асобных краін ці рэгіёнаў. Тыя ж пытанні даследуе і гісторыя. Такім чынам, яна, з аднаго боку, узбагачае іншыя навукі гістарычнымі фактамі і аналізам, з другога — ​карыстаецца іх высновамі для больш поўнага раскрыцця гістарычнага працэсу.

Гісторыя дапамагае даведацца пра мінулае сваёй радзімы, больш дакладна вызначыць яе месца сярод іншых краін і народаў. Яна дае нам сацыяльную памяць і дазваляе зберагчы пераемнасць у жыцці пакаленняў. Кожны грамадзянін, ды ўвогуле кожны, хто вывучаў гісторыю, павінен разумець, што будучыня краіны і народа, будучыня кожнага чалавека абумоўлена мінулым, нашай гісторыяй. Ведаць гісторыю неабходна не толькі для таго, каб адчуваць повязь часоў, але і каб выкарыстоўваць гістарычны вопыт, не паўтараць памылак мінулага, а, наадварот, атрымліваць з яго ўрокі, неабходныя для вырашэння сучасных задач. Увогуле нельга ўявіць цывілізаванага чалавека, грамадзяніна той ці іншай краіны, які б не ведаў гісторыю сваёй айчыны.

Гістарычныя падзеі разгортваюцца ў прасторы і часе. Таму сусветная гісторыя падзяляецца на гісторыю вялікіх рэгіёнаў (напрыклад, гісторыя Еўропы, гісторыя Лацінскай Амерыкі) і гісторыю асобных краін і народаў (Расіі, Францыі, ЗША, Беларусі і інш.).

Айчынная гісторыя вывучае мінулае беларускага этнасу, розных бакоў яго жыццядзейнасці, узаемасувязі з іншымі народамі і краінамі.