§1-1. Навуковыя падыходы да вывучэння гісторыі Беларусі

1. Гісторыя Беларусі як навука

Гісторыя Беларусі як навука вывучае мінулае нашай краіны. Прадметам увагі даследчыкаў з’яўляюцца працэсы грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, канфесійнага, культурнага і духоўнага развіцця беларускага народа. Веданне мінулага дазваляе нам зразумець месца беларускай гісторыі ў межах сусветнай, унёсак беларусаў у развіццё цывілізацыі.

Айчынная гісторыя дапамагае вызначыць агульнае і асаблівае ў гістарычным мінулым на беларускіх землях. Аналізуючы прыклады з беларускай гісторыі, мы лепш разумеем рэчаіснасць і больш грунтоўна прагназуем будучыню. Гісторыя Беларусі садзейнічае выхаванню ў людзей пачуцця патрыятызму, грамадзянскай адказнасці за будучыню краіны.

Гісторыя Беларусі як прадмет выконвае шэраг функцый: пазнавальную (збор фактаў, іх сістэматызацыя і аналіз); практычную, або прагнастычную (аналіз уплыву падзей мінулага на сучаснасць, што дапамагае лепш арыентавацца ў будучым); выхаваўчую (фарміраванне навуковага светапогляду; выхаванне ў людзей патрыятызму, інтэрнацыяналізму, маральнасці і г. д).