§1-1. Навуковыя падыходы да вывучэння гісторыі Беларусі
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст. |
Книга: | §1-1. Навуковыя падыходы да вывучэння гісторыі Беларусі |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 10 Апрель 2025, 19:13 |
1. Гісторыя Беларусі як навука
Гісторыя Беларусі як навука вывучае мінулае нашай краіны. Прадметам увагі даследчыкаў з’яўляюцца працэсы грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, канфесійнага, культурнага і духоўнага развіцця беларускага народа. Веданне мінулага дазваляе нам зразумець месца беларускай гісторыі ў межах сусветнай, унёсак беларусаў у развіццё цывілізацыі.
Айчынная гісторыя дапамагае вызначыць агульнае і асаблівае ў гістарычным мінулым на беларускіх землях. Аналізуючы прыклады з беларускай гісторыі, мы лепш разумеем рэчаіснасць і больш грунтоўна прагназуем будучыню. Гісторыя Беларусі садзейнічае выхаванню ў людзей пачуцця патрыятызму, грамадзянскай адказнасці за будучыню краіны.
Гісторыя Беларусі як прадмет выконвае шэраг функцый: пазнавальную (збор фактаў, іх сістэматызацыя і аналіз); практычную, або прагнастычную (аналіз уплыву падзей мінулага на сучаснасць, што дапамагае лепш арыентавацца ў будучым); выхаваўчую (фарміраванне навуковага светапогляду; выхаванне ў людзей патрыятызму, інтэрнацыяналізму, маральнасці і г. д).
2. Крыніцы па гісторыі Беларусі да канца ХVIII ст.
Сродкам пазнання гістарычнага мінулага з’яўляюцца гістарычныя крыніцы. Яны ўзнікаюць у пэўных гістарычных умовах і таму адлюстроўваюць свой час. Крыніцы могуць адносіцца да ўсіх сфер жыцця чалавека: эканомікі, палітыкі, права, культуры, навукі, рэлігіі і г. д. Вучоныя вылучаюць некалькі асноўных відаў гістарычных крыніц:
Асноўнымі для гісторыкаў з’яўляюцца археалагічныя і пісьмовыя крыніцы. Да археалагічных крыніц адносяць розныя знаходкі: старажытныя стаянкі, гарадзішчы, рэшткі будынкаў, выкапнёвыя прылады працы, гідратэхнічныя збудаванні, месцы старажытнага земляробства, дарогі, зброю, абарончыя збудаванні, могільнікі і інш. На ўсёй тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 6 тыс. буйных археалагічных помнікаў.
Пісьмовыя крыніцы складаюць самую вялікую групу крыніц, пры дапамозе якіх вывучаецца гісторыя. Менавіта яны з дапамогай графічных знакаў перадаюць нам інфармацыю аб мінулым.
Звесткі па гісторыі Беларусі ў VІ—XII стст. змешчаны ў летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў». Адным з яго складальнікаў быў манах Кіева-Пячэрскага манастыра Нестар, які працаваў над тэкстам каля 1113 г. Дадзены літаратурны помнік захаваўся ў больш позніх летапісных спісах (зборніках): Лаўрэнцьеўскім (1377 г.), Іпацьеўскім (пачатак ХV ст.) — і з’яўляецца важнейшым гістарычна-мастацкім творам усходніх славян.
У «Аповесці мінулых гадоў» упершыню ўпамінаецца Полацкая зямля, у прыватнасці, раздача Рурыкам гарадоў сваім дружыннікам, удзел палачан у паходзе Алега на Царград, забойства Рагвалода, напад Брачыслава на Ноўгарад, бітва на Нямізе і іншыя падзеі.
Працягам «Аповесці мінулых гадоў» з’явіліся пазнейшыя мясцовыя летапісы: Кіеўскі, Галіцка-Валынскі, Наўгародскі, Суздальскі. Кожны з гэтых летапісаў пачынаецца з паўтору тэксту «Аповесці мінулых гадоў», а потым змяшчае запіс мясцовых падзей у храналагічным парадку.
Найбольшую цікавасць выклікае Кіеўскі летапіс. У ім невядомы аўтар асуджае княжацкія ўсобіцы, апісвае барацьбу ўсходніх славян з полаўцамі. Пад
Галіцка-Валынскі летапіс змяшчае ўнікальныя звесткі аб Новагародку, Берасці, Гародні, Ваўкавыску і іншых заходнебеларускіх гарадах, аб асобных помніках беларускай культуры (Лаўрышаўскі манастыр, Камянецкая вежа), аб дзейнасці першых князёў Вялікага Княства Літоўскага.
Некаторыя звесткі па гісторыі Беларусі захаваліся ў скандынаўскіх сагах (паданнях), нямецкіх і польскіх хроніках. Скандынаўскія сагі былі запісаны каталіцкімі манахамі ў ХІІ ст. Гэтыя сярэдневяковыя творы сведчаць аб уплыве варагаў на ўсходніх славян, своеасабліва тлумачаць узаемаадносіны паміж Полацкам і Кіевам у пачатку ХІ ст., пацвярджаюць хрысціянізацыю Полацкай зямлі ў канцы Х ст.
Важнай крыніцай для вывучэння агрэсіі нямецкіх рыцараў супраць Усходняй Прыбалтыкі, працэса хрысціянізацыі мясцовых плямён, узаемаадносін з Полацкім княствам з’яўляецца «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага, якая была складзена ў ХІІІ ст.
Польскі гісторыі Ян Длугаш (1415—1480) у сваёй хроніцы «Гісторыя Польшчы» падрабязна апісаў гісторыю ВКЛ, барацьбу з крыжакамі і татарамі. Ён жа з’яўляецца аўтарам легенды аб паходжанні вялікіх князёў літоўскіх ад старажытных рымлян.
У XV—XVI стст. складваецца беларуска-літоўскае летапісанне. Першым агульнадзяржаўным летапісам ВКЛ з’яўляецца Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. Невядомы аўтар абгрунтоўваў у ім ідэю заканамернасці аб’яднання балцкіх і славянскіх зямель у складзе Вялікага Княства. У 20-я гг. XVІ ст., магчыма, у Вільні, была складзена «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага». Невядомы аўтар гэтага летапісу раскрыў гісторыю дзяржавы ад бегства «рымлян» (першых літоўскіх князёў) да праўлення Гедзіміна.
У XVІІ—XVIІІ стст. развіваецца мясцовае летапісанне. Сярод напісаных у гэты час твораў — Баркулабаўская хроніка, складзеная ў пачатку ХVII ст., магчыма, праваслаўным святаром. Летапіс пачынаецца са звестак пра сойм
Помнікам гарадскога летапісання ХVІІІ ст. з’яўляецца Віцебскі летапіс. Гэты твор складаецца пераважна з кароткіх паведамленняў, прысвечаных гісторыі Віцебска, што разглядаецца ў люстэрку дзейнасці каралёў Рэчы Паспалітай і войнаў. Таму летапіс зафіксаваў амаль усё: пастаўкі харчавання, пастой войскаў, удзел гараджан у бітвах. Таксама адзначаны выпадкі пажараў і эпідэмій.
Апошнім мясцовым беларуска-літоўскім летапісам з’яўляецца Магілёўская хроніка. Яна была складзена ў Магілёве на працягу ХІІІ—ХІХ стст. Хроніка ўсебакова адлюстроўвае жыццё Магілёва. У цэнтры ўвагі аўтараў — справы і клопаты гараджан у сувязі са знешнімі падзеямі. Запісы аб Паўночнай вайне (1700—1721 гг.) паказваюць цяжкае становішча горада і яго жыхароў. Створаны вобразы расійскага цара Пятра І, шведскага караля Карла ХІІ, украінскага гетмана І. Мазепы.
Да ліку важнейшых крыніц па гісторыі Беларусі часоў ВКЛ адносяцца заканадаўчыя помнікі: Судзебнік Казіміра Ягайлавіча
Значная частка пісьмовых крыніц захоўваецца ў спецыяльных установах — архівах. Самым старажытным сховішчам гістарычных дакументаў на беларуска-літоўскіх землях лічыцца Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Гэта быў архіў канцылярыі дзяржавы ў XV—XVIII стст. У ім змяшчаліся копіі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя, Паноў-Рады, соймаў і падлягалі не абмежаванаму ў часе захаванню.
Публікаваць пісьмовыя крыніцы па гісторыі Беларусі пачалі ў ХІХ ст. Першы зборнік дакументаў пад назвай «Беларускі архіў старажытных грамат» выдаў у 1824 г. І. І. Грыгаровіч. З 1864 па 1915 гг. у Вільні працавала Камісія для разбору і выдання старажытных актаў (Віленская археаграфічная камісія). Яна выдала 49 тамоў дакументаў. У навуковы зварот былі ўведзены матэрыялы судоў, магістратаў, інвентары маёнткаў. Выданні Віленскай археаграфічнай камісіі з’яўляюцца важнейшай крыніцай па гісторыі Беларусі. Таксама ў БССР і Рэспубліцы Беларусь быў апублікаваны шэраг зборнікаў дакументаў і матэрыялаў па айчыннай гісторыі.
3. Даследаванне гісторыі беларускіх зямель
Першым гісторыкам Вялікага Княства Літоўскага лічыцца Мацей Стрыйкоўскі, які напісаў «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» (1582). У творы на лацінскай мове раскрываецца гісторыя Вялікага Княства Літоўскага ад першых літоўскіх князёў да Стафана Баторыя. Аўтар зрабіў вершаваныя ўстаўкі аб знакамітых бітвах, якія адбыліся на беларускіх землях, напрыклад, пад Клецкам у 1506 г., на рацэ Уле ў 1564 г.
У XVII ст. прафесар Віленскага ўніверсітэта Альберт Віюк-Каяловіч напісаў двухтомную «Гісторыі Літвы». Кнігі былі выдадзены ў Польшчы і Галандыі на лацінскай мове і прызначаліся таксама для замежнага чытача.
У ХІХ — пачатку ХХ ст. польскія гісторыкі лічылі беларускія землі часткай Польшчы, не прызнавалі за беларусамі права мець уласную гісторыю. У супрацьвагу ім рускія гісторыкі сцвярджалі, што Беларусь — спадчыннае ўладанне расійскай манархіі. Так склаўся «заходнерусізм» — канцэпцыя, якая атаясамлівала беларусаў з рускім народам.
З другой паловы ХІХ ст. у Маскоўскім, Кіеўскім і іншых універсітэтах Расійскай імперыі гісторыкі сталі вывучаць мінулае Вялікага Княства Літоўскага. Яны разглядалі Княства як самастойную ад Польшчы і Расіі дзяржаву. Ураджэнец Гродзеншчыны акадэмік Я. Ф. Карскі (1861—1931) на падставе разнастайных крыніц абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як асобнага славянскага народа з багатай культурай.
Пасля ўтварэння БССР айчынную гісторыю даследавалі супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), арганізаванага ў 1922 г. Яны праводзілі археалагічныя раскопкі, вывучалі мінулае Беларусі, культуру, права, мастацтва, педагогіку беларускага народа.
З 1929 г. па сённяшні дзень вядучым цэнтрам гістарычнай навукі Беларусі з’яўляецца Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вучоныя плённа даследавалі аграрную рэформу Жыгімонта ІІ Аўгуста, гарады ВКЛ, Статуты Княства, гісторыю сялянскага і казацкага рухаў на Беларусі.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны беларускія гісторыкі і археолагі заклалі аснову вывучэння гісторыі нашай Радзімы. Дзякуючы іх самаадданай працы склаўся асобны навуковы напрамак — гісторыя Беларусі. Веды аб мінулым мы можам атрымаць не толькі са старонак школьных дапаможнікаў, але і з грунтоўных даведачных выданняў. Сярод іх — «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (1993—2003), «Беларуская энцыклапедыя» (1996—2004), энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» (2005—2006).
4. Канцэптуальныя падыходы да тлумачэння грамадска-гістарычных працэсаў
Стваральнікам беларускай нацыянальнай гісторыі лічыцца ўраджэнец Гомельшчыны М. В. Доўнар-Запольскі (1867—1934). У 1888 г. у газеце «Мінскі лісток» гэты вучоны апублікаваў артыкулы пад агульнай назвай «Беларускае мінулае». У іх гісторык заявіў, што «беларускае племя» мае ўласную гісторыю, этнаграфічныя асаблівасці, а беларуская мова паходзіць ад гаворак крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў.
У
Самай вядомай працай па гісторыі Беларусі ў 20-я гг. ХХ ст. стаў «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У. М. Ігнатоўскага (1881—1931). Гэтую кнігу выкарыстоўвалі ў якасці падручніка навучэнцы школ, тэхнікумаў, інстытутаў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У. М. Ігнатоўскі пачынаў беларускую гісторыю з Полацкага княства, якое вяло барацьбу з Кіевам за «ўплыў на Ноўгарад і першынство ва ўсходнеславянскім свеце». У дачыненні да ВКЛ гісторык упершыню выкарыстаў паняцце «Літоўска-Беларуская дзяржава».
У савецкі час беларускія вучоныя напісалі пяцітомную «Гісторыю Беларускай ССР» (1972—1975). Яны даследавалі гісторыю Беларусі на падставе фармацыйнага падыходу і вызначалі ў ёй першабытнаабшчынны, феадальны, капіталістычны і сацыялістычны перыяды.
Змены ў развіцці гістарычнай навукі адбыліся ў 90-я гг. ХХ ст. з утварэннем суверэннай Рэспублікі Беларусь. Вучоныя сфарміравалі беларускую канцэпцыю гісторыі, заснаваную на нацыянальна-дзяржаўнай аснове. Яна прадстаўлена ў шасцітомнай «Гісторыі Беларусі» (2000—2008), пяцітомнай «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» (2018—2020). Айчынную гісторыю абавязкова вывучаюць усе школьнікі і студэнты нашай краіны.
Пытанні і заданні
1. Што вывучае гісторыя Беларусі як навука?
2. Якія віды крыніц выкарыстоўваюцца для вывучэння беларускай гісторыі?
3. Назавіце першую друкаваную гісторыю Вялікага Княства Літоўскага.
4. Складзіце кароткі аналіз даследаванняў па гісторыі Беларусі:
5. Ахарактарызуйце ўрыўкі з даследаванняў па гісторыі Беларусі, прыведзеныя ў параграфе, па наступнымі плане: а) факты, якія змяшчае крыніца, б) асноўная думка, якая ўтрымліваецца ў дакуменце, в) карыснасць, каштоўнасць крыніцы, г) абмежаванасць крыніцы.
6. Уявіце, што вы блогер, які піша пост для сацыяльнай сеткі аб даследаваннях па гісторыі Беларусі. Складзіце план вашага паста. Падбярыце ілюстрацыю і хэштэгі да яго.