Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 1. Асаблівасці гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да канца ХVIII ст.

   

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: § 1. Асаблівасці гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да канца ХVIII ст.
Надрукаваны: Госць
Дата: Пятніца 17 Травень 2024 2:12

1. Гісторыя Беларусі – складовая частка сусветнай гісторыі

Гісторыя (ад грэч. hіstorіa) — ​навука аб мінулым, ужо зведаным. У сучасным разуменні гісторыя — ​навука аб заканамернасцях разгортвання ў часе і прасторы сусветна-гістарычнага працэсу. Гістарычная навука ўяўляе сабой комплекс сацыяльна-гуманітарных навук, якія вывучаюць мінулае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці.

Канкрэтна-гістарычны, факталагічны матэрыял з’яўляецца базай гістарычнай навукі, без якой яна проста не можа існаваць. У сілу сваёй спецыфікі гісторыя адказвае на пытанні аб тым, што адбылося, калі, дзе, чаму і пры якіх абставінах, якія этапы прайшло ў сваім развіцці і чым стала сёння з пункту гледжання гістарычнага вопыту.

У параўнанні з іншымі гуманітарнымі навукамі гісторыя выступае як комплексная навука, бо абапіраецца на лінгвістыку, этнаграфію, філасофію, антрапалогію і іншыя галіны ведаў. Кожная з гэтых навук таксама пазнае праблемы гісторыі, але праз прызму сваёй спецыфікі, сваімі метадамі. Гэта можа быць аналіз працэсаў народанасельніцтва, вывучэнне дынамікі развіцця мовы, культуры, эканамічных заканамернасцяў развіцця асобных краін ці рэгіёнаў. Тыя ж пытанні даследуе і гісторыя. Такім чынам, яна, з аднаго боку, узбагачае іншыя навукі гістарычнымі фактамі і аналізам, з другога — ​карыстаецца іх высновамі для больш поўнага раскрыцця гістарычнага працэсу.

Гісторыя дапамагае даведацца пра мінулае сваёй радзімы, больш дакладна вызначыць яе месца сярод іншых краін і народаў. Яна дае нам сацыяльную памяць і дазваляе зберагчы пераемнасць у жыцці пакаленняў. Кожны грамадзянін, ды ўвогуле кожны, хто вывучаў гісторыю, павінен разумець, што будучыня краіны і народа, будучыня кожнага чалавека абумоўлена мінулым, нашай гісторыяй. Ведаць гісторыю неабходна не толькі для таго, каб адчуваць повязь часоў, але і каб выкарыстоўваць гістарычны вопыт, не паўтараць памылак мінулага, а, наадварот, атрымліваць з яго ўрокі, неабходныя для вырашэння сучасных задач. Увогуле нельга ўявіць цывілізаванага чалавека, грамадзяніна той ці іншай краіны, які б не ведаў гісторыю сваёй айчыны.

Гістарычныя падзеі разгортваюцца ў прасторы і часе. Таму сусветная гісторыя падзяляецца на гісторыю вялікіх рэгіёнаў (напрыклад, гісторыя Еўропы, гісторыя Лацінскай Амерыкі) і гісторыю асобных краін і народаў (Расіі, Францыі, ЗША, Беларусі і інш.).

Айчынная гісторыя вывучае мінулае беларускага этнасу, розных бакоў яго жыццядзейнасці, узаемасувязі з іншымі народамі і краінамі.

2. Перыядызацыя гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст.

Вывучэнне мінулага немагчымае без яго перыядызацыі — ​падзелу на собныя храналагічныя прамежкі часу, кожны з якіх адлюстроўвае пэўныя асаблівасці грамад­скага развіцця. Традыцыйна ў сусвет­най гісторыі вылучаюць пяць вялікіх храналагічных эпох: гісторыя першабытнага грамадства, гісторыя Старажытнага свету, гісторыя Сярэдніх вякоў, гісторыя Новага часу, гісторыя Навейшага часу.

Перыядызацыя гісторыі Беларусі не ва ўсім супадае з агульнапрынятай для сусветнай гісторыі і на працягу развіцця гістарычнай навукі мянялася ў залежнасці ад крытэрыяў, пакладзеных у яе аснову.

У савецкай гістарычнай навуцы з 1930-х гг. панаваў фармацыйны падыход, заснаваны на вучэнні аб грамадска-эканамічных фармацыях. Згодна з ім гістарычны працэс падзяляўся на пяць буйны́х перыядаў, якія адпавядалі спосабам вы­творчасці (фармацыям): першабытнаабшчынны,  абаўладальніцкі, феадальны, капіталістычны, камуністычны.

Фармацыйны падыход да гісторыі аддаваў перавагу матэрыяльнаму фактару ў развіцці грамадства і ігнараваў сферу яго духоўнага жыцця — ​напрыклад, дзяржаўнасць, рэлігію, культуру. Таму гісторыкі ў 1990-я гг. пачалі актыўны пошук іншых падыходаў да перыядызацыі айчыннай гісторыі. Пры гэтым яны абапіраліся на напрацоўкі беларускай і замежнай гістарычнай навукі.

У канцы ХХ ст. перыядызацыя гісторыі Беларусі стала грунтавацца на цывілізацыйным падыходзе, згодна з якім вылучаліся перыяды, звязаныя з развіццём грамад­ства, духоўнай і матэрыяльнай культуры. У пачатку ХХІ ст. гісторыя Беларусі разглядаецца ў кантэксце гісторыі еўрапейскай цывілізацыі. Адначасова ажыццяўляецца пошук агульных працэсаў, характэрных для сусветнай і айчыннай гісторыі.

Цывілізацыйны падыход прадугледжвае вылучэнне наступных перыядаў: Старажытны час, Сярэднія вякі, Новы і Навейшы час.

Старажытны перыяд гісторыі Беларусі ўключае каменны, бронзавы і жалез­ны вякі.

На тэрыторыі Беларусі каменны век, як самы старажытны перыяд у гісторыі чалавецтва, пачаўся разам з прыходам першых людзей і працягваўся да пачатку выкарыстання металу. Ён складаецца з наступных перыядаў: палеаліту (старажытны каменны век), мезаліту (сярэдні каменны век) і неаліту (новы каменны век). Палеаліт, у сваю чаргу, падзяляецца на ранні (ніжні), сярэдні (мусцье) і позні (верхні). Ран­ні палеаліт у гісторыі Беларусі не вызначаецца, паколькі на тэрыторыі нашай Радзімы яшчэ адсутнічалі продкі людзей, а ў сярэднім каменным веку яны, магчыма, з’явіліся на тэрыторыі Беларусі. Эпоха Старажытнасці на беларускіх землях характарызуецца развіццём сацыяльнай арганізацыі на­сельніцтва, зменамі ў матэрыяльнай і духоўнай культуры. У новым каменным веку адбыўся пераход да вытворчых формаў гаспадарання, таксама ўзніклі промыслы.

Бронзавы век — ​перыяд у гісторыі чалавецтва, звязаны з узнікненнем і пачат­кам распаўсюджвання металургіі, апрацоўкай і выкарыстаннем медзі і бронзы. У гэты перыяд на беларускія землі прыйшлі старажытныя індаеўрапейскія плямёны. На тэрыторыі нашай краіны ў гэты час з’явіліся курганы.

Жалезны век у гісторыі Еўропы лічыцца заключным перыядам першабытнай гісторыі. Выкарыстанне металу прывяло да карэнных змен у развіцці грамадства, выклікала вялікія перамены ў грамадскіх адносінах, істотна паўплывала на далейшы ход гістарычнага працэсу. У гэты час адбылося фарміраванне розных племянных і этнічных супольнасцяў, якія ў далейшым сталі асновай сярэднявечных народнасцяў.

На змену старажытнаму часу прыйшла эпоха Сярэднявечча, якая падзяляецца на тры перыяды: Ранняе, Высокае і Позняе сярэднявечча. У гісторыі Беларусі гэтыя перыяды вызначаны наступным чынам: Ранняе сярэднявечча — ​з канца V па IX ст., Высокае — ​з X па XIII ст., Позняе — ​з XIV па XV ст. Сярэднія вякі былі часам значных змен у эканамічным, палітычным, культурным жыцці насельніцтва беларускіх зямель і Еўропы. У ІХ ст. на тэрыторыі Беларусі з’явіліся гарады, а затым першая дзяржаўнасць. З развіццём феадальных адносін адбыўся пераход да раздробленасці першых дзяржаў-княстваў. У гэты час змянілася рэлігія — ​жыхары беларускіх зямель з язычніцтва перайшлі ў хрысціянства.

З XVI ст. пачаўся перыяд Новага часу. Ён падзяляецца на два этапы: 1) XVI —  канец XVIII ст.; 2) канец XVIII ст. — 1917 г. У 10 класе вы будзеце вывучаць толькі першы этап Новага часу, які характарызуецца заключэннем Люблінскай уніі і ўтварэннем Рэчы Паспалітай, першай эканамічнай рэформай, фарміраваннем беларускай народнасці, развіццём культуры.

У вучэбным дапаможніку прапанавана наступная перыядызацыя гісторыі Беларусі са старажытных часоў да канца ХVІІІ ст.

  

3. Перыяды фарміравання беларускага этнасу (народнасці)

Этнас (народ) — ​устойлівая супольнасць людзей, якая гістарычна склалася на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца агульнасцю мовы, гаспадарчага жыцця, культуры, побыту, рысаў псіхікі і самасвядомасці.

Асноўныя прыкметы этнасу:

— этнічная тэрыторыя;
— асаблівыя антрапалагічныя рысы (знешні выгляд);
— асаблівасці псіхічнага складу (характар);
— мова;
— этнічная самасвядомасць;
— саманазва (этнонім);
— своеасаблівая культура.

Навука, якая вывучае бытавыя і культурныя асаблівасці этнасаў, праблемы іх паходжання (этнагенезу), рассялення і культурнага ўзаемадзеяння, называецца этнаграфіяй.

  

Адной з асноўных прыкмет любога этнасу з’яўляецца тэрыторыя яго пражывання. Этнічная тэрыторыя — ​гэта тэрыторыя кампактнага рассялення пэўнага народа, з якой цесна звязаны яго паходжанне і гісторыя. Этнічная тэрыторыя характарызуецца пэўнай нязменнасцю на працягу многіх стагоддзяў, але пры гэтым практычна ніколі не супадае з дзяржаўнай тэрыторыяй.

Найбольш важнай рысай этнасу з’яўляецца культура, якую падзяляюць на матэрыяльную і духоўную. Да матэрыяльнай культуры адносяцца прылады працы, жытло, гаспадарчыя пабудовы, зброя, адзенне, упрыгажэнні, а таксама культурныя расліны і свойская жывёла. Духоўная культура ўключае прадукты дзейнасці калек­тыўнай (індывідуальнай) свядомасці і розуму — ​напрыклад, літаратуру, музыку, тэатр і г. д. У фарміраванні этнічнай культуры важную ролю адыгрывае мова народа. Агульная мова аб’ядноўвае этнас, у першую чаргу дзякуючы ўзаемаразумен­ню паміж людзьмі. Мова фарміруе гістарычную памяць народа і перадае яе з пакалення ў пакаленне. Найважнейшым кампанентам развіцця этнасу з’яўляецца этнічная самасвядомасць — ​усведамленне людзьмі сваёй прыналежнасці да пэўнага народа.

Працэс фарміравання беларускага этнасу таксама быў складаным і разнапланавым. Складванне фізічнага аблічча беларусаў, іх мовы і культуры, ментальна­сці адбывалася на працягу многіх стагоддзяў.

Для развіцця любога этнасу (народа) характэрныя наступныя перыяды (стадыі, формы).

Племя — першая этнічная супольнасць у гісторыі чалавецтва, што ўзнікла
ў першабытную эпоху. Спачатку складалася з некалькіх родаў і груп, вылучалася максімальным адзінствам мовы і культуры.

Народнасць была ўласціва рабаўладальніцкаму і феадальнаму ладу. У працэсе складвання народнасці вялікую ролю адыгрывалі адзіная дзяржаўнасць, адзінае паходжанне насельніцтва, што спрыяла фарміраванню агульнай этнічнай тэрыторыі, мовы, самасвядомасці, пэўнага культурнага і эканамічнага адзінства.

Нацыя — форма этнічнай супольнасці людзей, што гістарычна склалася
ў індустрыяльную эпоху. Кожная нацыя абавязкова мае ўласны механізм перадачы этнакультурнай інфармацыі праз адукацыю, мастацкую культуру і срод­кі масавай інфармацыі, якія выкарыстоўваюць літаратурную мову.

Гарантам існавання нацыі з’яўляецца нацыянальная дзяржава. Пры гэтым у нацыянальнай дзяржаве прысутнічаюць этнічныя меншасці (у Беларусі гэта рускія, палякі, татары, літоўцы і інш.), што ў сваю чаргу выклікае праблему між­этнічных адносін. Яе сутнасць заключаецца ў характары ўзаемаадносін тытульнай нацыі (этнас, які мае сваё дзяржаўнае ўтварэнне, што носіць яго імя) і этнічных меншасцяў.
Этнічная гісторыя Беларусі ўмоўна падзяляецца на два перыяды: даіндаеўрапейскі і індаеўрапейскі. Першы перыяд ахоплівае час ад з’яўлення чалавека на сучаснай тэрыторыі Беларусі па неаліт. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі пачынаецца ў бронзавым веку з рассялення на яе тэрыторыі індаеўрапейскіх плямёнаў (сярэдзіна ІІІ тыс. да н. э.) і працягваецца па сённяшні дзень. У яго межах вылучаюцца балцкі і славянскі этапы.

4. Гістарычныя формы дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі

Дзяржаўнасць на беларускіх землях у ІХ—ХVІІІ стст. развівалася цягам трох перыядаў.

Першымі дзяржаўнымі ўтварэннямі на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі Полацкае і Тураўскае княствы. Яны сфарміраваліся з мясцовых племянных княжанняў крывічоў-палачан і дрыгавічоў, а затым увайшлі ў склад Кіеўскай Русі. Існуюць розныя навуковыя меркаванні аб тым, якой была гэтая дзяржава: ад моцнай цэнтралізаванай краіны да канфедэрацыі княстваў. Некаторыя даследчыкі нават адмаўляюць факт існавання Кіеўскай Русі як адзінай дзяржавы ўсходніх славян.

З 30-х гг. ХІІІ ст. беларускія землі паступова ўключаліся ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая краіна ўтварылася як поліэтнічная (шматнацыянальная) дзяржава. 9/10 тэрыторыі ВКЛ складалі ўсходнеславянскія землі, 8/10 яго насельніцтва былі славянамі. Сучасныя беларускія гісторыкі лічаць Вялікае Княства Літоўскае беларуска-літоўскай дзяржавай.

З 1569 па 1795 г. беларускія землі знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай, якая ўяўляла сабой дзяржаўна-прававы саюз ВКЛ і Польшчы. Рэч Паспалітая была шматнацыянальнай дзяржавай. Але працэсы паланізацыі і акаталічвання негатыўна паўплывалі на развіццё беларускага народа. Характэрныя рысы грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і духоўнага жыцця насельніцтва беларускіх зямель можна прасачыць на падставе наступнай табліцы. 

5. Асноўныя працэсы грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і духоўна-культурнага развіцця насельніцтва беларускіх зямель

Беларускі народ мае багатую на падзеі і з’явы гісторыю. Яна адлюстравана ў яго гісторыка-культурнай спадчыне, якая ўвасоблена ў культурных каштоўнасцях. Да матэрыяльных культурных каштоўнасцей адносяцца дакументальныя і археалагічныя помнікі, гістарычная забудова гарадоў, помнікі архітэктуры і мастацтва. Таксама ёсць духоўныя культурныя каштоўнасці. Гэта звычаі, абрады, унікальныя формы вуснай народнай творчасці (фальклору).

Пытанні і заданні

 1. Што азначае паняцце «гісторыя»? Як вы лічыце, дзеля чаго трэба вывучаць гісторыю Беларусі?
2. Ці можна гісторыю лічыць дакладнай навукай? Чаму гісторыя лічыцца комплекснай навукай? Што гэта абазначае?
3. Як вы лічыце, чаму ў гістарычнай навуцы існуюць розныя падыходы да тых ці іншых падзей?
4. Ахарактарызуйце перыяды, на якія падзяляецца гісторыя Беларусі са старажытных часоў па XVIII ст.
5. Якія асноўныя перыяды можна вылучыць у этнічнай гісторыі Беларусі? Растлумачце свой адказ. На якія этапы падзяляецца этнічная гісторыя Беларусі? Як яны суадносяцца з храналагічнай перыядызацыяй?
6. Вызначце тыпы дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі ў ІХ—XVIII стст.
 7. Падрыхтуйце пост-разважанне для сацыяльнай сеткі аб тым, што такое гісторыя. Падбярыце да яго ілюстрацыю. Абмяркуйце вашу работу з аднакласнікамі.
8. Падрыхтуйце артыкул для блога, прысвечаны 5 аб'ектам гісторыка-культурнай спадчыны беларусаў. Якія аб'екты вы выбралі і чаму?