§ 23-1. Горадабудаўніцтва і архітэктура беларускіх зямель

3. Адметныя рысы дойлідства ў беларускіх землях

Старажытная Полацкая Сафія (кафедральны сабор у гонар Прамудрасці Божай — Сафіі) мела шмат агульнага з падобнымі саборамі ў Кіеве і Ноўгарадзе. Яна была пабудавана амаль адначасова з Наўгародскай Сафіяй. Былі ў Полацкай Сафіі і свае асаблівасці. Даследчыкі выказваюць два меркаванні пра будаўнікоў сабора: або ён пабудаваны сіламі прыезджых кіеўскіх майстроў, або галоўнымі будаўнікамі тут былі грэкі. Мясцовыя майстры таксама ўдзельнічалі ў будаўніцтве, напрыклад, рыхтавалі будаўнічы матэрыял, выконвалі земляныя і іншыя работы. На адной цагліне выяўлены надпіс, зроблены не грэчаскімі літарамі, а славянскімі.

Памеры Полацкай Сафіі наступныя: шырыня 26,4 м, даўжыня – каля 31,5 м. Па тых часах гэта была грандыёзная пабудова. Першапачаткова Полацкая Сафія выглядала будынкам суразмерным і сіметрычным. Пасярэдзіне яе ўзвышаўся галоўны купал, па баках знаходзіліся, па адных звестках, чатыры меншых купалы. Па іншых звестках, Полацкая Сафія мела 7 купалоў. З усходняга боку знаходзіліся тры апсіды (выступы), дзе размяшчаўся алтар.

Сцены мелі прамавугольныя плоскія лапаткі, якія ішлі вертыкальна, падзяляючы іх на прасценкі. На кожнай сцяне, акрамя ўсходняй, лапатак было па шэсць. Усе яны дакладна адпавядалі ўнутранаму падзелу памяшкання слупамі.

Што бачыў наведвальнік унутры сабора? Тут уся прастора падзялялася 16 слупамі на мноства ячэек. Слупы былі не круглыя, а ў форме крыжа. Насупраць алтара, у заходняй частцы храма, уверсе знаходзіліся хоры – своеасаблівы балкон, які прызначаўся для князя, яго сям’і і бліжэйшых прыдворных.

Сцены Полацкай Сафіі выкладзены з прыродных камянёў і тонкай цэглы, ці плінфы. Паласа камянёў чаргавалася з такой жа паласой цэглы, потым — зноў камяні, зноў цэгла. Такія «паласатыя» сцены былі характэрнай асаблівасцю як візантыйскай, так і кіеўскай архітэктуры ХІ ст. Яны замацоўваліся цамянкай — вапнавым растворам, у які дадавалі тоўчаную цэглу, надаючы раствору ружовы колер. Знешне такія сцены выглядалі досыць маляўніча.

Манументальнае дойлідства ХІІ ст. у асобных землях усходніх славян уяўляецца своеасаблівым. Палітычная самастойнасць Полацкай зямлі садзейнічала таму, што дойліды, у тым ліку прыезджыя, маглі тут больш свабодна праяўляць свае творчыя здольнасці. Унікальнымі рысамі была адзначана архітэктура страчанага Барысаглебскага манастыра на рэчцы Бельчыцы каля Полацка, асабліва вялікага Успенскага сабора. Там з’явіўся тып храма вежападобнай канструкцыі, характэрнай для полацкага дойлідства.

Другі манастыр, Спаса-Ефрасіннеўскі, знаходзіўся на беразе ракі Палаты́ ў двух кіламетрах ад Полацка. Выразныя рысы полацкай архітэктуры ўвасабляе Спаса-Праабражэнская царква гэтага манастыра. Увесь аб’ём гэтага храма ў яго першапачатковым выглядзе падзяляўся на часткі рознай вышыні: высокае цэнтральнае памяшканне, з захаду — больш нізкі прытвор. Пабудова, завершаная барабанам (часткай будынка, якая служыць асновай для купала) і шлемападобным купалам, выглядала закончанай ступеньчатай кампазіцыяй, якая імкнецца ўгару. Яе называюць вежападобнай. У верхняй частцы храма з’явіўся першы ўзор какошнікаў (паўкруглых знешніх дэкаратыўных элементаў) у аснове барабана. Какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне. Спаса-Праабражэнская царква была пабудавана па заказе Ефрасінні Полацкай у сярэдзіне ХІІ ст. выдатным полацкім дойлідам Іаанам. Магчыма, ён з’яўляўся манахам манастыра ў Бельчыцах. У ХІІ ст. у Полацку было пабудавана звыш 10 цагляных царкоўных пабудоў і княжацкі церам.

На прыкладзе гарадзенскіх храмаў бачны паступовы ўплыў заходнееўрапейскага дойлідства на беларускае. Майстры актыўна выкарыстоўвалі змешаную каменна-плінфавую кладку, а храмавая прастора падзялялася на некалькі частак  нефаў. Да нашых дзён захавалася Барысаглебская царква, якая была пабудавана ў прадмесці Каложа, таму часцей яе называюць Каложскай. Сцены храма звонку былі аздоблены адшліфаванымі камянямі і арнаментам у выглядзе крыжа, складзенага з паліраваных керамічных плітак. У сцены былі ўмураваны гліняныя збаны-галаснікі, якія паляпшалі акустыку. Сцены алтара ўпрыгожвалі фрэскі.

 

Іншым шляхам развівалася архітэктура ў Віцебску. Майстры пры будаўніцтве Дабравешчанскай царквы выкарыстоўвалі чаргаванне радоў плінфы і каменных блокаў. Такая тэхніка будаўніцтва сустракалася ў Балгарыі і Грэцыі. Магчыма, майстры ў Віцебск былі запрошаны адтуль.

Каменныя царкоўныя пабудовы ХІІ ст. акрамя Полацка і Гародні існавалі ў Віцебску, Новагародку, Тураве. У Менску і Ваўкавыску храмы засталіся недабудаванымі.

На беларускіх землях у ХІ—ХІІІ стст. архітэктура развівалася пад моцным уплывам візантыйскай тэхнікі будаўніцтва і аздаблення храмаў. На аснове мясцовых традыцый сфарміраваліся новыя падыходы да ўзвядзення і прымянення манументальнай архітэктуры.