Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 23-1. Горадабудаўніцтва і архітэктура беларускіх зямель

 1. У якіх усходнеславянскіх гарадах былі ўзведзены Сафійскія саборы? Што яны сімвалізавалі?

2. Назавіце асноўныя рысы візантыйскага стылю.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: § 23-1. Горадабудаўніцтва і архітэктура беларускіх зямель
Надрукаваны: Гость
Дата: Субота 18 Травень 2024 8:40

1. Планіроўка і забудова старажытных гарадоў

Старажытныя гарады Беларусі сфарміраваліся як адміністрацыйныя, гандлёва-рамесныя і культурныя цэнтры, крэпасці і княжацкія рэзідэнцыі ў ІХ—ХІІ стст. У летапісах гарады называюцца цэнтрамі «плямён», якія пераўтвараюцца ў асобныя «княжанні».

У аснове будучых гарадоў знаходзіліся балцкія ці славянскія гарадзішчы, культавыя мясціны (свяцілішчы), на месцы якіх стваралася новая дзяржаўная адміністрацыя, прыходы і манастыры хрысціянскай царквы. Не раней канца Х ст. вакол умацаваных гарадзішчаў ці крэпасцей (дзядзінцаў) пачалі з’яўляцца гарадскія пасады рамеснікаў і купцоў.

Функцыі горада ўплывалі на яго планіроўку і забудову. Гарадская прастора падзялялася на две часткі: дзядзінец і пасад. Першая магла быць прадстаўлена як княжацкай рэзідэнцыяй (дваром, церамам), так і епіскапскай рэзідэнцыяй — манастыром ці галоўным храмам. Гандлёвая частка фарміравалася вакол рыначнай плошчы, аб’ядноўвала розныя рамесныя ці племянныя часткі горада (канцы). Канцавая структура была вельмі распаўсюджана ва Усходняй Еўропе. Кожны канец меў сваю адміністрацыю, канцы выступалі асновай арганізацыі гарадскога апалчэння, фарміравалі веча.

Забудова горада была пераважна драўлянай і адна-, двухпавярховай, што абумоўлівалася як наяўнымі будаўнічымі матэрыяламі, так і практычнасцю пабудоў. Гарады найчасцей размяшчаліся каля рэк, якія былі адначасова і транспартнымі артэрыямі, і крыніцай гігіены. Каменная архітэктура з’явілася ў Беларусі з прыняццем хрысціянства. Але пераважная большасць будынкаў і ўмацаванняў заставаліся драўлянымі, што прыводзіла падчас пажараў да выгарання цэлых частак горада.

У гарадах, якія з’яўляліся палітычнымі цэнтрамі Беларусі, напрыклад, Полацку і Тураве, размяшчаліся загарадныя рэзідэнцыі князёў. Для гэтых мэтаў выкарыстоўваліся манастыры. Так, рэзідэнцыяй полацкага князя быў Бельчыцкі манастыр. Рэзідэнцыя не мела пасада, і князь тут адчуваў сябе ў адноснай бяспецы.

За межы гарадоў выносіліся не толькі княжацкія рэзідэнцыі, але і манастыры. Гэта было звязана з іх асаблівай місіяй. Манастыры з’яўляліся месцамі «адасаблення» і ўратавання, а не актыўнага прапаведавання веры сярод людзей. Можна прыгадаць жыццё ў «слупе» Кірылы Тураўскага ці пераезд Ефрасінні Полацкай з полацкага Сафійскага сабора ў новы манастыр на адлегласці ад горада, за ракой Палатой.

 

2. Абарончая архітэктура

Сярод манументальных мураваных пабудоў у Беларусі таго часу пераважалі культавыя збудаванні (саборы, цэрквы). Разам з тым у Полацку і Гародні выяўлены рэшткі церамоў – парадных частак княжацкіх палацаў ХІІ ст.

У ХІІІ ст. з узмацненнем ваеннай пагрозы пачалі ўзводзіцца абарончыя збудаванні тыпу вежаў-данжонаў. Такія вежы былі ўзведзены ў Полацку і Тураве.

Унікальным помнікам архітэктуры Беларусі і ваенна-інжынернага майстэрства, створаным дойлідам Алексам, з’яўляецца «стоўп камен» — вежа ў г. Камянец Брэсцкай вобласці. Камянецкая вежа захавалася да нашых дзён. Вышыня пяціяруснай пабудовы складае 30 м, вонкавы дыяметр — звыш 13 м. Сцены таўшчынёй 2,5 м прарэзаны байніцамі. Камянецкая вежа адносіцца да тыпу «валынскіх» і мае шмат агульнага з вежамі-данжонамі, якія былі распаўсюджаны ў ХІІ—ХІІІ стст. у Заходняй Еўропе.

3. Адметныя рысы дойлідства ў беларускіх землях

Старажытная Полацкая Сафія (кафедральны сабор у гонар Прамудрасці Божай — Сафіі) мела шмат агульнага з падобнымі саборамі ў Кіеве і Ноўгарадзе. Яна была пабудавана амаль адначасова з Наўгародскай Сафіяй. Былі ў Полацкай Сафіі і свае асаблівасці. Даследчыкі выказваюць два меркаванні пра будаўнікоў сабора: або ён пабудаваны сіламі прыезджых кіеўскіх майстроў, або галоўнымі будаўнікамі тут былі грэкі. Мясцовыя майстры таксама ўдзельнічалі ў будаўніцтве, напрыклад, рыхтавалі будаўнічы матэрыял, выконвалі земляныя і іншыя работы. На адной цагліне выяўлены надпіс, зроблены не грэчаскімі літарамі, а славянскімі.

Памеры Полацкай Сафіі наступныя: шырыня 26,4 м, даўжыня – каля 31,5 м. Па тых часах гэта была грандыёзная пабудова. Першапачаткова Полацкая Сафія выглядала будынкам суразмерным і сіметрычным. Пасярэдзіне яе ўзвышаўся галоўны купал, па баках знаходзіліся, па адных звестках, чатыры меншых купалы. Па іншых звестках, Полацкая Сафія мела 7 купалоў. З усходняга боку знаходзіліся тры апсіды (выступы), дзе размяшчаўся алтар.

Сцены мелі прамавугольныя плоскія лапаткі, якія ішлі вертыкальна, падзяляючы іх на прасценкі. На кожнай сцяне, акрамя ўсходняй, лапатак было па шэсць. Усе яны дакладна адпавядалі ўнутранаму падзелу памяшкання слупамі.

Што бачыў наведвальнік унутры сабора? Тут уся прастора падзялялася 16 слупамі на мноства ячэек. Слупы былі не круглыя, а ў форме крыжа. Насупраць алтара, у заходняй частцы храма, уверсе знаходзіліся хоры – своеасаблівы балкон, які прызначаўся для князя, яго сям’і і бліжэйшых прыдворных.

Сцены Полацкай Сафіі выкладзены з прыродных камянёў і тонкай цэглы, ці плінфы. Паласа камянёў чаргавалася з такой жа паласой цэглы, потым — зноў камяні, зноў цэгла. Такія «паласатыя» сцены былі характэрнай асаблівасцю як візантыйскай, так і кіеўскай архітэктуры ХІ ст. Яны замацоўваліся цамянкай — вапнавым растворам, у які дадавалі тоўчаную цэглу, надаючы раствору ружовы колер. Знешне такія сцены выглядалі досыць маляўніча.

Манументальнае дойлідства ХІІ ст. у асобных землях усходніх славян уяўляецца своеасаблівым. Палітычная самастойнасць Полацкай зямлі садзейнічала таму, што дойліды, у тым ліку прыезджыя, маглі тут больш свабодна праяўляць свае творчыя здольнасці. Унікальнымі рысамі была адзначана архітэктура страчанага Барысаглебскага манастыра на рэчцы Бельчыцы каля Полацка, асабліва вялікага Успенскага сабора. Там з’явіўся тып храма вежападобнай канструкцыі, характэрнай для полацкага дойлідства.

Другі манастыр, Спаса-Ефрасіннеўскі, знаходзіўся на беразе ракі Палаты́ ў двух кіламетрах ад Полацка. Выразныя рысы полацкай архітэктуры ўвасабляе Спаса-Праабражэнская царква гэтага манастыра. Увесь аб’ём гэтага храма ў яго першапачатковым выглядзе падзяляўся на часткі рознай вышыні: высокае цэнтральнае памяшканне, з захаду — больш нізкі прытвор. Пабудова, завершаная барабанам (часткай будынка, якая служыць асновай для купала) і шлемападобным купалам, выглядала закончанай ступеньчатай кампазіцыяй, якая імкнецца ўгару. Яе называюць вежападобнай. У верхняй частцы храма з’явіўся першы ўзор какошнікаў (паўкруглых знешніх дэкаратыўных элементаў) у аснове барабана. Какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне. Спаса-Праабражэнская царква была пабудавана па заказе Ефрасінні Полацкай у сярэдзіне ХІІ ст. выдатным полацкім дойлідам Іаанам. Магчыма, ён з’яўляўся манахам манастыра ў Бельчыцах. У ХІІ ст. у Полацку было пабудавана звыш 10 цагляных царкоўных пабудоў і княжацкі церам.

На прыкладзе гарадзенскіх храмаў бачны паступовы ўплыў заходнееўрапейскага дойлідства на беларускае. Майстры актыўна выкарыстоўвалі змешаную каменна-плінфавую кладку, а храмавая прастора падзялялася на некалькі частак  нефаў. Да нашых дзён захавалася Барысаглебская царква, якая была пабудавана ў прадмесці Каложа, таму часцей яе называюць Каложскай. Сцены храма звонку былі аздоблены адшліфаванымі камянямі і арнаментам у выглядзе крыжа, складзенага з паліраваных керамічных плітак. У сцены былі ўмураваны гліняныя збаны-галаснікі, якія паляпшалі акустыку. Сцены алтара ўпрыгожвалі фрэскі.

 

Іншым шляхам развівалася архітэктура ў Віцебску. Майстры пры будаўніцтве Дабравешчанскай царквы выкарыстоўвалі чаргаванне радоў плінфы і каменных блокаў. Такая тэхніка будаўніцтва сустракалася ў Балгарыі і Грэцыі. Магчыма, майстры ў Віцебск былі запрошаны адтуль.

Каменныя царкоўныя пабудовы ХІІ ст. акрамя Полацка і Гародні існавалі ў Віцебску, Новагародку, Тураве. У Менску і Ваўкавыску храмы засталіся недабудаванымі.

На беларускіх землях у ХІ—ХІІІ стст. архітэктура развівалася пад моцным уплывам візантыйскай тэхнікі будаўніцтва і аздаблення храмаў. На аснове мясцовых традыцый сфарміраваліся новыя падыходы да ўзвядзення і прымянення манументальнай архітэктуры.

Пытанні і заданні

1. Вызначце, як фарміраваліся планіроўка і забудова старажытных гарадоў. Якія фактары ўздзейнічалі на планіроўку і забудову старажытнага горада?
2. Ахарактарызуйце фактары, што ўплывалі на развіццё абарончай архітэктуры.
3. Назавіце абставіны, якія садзейнічалі большай свабодзе творчасці дойлідаў у Полацку.                                                           
4. Вызначце асаблівасці полацкай і гарадзенскай арітэктурных школ.
5. Запоўніце табліцу «Архітэктурныя школы ХІ—ХІІІ стст.»: