§ 23-1. Горадабудаўніцтва і архітэктура беларускіх зямель

1. Планіроўка і забудова старажытных гарадоў

Старажытныя гарады Беларусі сфарміраваліся як адміністрацыйныя, гандлёва-рамесныя і культурныя цэнтры, крэпасці і княжацкія рэзідэнцыі ў ІХ—ХІІ стст. У летапісах гарады называюцца цэнтрамі «плямён», якія пераўтвараюцца ў асобныя «княжанні».

У аснове будучых гарадоў знаходзіліся балцкія ці славянскія гарадзішчы, культавыя мясціны (свяцілішчы), на месцы якіх стваралася новая дзяржаўная адміністрацыя, прыходы і манастыры хрысціянскай царквы. Не раней канца Х ст. вакол умацаваных гарадзішчаў ці крэпасцей (дзядзінцаў) пачалі з’яўляцца гарадскія пасады рамеснікаў і купцоў.

Функцыі горада ўплывалі на яго планіроўку і забудову. Гарадская прастора падзялялася на две часткі: дзядзінец і пасад. Першая магла быць прадстаўлена як княжацкай рэзідэнцыяй (дваром, церамам), так і епіскапскай рэзідэнцыяй — манастыром ці галоўным храмам. Гандлёвая частка фарміравалася вакол рыначнай плошчы, аб’ядноўвала розныя рамесныя ці племянныя часткі горада (канцы). Канцавая структура была вельмі распаўсюджана ва Усходняй Еўропе. Кожны канец меў сваю адміністрацыю, канцы выступалі асновай арганізацыі гарадскога апалчэння, фарміравалі веча.

Забудова горада была пераважна драўлянай і адна-, двухпавярховай, што абумоўлівалася як наяўнымі будаўнічымі матэрыяламі, так і практычнасцю пабудоў. Гарады найчасцей размяшчаліся каля рэк, якія былі адначасова і транспартнымі артэрыямі, і крыніцай гігіены. Каменная архітэктура з’явілася ў Беларусі з прыняццем хрысціянства. Але пераважная большасць будынкаў і ўмацаванняў заставаліся драўлянымі, што прыводзіла падчас пажараў да выгарання цэлых частак горада.

У гарадах, якія з’яўляліся палітычнымі цэнтрамі Беларусі, напрыклад, Полацку і Тураве, размяшчаліся загарадныя рэзідэнцыі князёў. Для гэтых мэтаў выкарыстоўваліся манастыры. Так, рэзідэнцыяй полацкага князя быў Бельчыцкі манастыр. Рэзідэнцыя не мела пасада, і князь тут адчуваў сябе ў адноснай бяспецы.

За межы гарадоў выносіліся не толькі княжацкія рэзідэнцыі, але і манастыры. Гэта было звязана з іх асаблівай місіяй. Манастыры з’яўляліся месцамі «адасаблення» і ўратавання, а не актыўнага прапаведавання веры сярод людзей. Можна прыгадаць жыццё ў «слупе» Кірылы Тураўскага ці пераезд Ефрасінні Полацкай з полацкага Сафійскага сабора ў новы манастыр на адлегласці ад горада, за ракой Палатой.