§ 23. Культура беларускіх зямель у ІХ – першай палове ХІІІ ст.

1. Каляндарна-абрадавы фальклор

Беларуская культура доўгі час развівалася пераважна ў форме народнай культуры. Асноўнымі яе носьбітамі былі сяляне і мяшчане. Ёй ўласцівыя захаванне  элементаў старажытных культаў, багатая міфалогія.

На працягу стагоддзяў у беларусаў фарміраваўся каляндарна-абрадавы фальклор. У яго аснову пакладзена разуменне чалавекам жыцця і гадавога цыкла прыроды. Жыццё традыцыйна ўспрымаецца як чаргаванне наступных этапаў: нараджэнне, дзяцінства, юнацтва, сталенне, старасць і смерць. На кожным з іх чалавек пераасэнсоўвае сваю роль у сям’і і сацыяльнай дзейнасці.

Нараджэнне  прыход у гэты свет новага чалавека — заўжды лічылася надзвычайнай падзеяй. Нашыя продкі вельмі адказна ставіліся да надання імя немаўляці. Зазвычай выбіралі паміж сямейнымі імёнамі (у гонар памерлых продкаў) або афіцыйнымі (у гонар язычніцкіх багоў, пазней — хрысціянскіх святых).

Дзяцінству адпавядаў перыяд паступовага навучання і ўвядзення малога чалавека ў гаспадарчае і сацыяльнае жыццё  пераважна праз гульню. Менавіта ў гэты час закладваліся і сацыяльныя ролі. Дзяўчынкі гуляліся з лялькамі і такім чынам спасцігалі клопаты мацярынства, а хлопцы стваралі цацачную зброю для абароны і палявання.

Юнацтва — перыяд падрыхтоўкі да дарослага жыцця, узяцця на сябе адказнасці за свае ўчынкі, прыняцця сацыяльных абавязкаў.

Сталенне — этап жыцця дарослага чалавека. У яго ёсць абавязкі перад сям’ёй і грамадой, ён валодае і распараджаецца маёмасцю, нясе адказнасць за бацькоў і дзяцей.

У старасці звычайна чалавек спасцігае жыццёвую мудрасць. Ён выхоўвае малодшых і дае парады. Адказнасць за забеспячэнне старых бацькоў традыцыйна ўскладалася на старэйшага сына ў сям’і.

Хрысціянства ўнесла ў жыццёвы цыкл свае асаблівасці — утварыліся новыя традыцыі. Гэта хрышчэнне (у раннім узросце), агалашэнне (калі чалавек становіцца паўнавартасным членам хрысціянскай абшчыны), вянчанне, адпяванне (абрад развітання з памерлым чалавекам). З прыняццем хрысціянства хросныя бацькі пачалі адыгрываць у грамадстве важную ролю. Яны сталі сацыяльнай апорай для чалавека ў яго жыцці і пры нагодзе выступалі яго абаронцамі.

Гадавы каляндар традыцыйна быў звязаны з сельскагаспадарчай дзейнасцю. У язычніцкія часы ён улічваў змену сезонаў, звязаную з сонечным цыклам: зіма, вясна, лета і восень. Багаты духоўны свет нашых продкаў знайшоў увасабленне ў шматлікіх абрадах і звычаях, прыкметах і павер’ях, гульнях і песнях, якімі суправаджаўся ледзь не кожны дзень гадавога кола народнага календара. У ім, асабліва ў назвах месяцаў, адлюстраваны светапогляд селяніна, яго глыбокае веданне прыроды і любоў да яе, цяга да працы.

Студзень — сама назва гэтага зімовага месяца сведчыць пра яго сутнасць. Студзень — значыць сцюдзёны, гэты час звязаны з прыходам зямлю халадоў. Каб не змерзнуць, кожны гаспадар мусіў загадзя падрыхтавацца да суровай зімы. Пасля 1 студзеня адбываецца ўрачыстае зімовае святкаванне, якое доўжыцца два тыдні. Яно ахоплівае некалькі свят і вядома ў народзе як Каляды. Абрады, гульні, песні арганізуюцца на працягу ўсіх Каляд амаль з дня ў дзень.

Люты — апошні месяц зімы, калі яна яшчэ ў самай сіле. «Пытаецца люты, ці добра ногі абуты», — гаворыць прыказка.

Сакавік — назва першага месяца вясны паходзіць ад слова «сок». У гэтую пару сок пачынае цячы з дрэў. У сакавіку ці ў канцы лютага (па «рухомым» календары) спраўлялася Масленіца — свята заканчэння зімы. Апошні дзень Масленага тыдня — дзень сустрэчы вясны (яе гуканне).

Красавік — другі месяц вясны. Яго назва  паходзіць ад слова «красаваць», бо ў гэты час з’яўляюцца «краскі» — першыя кветкі. У старажытнай літаратуры сустракаецца і іншае найменне красавіка — «квецень». У красавіку спраўлялася старадаўняе свята Камаедзіца: лічылася, што якраз тады заканчваецца спячка мядзведзя, і ён выходзіць з берлагу. Гэтае свята звязана з перажыткамі татэмізму і служыць пацвярджэннем таго, што на Беларусі пакланяліся мядзведзю. На Камаедзіцу гатавалі і елі гарохавую кашу — камы (адсюль назва).

Вялікдзень (Пасха) — вялікае вясновае свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Некалі ім адкрываўся новы календарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім «рухомым» каляндары. У розныя гады Вялікдзень можа прыпадаць на канец сакавіка ці пачатак мая, але часцей адзначаецца ў красавіку.

Да Вялікадня прымеркавана галоўнае хрысціянскае свята — Уваскрэсенне распятага Хрыста. На дзясяты дзень Пасхі адзначаецца Радаўніца. У гэты дзень на могілках памінаюць памерлых. У валачобных песнях пяецца: «Радаўніца — сталы засцілаюць, Дзядоў памінаюць». Існаванне Радаўніцы ў наш час тлумачыцца душэўнай патрэбай жывых ушаноўваць памяць памерлых.

Май — яго сучаснай літаратурнай назве адпавядае назва «травень», якая паходзіць ад слова «трава», бо ў гэтым месяцы зямля пакрываецца зелянінай. У пачатку мая адзначаецца старадаўняе земляробчае свята першага выгану кароў — Юрый (Ягорый, Георгій). Юрый — апякун жывёлы і земляробства (у дахрысціянскі перыяд гэтыя функцыі выконваў Ярыла).

Чэрвень — пачатак лета. Назва яго тлумачыцца чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару. 22 чэрвеня — самы доўгі дзень года (працягваецца больш за 17 гадзін) і самая кароткая ноч. Дзень летняга сонцастаяння продкі беларусаў здаўна адзначалі святам Купалле ў ноч з 23 на 24 чэрвеня паводле старога стылю. Гэта вельмі старажытнае абрадавае свята Сонца і агню, багоў урадлівасці і росквіту зямлі. Яно пад рознымі назвамі вядомае ўсім індаеўрапейскім народам. У паданнях расказваецца, быццам бы ў купальскую ноч расліны размаўляюць паміж сабой, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. На купальскім свяце вельмі пашыранай была варажба. Дзяўчаты і хлопцы загадвалі, што чакае іх у будучыні. Купальскія вераванні і легенды ў Беларусі адлюстроўвалі міфалагічны бок светапогляду старажытнага чалавека.

У чэрвені асноўны занятак селяніна — нарыхтоўка сена. Людзі заўважалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж — увесь месяц будзе сухі.

Ліпень — назва месяца паходзіць ад ліпы — дрэва, якое цвіце менавіта ў гэтую пару. Ліпень дорыць чалавеку спелыя лясныя ягады, першыя грыбы.

Жнівень — літаратурная назвва, якой адпавядае народнае слова «серпень» (ад слова «серп»), што таксама дакладна адлюстроўвае прыродныя асаблівасці гэтай пары. Яшчэ ў пачатку месяца заканчвалася ўборка азімых, затым убіраліся пшаніца, ячмень, авёс і інш.

У жніўні спраўлялася адно са свят хлеба — Трэці Спас. Шмат дзе адзначалі Дажынкі — свята канца жніва. Гэта знайшло адлюстраванне ў прыказках: «Трэці Спас хлеба прыпас», «Кожная хата ў жніўні багата».

Верасень — слова, што паходзіць ад назвы верасу — расліны, якая цвіце ў канцы лета і пачатку восені. 22 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства, даўжыня дня і ночы становіцца аднолькавай. У верасні назіраецца вяртанне цяпла — Бабіна лета — пачатак жаночых сельскагаспадарчых работ. У гэтым жа месяцы пачыналіся сялянскія вяселлі. У верасні адзначалася Узвіжанне — свята «закрывання» зямлі на зіму. У гэты дзень не хадзілі ў лес, бо лічылася, што там збіраюцца ў клубкі гадзюкі і вужы, каб схавацца ў норы на зіму. У цара гадзюк на галаве меліся залатыя рожкі. У назіраннях за прыродай пераважна арыентаваліся на паводзіны птушак, якія, адлятаючы ў вырай, забіралі з сабой лета. «Узвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла».

Кастрычнік — дзясяты месяц года. Яго назва паходзіць ад слоў «кастрыца», «кастра» — так называецца здраўнелая частка сцябліны лёну: у гэты час сяляне часалі, трапалі лён, з якога ападала шмат кастрыцы. Кастрычнік у Беларусі не надта багаты на святы. Яго асноўнае свята — Пакровы (14 кастрычніка). Да гэтага дня сяляне стараліся закончыць палявыя работы, падрыхтавацца да зімы. Пакроў заўсёды чакалі, бо было ўжо значна менш працы, працягваліся асеннія вяселлі. У народзе казалі: «Пакрова — дзеўка гатова», «Пакрова прайшла — дзеўка замуж не пайшла».

Лістапад — месяц, назва якога тлумачыцца вельмі проста: канец ападання лісця з дрэў. У старажытнасці гэты апошні месяц восені меў яшчэ назву «грудзень» (ад слова «груды» — замёрзлая зямля). У пачатку лістапада адлятаюць апошнія чароды птушак. Вёска на нейкі час вызваляецца ад сельскагаспадарчых работ. У гэты перыяд дзяўчаты збіраліся на вячоркі, для чаго наймалі хату на ўсю зіму ў якой-небудзь удавы або ў беднай сям’і. У ходзе вячорак дзяўчаты пралі кудзелю і спявалі. Да іх прыходзілі хлопцы, каб паглядзець на дзяўчат і паслухаць іх спевы. На працягу зімы рабілі тры-чатыры вялікія вечарыны, для чаго запрашалі музыкаў.

Снежань — гэта апошні месяц каляндарнага года, які атрымаў назву ад слова «снег». 21 або 22 снежня бывае самы кароткі дзень года (7—8 гадзін). У гэтым месяцы ўся асноўная праца сялян праходзіла ў хаце. Доўгімі зімовымі вечарамі ў хаце гарэла лучына, жанчыны браліся ткаць кросны, мужчыны займаліся дробным рамяством.

Такім чынам, залежнасць жыцця і працы селяніна ад прыродных стыхій вымушала яго выконваць разнастайныя абрады, прымеркаваныя да пэўных падзей і строга рэгламентаваныя часам. Адпаведна чатыром порам года існавалі чатыры вялікія святы: зімой — Каляды, вясной — Вялікдзень, летам — Купалле, восенню — Пакровы, вакол якіх групаваліся іншыя.

Увогуле, традыцыйная культура Беларусі была неаддзельная ад побыту народа. Яна адпавядала яго духоўным патрэбам, густам і здольнасцям, забяспечвала пераемнасць і развіццё культурных традыцый, жыццёвага вопыту.