Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 23. Культура беларускіх зямель у ІХ – першай палове ХІІІ ст.

 1. У чым розніца паміж элітарнай, народнай і масавай культурай?
2. Якія віды матэрыяльнай і духоўнай культуры вы ведаеце?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: § 23. Культура беларускіх зямель у ІХ – першай палове ХІІІ ст.
Надрукаваны: Госць
Дата: Панядзелак 17 Чэрвень 2024 6:43

1. Каляндарна-абрадавы фальклор

Беларуская культура доўгі час развівалася пераважна ў форме народнай культуры. Асноўнымі яе носьбітамі былі сяляне і мяшчане. Ёй ўласцівыя захаванне  элементаў старажытных культаў, багатая міфалогія.

На працягу стагоддзяў у беларусаў фарміраваўся каляндарна-абрадавы фальклор. У яго аснову пакладзена разуменне чалавекам жыцця і гадавога цыкла прыроды. Жыццё традыцыйна ўспрымаецца як чаргаванне наступных этапаў: нараджэнне, дзяцінства, юнацтва, сталенне, старасць і смерць. На кожным з іх чалавек пераасэнсоўвае сваю роль у сям’і і сацыяльнай дзейнасці.

Нараджэнне  прыход у гэты свет новага чалавека — заўжды лічылася надзвычайнай падзеяй. Нашыя продкі вельмі адказна ставіліся да надання імя немаўляці. Зазвычай выбіралі паміж сямейнымі імёнамі (у гонар памерлых продкаў) або афіцыйнымі (у гонар язычніцкіх багоў, пазней — хрысціянскіх святых).

Дзяцінству адпавядаў перыяд паступовага навучання і ўвядзення малога чалавека ў гаспадарчае і сацыяльнае жыццё  пераважна праз гульню. Менавіта ў гэты час закладваліся і сацыяльныя ролі. Дзяўчынкі гуляліся з лялькамі і такім чынам спасцігалі клопаты мацярынства, а хлопцы стваралі цацачную зброю для абароны і палявання.

Юнацтва — перыяд падрыхтоўкі да дарослага жыцця, узяцця на сябе адказнасці за свае ўчынкі, прыняцця сацыяльных абавязкаў.

Сталенне — этап жыцця дарослага чалавека. У яго ёсць абавязкі перад сям’ёй і грамадой, ён валодае і распараджаецца маёмасцю, нясе адказнасць за бацькоў і дзяцей.

У старасці звычайна чалавек спасцігае жыццёвую мудрасць. Ён выхоўвае малодшых і дае парады. Адказнасць за забеспячэнне старых бацькоў традыцыйна ўскладалася на старэйшага сына ў сям’і.

Хрысціянства ўнесла ў жыццёвы цыкл свае асаблівасці — утварыліся новыя традыцыі. Гэта хрышчэнне (у раннім узросце), агалашэнне (калі чалавек становіцца паўнавартасным членам хрысціянскай абшчыны), вянчанне, адпяванне (абрад развітання з памерлым чалавекам). З прыняццем хрысціянства хросныя бацькі пачалі адыгрываць у грамадстве важную ролю. Яны сталі сацыяльнай апорай для чалавека ў яго жыцці і пры нагодзе выступалі яго абаронцамі.

Гадавы каляндар традыцыйна быў звязаны з сельскагаспадарчай дзейнасцю. У язычніцкія часы ён улічваў змену сезонаў, звязаную з сонечным цыклам: зіма, вясна, лета і восень. Багаты духоўны свет нашых продкаў знайшоў увасабленне ў шматлікіх абрадах і звычаях, прыкметах і павер’ях, гульнях і песнях, якімі суправаджаўся ледзь не кожны дзень гадавога кола народнага календара. У ім, асабліва ў назвах месяцаў, адлюстраваны светапогляд селяніна, яго глыбокае веданне прыроды і любоў да яе, цяга да працы.

Студзень — сама назва гэтага зімовага месяца сведчыць пра яго сутнасць. Студзень — значыць сцюдзёны, гэты час звязаны з прыходам зямлю халадоў. Каб не змерзнуць, кожны гаспадар мусіў загадзя падрыхтавацца да суровай зімы. Пасля 1 студзеня адбываецца ўрачыстае зімовае святкаванне, якое доўжыцца два тыдні. Яно ахоплівае некалькі свят і вядома ў народзе як Каляды. Абрады, гульні, песні арганізуюцца на працягу ўсіх Каляд амаль з дня ў дзень.

Люты — апошні месяц зімы, калі яна яшчэ ў самай сіле. «Пытаецца люты, ці добра ногі абуты», — гаворыць прыказка.

Сакавік — назва першага месяца вясны паходзіць ад слова «сок». У гэтую пару сок пачынае цячы з дрэў. У сакавіку ці ў канцы лютага (па «рухомым» календары) спраўлялася Масленіца — свята заканчэння зімы. Апошні дзень Масленага тыдня — дзень сустрэчы вясны (яе гуканне).

Красавік — другі месяц вясны. Яго назва  паходзіць ад слова «красаваць», бо ў гэты час з’яўляюцца «краскі» — першыя кветкі. У старажытнай літаратуры сустракаецца і іншае найменне красавіка — «квецень». У красавіку спраўлялася старадаўняе свята Камаедзіца: лічылася, што якраз тады заканчваецца спячка мядзведзя, і ён выходзіць з берлагу. Гэтае свята звязана з перажыткамі татэмізму і служыць пацвярджэннем таго, што на Беларусі пакланяліся мядзведзю. На Камаедзіцу гатавалі і елі гарохавую кашу — камы (адсюль назва).

Вялікдзень (Пасха) — вялікае вясновае свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Некалі ім адкрываўся новы календарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім «рухомым» каляндары. У розныя гады Вялікдзень можа прыпадаць на канец сакавіка ці пачатак мая, але часцей адзначаецца ў красавіку.

Да Вялікадня прымеркавана галоўнае хрысціянскае свята — Уваскрэсенне распятага Хрыста. На дзясяты дзень Пасхі адзначаецца Радаўніца. У гэты дзень на могілках памінаюць памерлых. У валачобных песнях пяецца: «Радаўніца — сталы засцілаюць, Дзядоў памінаюць». Існаванне Радаўніцы ў наш час тлумачыцца душэўнай патрэбай жывых ушаноўваць памяць памерлых.

Май — яго сучаснай літаратурнай назве адпавядае назва «травень», якая паходзіць ад слова «трава», бо ў гэтым месяцы зямля пакрываецца зелянінай. У пачатку мая адзначаецца старадаўняе земляробчае свята першага выгану кароў — Юрый (Ягорый, Георгій). Юрый — апякун жывёлы і земляробства (у дахрысціянскі перыяд гэтыя функцыі выконваў Ярыла).

Чэрвень — пачатак лета. Назва яго тлумачыцца чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару. 22 чэрвеня — самы доўгі дзень года (працягваецца больш за 17 гадзін) і самая кароткая ноч. Дзень летняга сонцастаяння продкі беларусаў здаўна адзначалі святам Купалле ў ноч з 23 на 24 чэрвеня паводле старога стылю. Гэта вельмі старажытнае абрадавае свята Сонца і агню, багоў урадлівасці і росквіту зямлі. Яно пад рознымі назвамі вядомае ўсім індаеўрапейскім народам. У паданнях расказваецца, быццам бы ў купальскую ноч расліны размаўляюць паміж сабой, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. На купальскім свяце вельмі пашыранай была варажба. Дзяўчаты і хлопцы загадвалі, што чакае іх у будучыні. Купальскія вераванні і легенды ў Беларусі адлюстроўвалі міфалагічны бок светапогляду старажытнага чалавека.

У чэрвені асноўны занятак селяніна — нарыхтоўка сена. Людзі заўважалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж — увесь месяц будзе сухі.

Ліпень — назва месяца паходзіць ад ліпы — дрэва, якое цвіце менавіта ў гэтую пару. Ліпень дорыць чалавеку спелыя лясныя ягады, першыя грыбы.

Жнівень — літаратурная назвва, якой адпавядае народнае слова «серпень» (ад слова «серп»), што таксама дакладна адлюстроўвае прыродныя асаблівасці гэтай пары. Яшчэ ў пачатку месяца заканчвалася ўборка азімых, затым убіраліся пшаніца, ячмень, авёс і інш.

У жніўні спраўлялася адно са свят хлеба — Трэці Спас. Шмат дзе адзначалі Дажынкі — свята канца жніва. Гэта знайшло адлюстраванне ў прыказках: «Трэці Спас хлеба прыпас», «Кожная хата ў жніўні багата».

Верасень — слова, што паходзіць ад назвы верасу — расліны, якая цвіце ў канцы лета і пачатку восені. 22 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства, даўжыня дня і ночы становіцца аднолькавай. У верасні назіраецца вяртанне цяпла — Бабіна лета — пачатак жаночых сельскагаспадарчых работ. У гэтым жа месяцы пачыналіся сялянскія вяселлі. У верасні адзначалася Узвіжанне — свята «закрывання» зямлі на зіму. У гэты дзень не хадзілі ў лес, бо лічылася, што там збіраюцца ў клубкі гадзюкі і вужы, каб схавацца ў норы на зіму. У цара гадзюк на галаве меліся залатыя рожкі. У назіраннях за прыродай пераважна арыентаваліся на паводзіны птушак, якія, адлятаючы ў вырай, забіралі з сабой лета. «Узвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла».

Кастрычнік — дзясяты месяц года. Яго назва паходзіць ад слоў «кастрыца», «кастра» — так называецца здраўнелая частка сцябліны лёну: у гэты час сяляне часалі, трапалі лён, з якога ападала шмат кастрыцы. Кастрычнік у Беларусі не надта багаты на святы. Яго асноўнае свята — Пакровы (14 кастрычніка). Да гэтага дня сяляне стараліся закончыць палявыя работы, падрыхтавацца да зімы. Пакроў заўсёды чакалі, бо было ўжо значна менш працы, працягваліся асеннія вяселлі. У народзе казалі: «Пакрова — дзеўка гатова», «Пакрова прайшла — дзеўка замуж не пайшла».

Лістапад — месяц, назва якога тлумачыцца вельмі проста: канец ападання лісця з дрэў. У старажытнасці гэты апошні месяц восені меў яшчэ назву «грудзень» (ад слова «груды» — замёрзлая зямля). У пачатку лістапада адлятаюць апошнія чароды птушак. Вёска на нейкі час вызваляецца ад сельскагаспадарчых работ. У гэты перыяд дзяўчаты збіраліся на вячоркі, для чаго наймалі хату на ўсю зіму ў якой-небудзь удавы або ў беднай сям’і. У ходзе вячорак дзяўчаты пралі кудзелю і спявалі. Да іх прыходзілі хлопцы, каб паглядзець на дзяўчат і паслухаць іх спевы. На працягу зімы рабілі тры-чатыры вялікія вечарыны, для чаго запрашалі музыкаў.

Снежань — гэта апошні месяц каляндарнага года, які атрымаў назву ад слова «снег». 21 або 22 снежня бывае самы кароткі дзень года (7—8 гадзін). У гэтым месяцы ўся асноўная праца сялян праходзіла ў хаце. Доўгімі зімовымі вечарамі ў хаце гарэла лучына, жанчыны браліся ткаць кросны, мужчыны займаліся дробным рамяством.

Такім чынам, залежнасць жыцця і працы селяніна ад прыродных стыхій вымушала яго выконваць разнастайныя абрады, прымеркаваныя да пэўных падзей і строга рэгламентаваныя часам. Адпаведна чатыром порам года існавалі чатыры вялікія святы: зімой — Каляды, вясной — Вялікдзень, летам — Купалле, восенню — Пакровы, вакол якіх групаваліся іншыя.

Увогуле, традыцыйная культура Беларусі была неаддзельная ад побыту народа. Яна адпавядала яго духоўным патрэбам, густам і здольнасцям, забяспечвала пераемнасць і развіццё культурных традыцый, жыццёвага вопыту.

2. Пісьменства і літаратура

Найбольш раннія ва Усходняй Еўропе ўзоры тэкстаў, напісаныя кірыліцай, датуюцца першай трэццю Х ст. Сістэматычнае выкарыстанне кірыліцы пачалося з 70-х гг. Х ст., што звязана са зборам, улікам і апячатваннем даніны спецыяльнымі замкамі-цыліндрамі (пломбамі).

Разам з прыняццем хрысціянства ўмацоўвалася сувязь з Візантыяй праз запрашэнне адтуль прапаведнікаў. Каля 1000 г. у Ноўгарадзе мясцовыя жыхары пісалі ўжо тэксты на царкоўнаславянскай мове. На княжацкіх пячатках актыўна выкарыстоўваліся кірыліца і грэчаскі алфавіт. Перакладаліся богаслужэбныя кнігі. Таксама пачалі пісаць свае казанні і жыціі мясцовыя рэлігійна-асветніцкія дзеячы.

У ХІ—ХІІІ стст. пашырылася пісьменнасць сярод нязнатнага насельніцтва беларускіх зямель. Аб гэтым сведчыць распаўсюджанне бытавога пісьма на васковых таблічках і бяросце. На тэрыторыі Беларусі карысталіся пераважна табліч­камі: археолагі знайшлі больш за 50 пісалаў па воску. Пісалы вядомыя з ХІ ст. Іх выраблялі спачатку з косці, а пазней з жалеза, пакрытага цынкам ці меддзю. Перавагай васковых таблічак была іх шматразовасць — ​верхні слой заціраўся лапаткай, затым вострым канцом пісала наносілі новы запіс. Падобны від пісьма існаваў да з’яўлення паперы. Таксама ў Беларусі карысталіся і таннай бяро­с­тай. Археолагі знайшлі тры берасцяныя граматы: дзве ў Мсціславе і адну ў Віцеб­ску. Надпісы на іх датычацца штодзённага жыцця гараджан. Найбольш старажытная берасцяная грамата (ХІ ст.) знойдзена ў Ноўгарадзе. Яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацка або Віцебска. Берасцяную грамату канца ХІІІ ст. выявілі ў Віцеб­ску. У ёй Сцяпан просіць Няжылу купіць яму «жыта за 6 грыўняў». У фраг­менце граматы пачатку ХІІІ ст. з Мсціслава гаворыцца аб пакупцы пшаніцы на 4,5 грыўні.

Падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі Беларусі выяўлены прадметы ХІІ ст., у асноўным прасліцы і амфары, з надпісамі. Яны фіксуюць тагачасныя імёны, а таксама асаблівасці лексікі: «Настасино праслен» (Пінск), «Ярополче вино» (Пінск), «Бабино праслен» (Віцебск). У Берасці быў знойдзены самшытавы грэбень, на якім выразаны 13 літар алфавіта ад «А» да «Л». Ён лічыцца самым старажытным букваром на тэрыторыі Беларусі.

Зусім іншы тып пісьма сярэднявечнай Беларусі — ​гэта графіці (надпісы на сценах цэркваў або на надмагільных і межавых камянях). У большасці сваёй яны носяць памінальны характар, утрымліваюць зварот да Бога з заклікам абараніць аўтара надпісу. Такі надпіс уяўляўся самым слушным і непасрэдным спосабам звароту да Бога, і верагоднасць дапамогі, як лічылася, узрастала пры дакладным указанні імя просьбіта, яго паходжання ці царкоўнага сану. Надпіс ХІ ст. быў выўлены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вялікім плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія будавалі сабор: «Давид, Тоума, Микоула», а таксама «Петъръ, Воришъ».

Помнікамі пісьменнасці ў Беларусі з’яўляюцца надпісы ХІІ ст. на валунах. Так, полацкі князь Барыс (памёр у 1129 г.) загадаў выбіць крыжы і кароткія надпісы з яго імем на вялікіх валунах (Барысавы камяні). Тое ж зрабіў на велізарным камяні вышынёй у 3 м яго сын Рагвалод у 1171 г. (Рагвалодаў камень).

Пячаткі мясцовых князёў атрымалі распаўсюджанне з канца Х ст. Гэты працэс быў звязаны з пашырэннем перапіскі і заключэннем міжнародных дагавораў. На пячатцы змяшчалі, як правіла, вобраз святога-ахоўніка і надпіс імя ўладальніка. У Тураве, Бярэсці, Ваўкавыску былі выяўлены пячаткі з надпісамі тураўскага князя Ізяслава Яраславіча. Свінцовыя «віслыя» пячаткі з надпісамі знойдзены ў Гомелі, Гародні, Віцебску, Пінску. На пячатцы з Менскага замчышча змяшчалася выява святога Глеба.

Гісторыя Старажытнай Русі была прад­стаўлена ў летапісах. Яны з’явіліся ва Усходняй Еўропе ў ХІ ст. У аснове большасці ўсходнеславянскіх летапісаў знаходзіцца тэкст «Аповесці мінулых гадоў». Магчыма, існаваў Полацкі летапіс, але яго арыгінал не знойдзены. З верагоднасцю можна казаць і пра існаванне Новагародскага летапісу. Навукоўцы мяркуюць, што з гэтага твора падрабязная інфармацыя аб дзейнасці князёў Міндоўга і Войшалка трапіла на старонкі Галіцка-Валынскага летапісу XIII ст.

Асноўную частку сярэднявечнай літаратуры складалі царкоўныя тэксты. Найбольшае пашырэнне атрымалі áпракасы, або выпісы з тэкстаў евангелляў, размешчаныя у пэўнай паслядоўнасці, каб іх было зручна чытаць падчас царкоўнай службы. Да такіх кніг адносіцца Тураўскае евангелле ХІ ст. Гэта самая старажытная рукапісная кніга на тэрыторыі Беларусі. Яна была напісана царкоўнаславянскай мовай, аздоблена вялікімі загаловачнымі літарамі-ініцыяламі, намаляванымі чыр­вонай, зялёнай і сіняй фарбамі.

Акрамя службовых царкоўных кніг ва Усходняй Еўропе сталі з’яўляцца тэксты павучальнага характару. Да іх адносяцца жыціі святых — ​біяграфіі людзей, якія ахвяравалі сваё жыццё служэнню Богу і царкве. Жыційная літаратура (агіяграфія) выкарыстоўвалася для выхавання, чыталася не толькі ў манастырах, але і пры двары князя і баяр. На тэрыторыі Беларусі былі створаны жыціі Ефрасінні Полац­кай і Кірылы Тураўскага. Таксама адукаваныя людзі чыталі пра жыццё князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба, ігумена Аўраамія Смаленскага і інш.

Найбольшую папулярнасць набылі «Словы» тураўскага епіскапа Кірылы. Яго называлі «Златавустам». «Словы» заўважалі няправільныя паводзіны як князя, так і простага чалавека, указвалі на парушэнні хрысціянскай маралі, паказвалі, як трэба выпраўляцца.

Найбольш каштоўнымі помнікамі пісьменнасці з’яўляюцца рукапісныя кнігі ХІ—ХІІІ стст. Іх пісалі на пергаменце. Рукапісныя аркушы складвалі ў сшыткі. Вокладкамі служылі дзве дошкі, а сама кніга мела выгляд скрынкі. Перапісванне кніг праводзілася пры манастырах, а часцей нават пры рэзідэнцыях епіскапаў. Гэтай справай займаліся прафесійныя перапісчыкі. Кнігі яны аздаблялі каляровымі мініяцюрамі і загалоўнымі літарамі. Кнігі былі дарагімі рэчамі. На іх кошт уплывалі матэрыял, якасць аздаблення (чарніла і фарбы).