§ 22-2. Узмацненне Контррэфармацыі

3. Праблема дысідэнтаў у Рэчы Паспалітай

Дзяржаўная канфесійная палітыка Рэчы Паспалітай разам з войнамі сярэдзіны XVII ст. і перамогай Контррэфармацыі прывяла да абвастрэння так званага дысідэнцкага пытання. Дысідэнтамі называлі асоб некаталіцкага веравызнання. У Рэчы Паспалітай да дысідэнтаў адносілі прыхільнікаў антытрынітарызму, кальвінізму, лютэранства і інш., а пасля Берасцейскай уніі і праваслаўных.

Прававыя гарантыі рэлігійнай цярпімасці ў адносінах да дысідэнтаў былі замацаваны Варшаўскай канфедэрацыяй 1573 г. Потым гэтыя гарантыі па­цвярджалі ўсе выбраныя каралі Рэчы Паспалітай. Пазней пануючае становішча заняло каталіцтва, што вымушала дысідэнтаў звяртацца за падтрымкай да сусед­ніх дзяржаў. Гэта, у сваю чаргу, распальвала ў Рэчы Паспалітай ганенні супраць дысідэнтаў.

Надзвычай востра дысідэнцкае пытанне паўстала на «нямым сойме» 1717 г., дзе ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай вырашаліся праз пасрэдніцтва расійскага цара Пятра І. Сойм дазволіў дысідэнтам праводзіць правінцыяльныя саборы, але забараніў вольныя набажэнствы, якія дазваляліся ў прыватных дамах без пропаведзяў і без спеваў.

Дысідэнты ВКЛ актыўна карысталіся падтрымкай замежных дзяржаў. На працягу ўсяго XVIII ст. Прусія і Расія, вырашаючы свае палітычныя пытанні, прадастаўлялі адзінаверцам у Рэчы Паспалітай фінансавую і ваенную дапамогу. Асаблівае значэнне ў гэтай палітыцы апякунства мела дзейнасць Пятра І. У абарону праваслаўных расійскі манарх неаднойчы ўздымаў на міжнародным узроўні пытанне аб іх правах, вёў перамовы з Рымам, накіроўваў сваіх прад­стаўнікоў на беларускія землі і нават фізічна распраўляўся з тымі, хто абражаў праваслаўе.

У выніку праводзімай палітыкі ў другой палове XVII — ​першай палове XVIII ст. з 200 пратэстанцкіх абшчын у ВКЛ засталося толькі 38. У праваслаўных адабралі каля 200 цэркваў.

Для вяртання сваіх палітычных і рэлігійных правоў дысідэнты арганізавалі ў 1767 г. Торуньскую канфедэрацыю (пратэстанцкая шляхта) і Слуцкую канфедэрацыю (праваслаўная і пратэстанцкая шляхта). Расія выкарыстала гэтыя канфедэрацыі як падставу для пашырэння свайго ўплыву ў Рэчы Па­спалітай.

Такім чынам, становішча праваслаўнага і кальвінісцкага насельніцтва ў Беларусі было складаным. У той жа час канфесійная сітуацыя на беларускіх землях у другой палове XVII — ​XVIII ст. выглядала ўнікальнай, што тлумачыцца пэўнымі фактарамі:

1) дзейнасцю тут самай шматлікай у Рэчы Паспалітай кальвінісцкай абшчыны, якая карысталася падтрымкай замежных манархаў;

2) пражываннем праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай пераважна на этнічнай тэрыторыі Беларусі, дзе захавалася апошняя ў Рэчы Паспалітай права­слаўная епархія і дзейнічалі буйны́я праваслаўныя цэнтры ў Драгічыне, Слуцку, Смаленску і інш.;

3) суіснаваннем і супрацоўніцтвам дысідэнцкіх канфесій і іх апекуноў паміж сабой;

4) невысокай шчыльнасцю каталіцкіх парафій;

5) паступовым пашырэннем уніі.