§ 22-2. Узмацненне Контррэфармацыі

1. Асаблівасці Контррэфармацыі ў ВКЛ

Спецыфіка Контррэфармацыі на Беларусі заключалася ў тым, што яна была накіравана і супраць пратэстантызму, і супраць праваслаўя. Беларускім землям у планах Ватыкана адводзілася роля плацдарма для пранікнення касцёла ў Маскоўскую дзяржаву і далей — у Азію, да Кітая.

Контррэфармацыю актыўна падтрымалі каралі Рэчы Паспалітай. Стафан Баторый граматай ад 27 сакавіка 1577 г. забараніў будаваць у Вільні некаталіцкія храмы і школы. Жыгімонт ІІІ Ваза называў сябе езуіцкім каралём. На хвалі Контррэфармацыі была заключана Берасцейская царкоўная унія і створана ўніяцкая царква.

У другой палове ХVІІ — пачатку ХVІІІ cт. адбывалася клерыкалізацыя культуры, яе падпарадкаванне царкве. Навуковыя веды абвяшчаліся грахоўнымі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лацінская мова. На Беларусі былі страчаны многія бліскучыя дасягненні навукі і культуры папярэдніх стагоддзяў, узровень адукацыі панізіўся. Масавая паланізацыя шляхты Беларусі праз акаталічванне ўскладніла працэс кансалідацыі беларускай народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці.