Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 22-2. Узмацненне Контррэфармацыі

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: § 22-2. Узмацненне Контррэфармацыі
Надрукаваны: Гость
Дата: Нядзеля 19 Травень 2024 12:30

1. Асаблівасці Контррэфармацыі ў ВКЛ

Спецыфіка Контррэфармацыі на Беларусі заключалася ў тым, што яна была накіравана і супраць пратэстантызму, і супраць праваслаўя. Беларускім землям у планах Ватыкана адводзілася роля плацдарма для пранікнення касцёла ў Маскоўскую дзяржаву і далей — у Азію, да Кітая.

Контррэфармацыю актыўна падтрымалі каралі Рэчы Паспалітай. Стафан Баторый граматай ад 27 сакавіка 1577 г. забараніў будаваць у Вільні некаталіцкія храмы і школы. Жыгімонт ІІІ Ваза называў сябе езуіцкім каралём. На хвалі Контррэфармацыі была заключана Берасцейская царкоўная унія і створана ўніяцкая царква.

У другой палове ХVІІ — пачатку ХVІІІ cт. адбывалася клерыкалізацыя культуры, яе падпарадкаванне царкве. Навуковыя веды абвяшчаліся грахоўнымі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лацінская мова. На Беларусі былі страчаны многія бліскучыя дасягненні навукі і культуры папярэдніх стагоддзяў, узровень адукацыі панізіўся. Масавая паланізацыя шляхты Беларусі праз акаталічванне ўскладніла працэс кансалідацыі беларускай народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці.

2. Дзейнасць езуітаў

Для пашырэння і насаджэння каталіцкай веры ў ВКЛ выкарыстоўваліся розныя сродкі, але галоўнай сілай быў ордэн езуітаў. Першыя езуіты з’явіліся тут у 1569 г. У Княства былі накіраваны таленавітыя багасловы, прапаведнікі, літаратары. Пры падтрымцы каралеўскай улады пачалі будавацца езуіцкія касцёлы ў стылі барока, набажэнствы ў іх былі шыкоўнымі і багатымі, выкарыстоўваўся арган. Таксама манахі-езуіты стваралі тэатры, бібліятэкі, адкрывалі аптэкі, прыюты для дзяцей. Езуіты ўзялі пад кантроль школьную адукацыю. Яны запрашаліся ў дамы шляхты ў якасці хатніх настаўнікаў, дзе насаджалі каталіцкія ідэі. Езуіты адкрылі на тэрыторыі ВКЛ свае навучальныя ўстановы (калегіумы) і праз іх ўплывалі на свядомасць моладзі.

Езуіцкая адукацыя, атрыманая ў калегіумах Берасця, Пінска, Новагародка, Гародні, Менска, Віцебска, Слуцка, Магілёва, вызначалася высокім узроўнем. Тут маглі вучыцца дзеці, якія належалі да розных канфесій. На выхадзе ўсе яны станавіліся шчырымі прыхільнікамі каталіцтва. Таксама езуіты займаліся дабрачыннасцю і аказвалі медыцынскую дапамогу насельніцтву. Свае красамоўныя пропаведзі яны часта прамаўлялі на беларускай мове, на ёй жа вялося выкладанне ў Полацкім калегіуме. На беларускую мову перакладаліся свяшчэнныя кнігі. За пяць гадоў дзейнасці езуітаў толькі ў Вільні ў каталіцтва вярнулася каля 6 тысяч чалавек.

Таксама на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі кляштары, калегіумы, «шпіталі» і іншыя ўстановы, якія належалі 17 мужчынскім каталіцкім манаскім ордэнам і 7 жаночым. Абноўленае каталіцтва хутка выцесніла пратэстантызм на тэрыторыі ВКЛ. Стала планавацца ліквідацыя праваслаўя.

Езуіты галоўнай сваёй задачай бачылі вяртанне ў каталіцтва пратэстанцкіх і праваслаўных феадалаў. У пачатку ХVІІ ст. да каталіцкай царквы далучыліся 47 самых уплывовых магнацкіх праваслаўных родаў: Сапегі, Валовічы, Чартарыйскія, Храптовічы і інш. Усё гэта значана аслабіла пазіцыі Рэфармацыі. Напрыклад, адзін з сыноў Мікалая Радзівіла Чорнага — Мікалай Крыштоф Сіротка — нават прымусіў кальвіністаў пакінуць падначаленыя яму гарады: Нясвіж, Клецк, Койданава і інш.

Не чураліся езуіты і гвалтоўных, прымусовых мер у адносінах да іншаверцаў: закрывалі іх школы, друкарні, палілі кнігі, учынялі пагромы. Напрыклад, толькі Віленскі кальвінісцкі збор чатыры разы зведаў пагромы, арганізаваныя езуітамі, былі цалкам спалены яго архіў і бібліятэка.

Дзейнасць езуітаў на Беларусі можна ацэваць па-рознаму, але трэба разумець, што менавіта іх актыўнасць спрыяла заняпаду ідэй Рэфармацыі, значна аслабіла рэфармацыйны рух, спрыяла ўмацаванню пазіцый каталіцкай царквы. Нельга адмаўляць і значнасць пазітыўнага ўплыву езуітаў на стан адукацыі, школьнай справы, развіццё кнігадрукавання, тэатральнага жыцця, культурна-асветніцкую і дабрачынную дзейнасць. Да канца ХVІІ ст. контррэфармацыя ў ВКЛ канчаткова перамагла.

3. Праблема дысідэнтаў у Рэчы Паспалітай

Дзяржаўная канфесійная палітыка Рэчы Паспалітай разам з войнамі сярэдзіны XVII ст. і перамогай Контррэфармацыі прывяла да абвастрэння так званага дысідэнцкага пытання. Дысідэнтамі называлі асоб некаталіцкага веравызнання. У Рэчы Паспалітай да дысідэнтаў адносілі прыхільнікаў антытрынітарызму, кальвінізму, лютэранства і інш., а пасля Берасцейскай уніі і праваслаўных.

Прававыя гарантыі рэлігійнай цярпімасці ў адносінах да дысідэнтаў былі замацаваны Варшаўскай канфедэрацыяй 1573 г. Потым гэтыя гарантыі па­цвярджалі ўсе выбраныя каралі Рэчы Паспалітай. Пазней пануючае становішча заняло каталіцтва, што вымушала дысідэнтаў звяртацца за падтрымкай да сусед­ніх дзяржаў. Гэта, у сваю чаргу, распальвала ў Рэчы Паспалітай ганенні супраць дысідэнтаў.

Надзвычай востра дысідэнцкае пытанне паўстала на «нямым сойме» 1717 г., дзе ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай вырашаліся праз пасрэдніцтва расійскага цара Пятра І. Сойм дазволіў дысідэнтам праводзіць правінцыяльныя саборы, але забараніў вольныя набажэнствы, якія дазваляліся ў прыватных дамах без пропаведзяў і без спеваў.

Дысідэнты ВКЛ актыўна карысталіся падтрымкай замежных дзяржаў. На працягу ўсяго XVIII ст. Прусія і Расія, вырашаючы свае палітычныя пытанні, прадастаўлялі адзінаверцам у Рэчы Паспалітай фінансавую і ваенную дапамогу. Асаблівае значэнне ў гэтай палітыцы апякунства мела дзейнасць Пятра І. У абарону праваслаўных расійскі манарх неаднойчы ўздымаў на міжнародным узроўні пытанне аб іх правах, вёў перамовы з Рымам, накіроўваў сваіх прад­стаўнікоў на беларускія землі і нават фізічна распраўляўся з тымі, хто абражаў праваслаўе.

У выніку праводзімай палітыкі ў другой палове XVII — ​першай палове XVIII ст. з 200 пратэстанцкіх абшчын у ВКЛ засталося толькі 38. У праваслаўных адабралі каля 200 цэркваў.

Для вяртання сваіх палітычных і рэлігійных правоў дысідэнты арганізавалі ў 1767 г. Торуньскую канфедэрацыю (пратэстанцкая шляхта) і Слуцкую канфедэрацыю (праваслаўная і пратэстанцкая шляхта). Расія выкарыстала гэтыя канфедэрацыі як падставу для пашырэння свайго ўплыву ў Рэчы Па­спалітай.

Такім чынам, становішча праваслаўнага і кальвінісцкага насельніцтва ў Беларусі было складаным. У той жа час канфесійная сітуацыя на беларускіх землях у другой палове XVII — ​XVIII ст. выглядала ўнікальнай, што тлумачыцца пэўнымі фактарамі:

1) дзейнасцю тут самай шматлікай у Рэчы Паспалітай кальвінісцкай абшчыны, якая карысталася падтрымкай замежных манархаў;

2) пражываннем праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай пераважна на этнічнай тэрыторыі Беларусі, дзе захавалася апошняя ў Рэчы Паспалітай права­слаўная епархія і дзейнічалі буйны́я праваслаўныя цэнтры ў Драгічыне, Слуцку, Смаленску і інш.;

3) суіснаваннем і супрацоўніцтвам дысідэнцкіх канфесій і іх апекуноў паміж сабой;

4) невысокай шчыльнасцю каталіцкіх парафій;

5) паступовым пашырэннем уніі.

Пытанні і заданні

1. Чым адрознівалася Контррэфармацыя ў ВКЛ і ў краінах Заходняй Еўропы? Якія формы і асаблівасці Контррэфармацыі на беларускіх землях вы можаце адзначыць? Пакажыце спецыфіку правядзення Контррэфармацыі ў ВКЛ у выглядзе схемы.
2. Вызначце мерапрыемствы на карысць каталікоў, якія праводзіліся ў ВКЛ падчас Контррэфармацыі.
3. Ахарактрызуйце дзейнасць езуітаў на тэрыторыі ВКЛ.
4. Назавіце галоўныя вынікі Рэфармацыі і Контррэфармацыі ў ВКЛ. Складзіце схему або ментальную карту.
5. У чым заключалася праблема дысідэнтаў у ВКЛ?
 6. Па рашэнні ЮНЕСКА 16 лістапада адзначаецца Сусветны дзень цярпімасці як заклік да ўзаемаразумення паміж народамі, незалежна ад іх рэлігіі і расы. Што б сказалі ў гэты дзень славутыя ўдзельнікі Рэфармацыі і Контррэфармацыі? Выкажыце свае думкі ад імя М. Радзівіла Чорнага, С. Буднага, П. Скаргі.