§ 22-2. Узмацненне Контррэфармацыі

2. Дзейнасць езуітаў

Для пашырэння і насаджэння каталіцкай веры ў ВКЛ выкарыстоўваліся розныя сродкі, але галоўнай сілай быў ордэн езуітаў. Першыя езуіты з’явіліся тут у 1569 г. У Княства былі накіраваны таленавітыя багасловы, прапаведнікі, літаратары. Пры падтрымцы каралеўскай улады пачалі будавацца езуіцкія касцёлы ў стылі барока, набажэнствы ў іх былі шыкоўнымі і багатымі, выкарыстоўваўся арган. Таксама манахі-езуіты стваралі тэатры, бібліятэкі, адкрывалі аптэкі, прыюты для дзяцей. Езуіты ўзялі пад кантроль школьную адукацыю. Яны запрашаліся ў дамы шляхты ў якасці хатніх настаўнікаў, дзе насаджалі каталіцкія ідэі. Езуіты адкрылі на тэрыторыі ВКЛ свае навучальныя ўстановы (калегіумы) і праз іх ўплывалі на свядомасць моладзі.

Езуіцкая адукацыя, атрыманая ў калегіумах Берасця, Пінска, Новагародка, Гародні, Менска, Віцебска, Слуцка, Магілёва, вызначалася высокім узроўнем. Тут маглі вучыцца дзеці, якія належалі да розных канфесій. На выхадзе ўсе яны станавіліся шчырымі прыхільнікамі каталіцтва. Таксама езуіты займаліся дабрачыннасцю і аказвалі медыцынскую дапамогу насельніцтву. Свае красамоўныя пропаведзі яны часта прамаўлялі на беларускай мове, на ёй жа вялося выкладанне ў Полацкім калегіуме. На беларускую мову перакладаліся свяшчэнныя кнігі. За пяць гадоў дзейнасці езуітаў толькі ў Вільні ў каталіцтва вярнулася каля 6 тысяч чалавек.

Таксама на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі кляштары, калегіумы, «шпіталі» і іншыя ўстановы, якія належалі 17 мужчынскім каталіцкім манаскім ордэнам і 7 жаночым. Абноўленае каталіцтва хутка выцесніла пратэстантызм на тэрыторыі ВКЛ. Стала планавацца ліквідацыя праваслаўя.

Езуіты галоўнай сваёй задачай бачылі вяртанне ў каталіцтва пратэстанцкіх і праваслаўных феадалаў. У пачатку ХVІІ ст. да каталіцкай царквы далучыліся 47 самых уплывовых магнацкіх праваслаўных родаў: Сапегі, Валовічы, Чартарыйскія, Храптовічы і інш. Усё гэта значана аслабіла пазіцыі Рэфармацыі. Напрыклад, адзін з сыноў Мікалая Радзівіла Чорнага — Мікалай Крыштоф Сіротка — нават прымусіў кальвіністаў пакінуць падначаленыя яму гарады: Нясвіж, Клецк, Койданава і інш.

Не чураліся езуіты і гвалтоўных, прымусовых мер у адносінах да іншаверцаў: закрывалі іх школы, друкарні, палілі кнігі, учынялі пагромы. Напрыклад, толькі Віленскі кальвінісцкі збор чатыры разы зведаў пагромы, арганізаваныя езуітамі, былі цалкам спалены яго архіў і бібліятэка.

Дзейнасць езуітаў на Беларусі можна ацэваць па-рознаму, але трэба разумець, што менавіта іх актыўнасць спрыяла заняпаду ідэй Рэфармацыі, значна аслабіла рэфармацыйны рух, спрыяла ўмацаванню пазіцый каталіцкай царквы. Нельга адмаўляць і значнасць пазітыўнага ўплыву езуітаў на стан адукацыі, школьнай справы, развіццё кнігадрукавання, тэатральнага жыцця, культурна-асветніцкую і дабрачынную дзейнасць. Да канца ХVІІ ст. контррэфармацыя ў ВКЛ канчаткова перамагла.